| | | | Нашыя суродзічыДзьмітры ФАЛЬКОЎСКІ 3.10.1898 – 17.12.1934Міхась ШВЭДЗЮК, Англія У Беларусі нарадзілася шмат выбітных людзей: пісьменьнікаў, паэтаў, кампазытараў, нобелеўскіх ляўрэатаў, палітыкаў, палкаводцаў, актораў, бізнэсоўцаў і іншых, якія ўзбагацілі іншыя народы, пераважна Польшчы і Расеі. Нашыя землякі таксама працавалі на карысьць Украіну, Чылі, ЗША, Ізраіль, Францыю ды іншых краінаў. Хачу ўспомніць тут нашага земляка Дзьмітрыя Фалькоўскага (сапраўднае прозьвішча Ляўчук, а па-ўкраінску Дмитро Фальківський), які пісаў паэмы, вершы на ўкраінскай мове і гэтым узбагаціў украінскую літаратуру.
Нарадзіўся ён у вёсцы Вялікія Лепасы Кобрынскага павету на Берасьцейшчыне ў хатцы “з маленькім вакном”. Вялікія Лепасы ляжаць паблізу ракі Мухавец. Між іншым, некаторыя крыніцы падаюць іншую дату ягонага нараджэньня 3-га лістапада 1898 году.
Нарадзіўся ён у спалітызаванай сям’і хлебаробаў. Бацькамі былі Нічыпар сын Васіля і Марыя дачка Герасіма. Любіў ён сваіх родных і асабліва цёплымі словамі ўспамінаў сваю маці. Напрыклад, у адным з сваіх вершаў ён зь пяшчотаю піша: “Скажы: чы ж магу я забыць тваі зэлень-зэлені вочы...?” Маці ўліла ў чулую душу свайго сына любоў да прагажосьці, да мілагучных, сумна-лірычных палескіх песьняў, да прыроды Палесься. Усё гэта засталося ў ягонай памяці на ўсё жыцьцё, аб чым ён часам успамінаў, напраклад: “Я стаўся пеўцам свайго Палесься...”
Бацькі будучага паэта клапаціліся аб ягонай навуцы, паслалі да Кобрынскага гарадзкога вучылішча, а потым да расейскай гімназіі ў Берасьці (1912-1915). У гімназіі здольны хлопец захапіўся літаратурай і ў 14 гадоў пачаў пісаць вершы. Можна дадаць, што колішняя гімназія сталася пазьней, у савецкія часы, часткаю пэдінстытуту, а потым унівэрсытэту імя А. С. Пушкіна. Першая сусьветная вайна перарвала вучобу ў гімназіі, і з прыходам нямецкага кейзераўскага войска на Палесьсе малады Дзьмітры стаўся... рэвалюцыянэрам. Быць можа сьмерць дзеда Ігната, які загінуў у 1905 годзе ў баях з царскімі жандарамі, спрычынілася да ягонага рэвалюцыянэрства. У сваёй паэме “1905” ён успамінае дзеда Ігната.
Падчас грамадзянскай вайны Дзьмітры Фалькоўскі (тады яшчэ Ляўчук) уступіў у шэрагі падпольнай арганізацыі РКП(б), якая была ўтвораная ў 1918 годзе. А ў 1920-23 гадох ён быў сябрам Надзвычайнай Камісіі (ЧК) у Беларусі. Адным словам, будучы паэт стаўся чэкістам! Ваяваў з контрэвалюцыянэрамі і быў гэтым задаволены, каб потым з гонарам пісаць, што “... гады найпрыгажэйшыя правёў у таварыстве рушніцы і багнэта...”
Пасьля перамогі палякаў над Чырвонай арміяй каля Варшавы ў 1920 годзе на Палесьсе прыйшло польскае войска. Маладому чэкісту не было выбару, трэба было ўцякаць з адступаючымі бальшавікамі на ўсход. Апынуўся ў Гомелі. У 1923 годзе пераехаў у Кіеў. Ажаніўся з расейкай зь Сібіры. Зьмяніў прозьвішча зь Ляўчук на Фалькоўскі.
Цяжка сёньня сказаць, чаму ён зьмяніў прозьвішча. Магчыма, дзеля таго, што быў чэкістам, бо тады было ў модзе мяняць прозьвішчы для чэкістаў і рэвалюцыянэраў. Аднак, чаму ён выбраў прозьвішча Фалькоўскі? Ён добра ведаў нямецкую мову, у якой слова “falke” (фалькэ) азначае “сакал”. Магчыма гэта сталася прычынаю такога выбару?
