| | | | Выстава Міколы КупавыВіталь ЗАЙКА3 чэрвеня ў грамадзкай залі пры Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылося адкрыцьцё выставы знакамітага беларускага мастака Міколы Купавы. Выстава, якая названая “Постаці зямлі Беларускай”, прысьвечана 125-годзьдзю нараджэньня беларускіх нацыянальных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Напачатку выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, які прадставіў мастака ўсім прысутным. Затым сакратар Нью Ёрскага аддзелу БАЗА Валя Якімовіч пачытала вершы “За свабоду” Янкі Купалы і “Дуб” Якуба Коласа.
Др. Вітаўт Кіпель прывітаў мастака ад імя Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Ён адзначыў, што аднаўляецца добрая традыцыя беларускіх мастацкіх выставаў у грамадзкай залі пры Саборы. Традыцыя бярэ пачатак ад 1962 году, калі адбылася выстава мастака Віктара Жаўняркевіча. Затым былі выставы Міхася Наумовіча, Саўкі Міхальскага, Ірэны Рагалевіч, Пётры Мірановіча, Івонкі Сурвіллы, Юзіка Казьлякоўскага, Галіны Русак. Летась прайшла выстава Алеся Шатэрніка, і вось сёньня маем гонар вітаць сп. Купаву.
Др. Кіпель даў кароткую характэрыстыку творчасьці беларускіх мастакоў у Амэрыцы і адзначыў, што П. Мірановіч адзным зь першых стаў маляваць творы на амэрыканскія тэмы, і ягоны твор на тэму Брукліна