У Кіеве Дзьмітры Фалькоўскі распачынае сваю літаратурную дзейнасьць. Ён уваходзіць у кіеўскае літаратурнае аб’еднаньне “Ланка” і пачынае друкавацца з 1924 году. На працягу наступных сямі гадоў Дзьмітры Фалькоўскі пасьпеў выдаць паэмы “Чэкісты” (1924) і “Чабан” (1925), а таксама паэтычныя зборнікі “Далягляды” (1927), “На пажарышчы” (1928), “Палесьсе” (1931). У сваіх паэмах ён апісваў героіку і трагізм грамадзянскай вайны, апяваў прыгажосьць свайго, ужо страчанага, Палесься. Пісаў ён таксама санэты, спрабаваў сябе ў прозе і публіцыстыцы.
Дзьмітры Фалькоўскі перакладаў творы беларускіх (Я. Пушча), расейскіх і нямецкіх паэтаў.
Некаторыя ягоныя вершы сталі народнымі песьнямі. Вось, напрыклад, ягоны верш-песьня аб Палесьсі:
Очерет мені був за колиску, В болотах я родився і зріс. Я люблю свою хату поліську... Я люблю свій зажурений ліс... Що там тропики, пишні пампаси!
Загляньте но в пущу до нас!... Я отдав би за неї одразу І Тібет, і Урал, і Кавказ.
А поліське похмурне болото? Пів Полісся вода залила... Тільки де- не- де хутір самотній, Тількі де- не- дэ клаптик села. Хоч у злиднях живемо, у бруді, Так призвілля яке на весні, Колі виставіш вітрові груди, І летиш, і летиш на човні. А вода і хлюпоче і плаче, Захлинається в лютій злобі. Ну скажіть, в кого серце гаряче, Як весну на весні не любить? І укриють бескраї простори Білокурі чайки і човни, Тільки слухай як води говорять В буйным заспіві свята весни... Тільки слухай, як хвилі хлюпочуть, Зайвий рух – і за обрій заскочиш, Зайвий рух – і на вік пропадеш...
Хоць Дзьмітры Фалькоўскі быў калісьці чэкістам, але ў сваіх творах ён стараўся аб’ектыўна глядзець на трагічныя старонкі грамадзянскай вайны. Такія погляды паэта не падабаліся камуністычнаму кіраўніцтву, якое прытрымлівалася вядомай лёгікі “хто ня з намі, той супраць нас”. У адрас паэта пасыпаліся пагрозы і паклёпы...
Былы чэкіст лепш за іншых ведаў, што яго можа чакаць за такія свае погляды і творы. Ён, напэўна, прадчуваў, што чорная хмара, якая навісла над ягонаю галавою некалі абрынецца на яго лавінаю. Такі пэсымістычны настрой лёгка заўважыць у наступным прарочым вершы:
І прийду розбитий, і прийду порожній. А куди – не знаю... Чи ж не все одно? Мрійником родився, здохну подорожнім, Як приблудна сука під чужим вікном.
І не вийде батько... І не стане мати, Руки заломивши в ревному плачі, - Тільки пес голодний, тільки пес кудлатий Лапами облапить труп мій уночі.
І трагедыя адбылася у канцы 1934 году, калі калегія Вярхоўнага суду СССР пад кіраўніцтвам В. Ульрыха (галоўнага вайсковага праўніка) абвінаваціла Д. Фалькоўскага і іншых прадстаўнікоў украінскай культуры “ў арганізацыі падрыхтоўкі тэрарыстычных актаў супраць дзеячоў савецкай улады...” Вырак быў сьмерць праз расстрэл бяз права апэляцыі. Праз два дні пасьля абвешчаньня выраку, 17 сьнежня 1934 году, Дзьмітры Фалькоўскі быў расстраляны. Так абарвалася жыцьцё маладога таленавітага ўкраінскага паэта і нашага земляка-палешука. Было яму тады толькі 36 год.
Калі верць украінскім крыніцам, то ні бацька Нічыпар, ні маці Марыя, якія перажылі сына на 17 і 20 гадоў адпаведна, так ніколі і не даведаліся пра сьмерць свайго любага сына.
Дзьмітры Фалькоўскі быў рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |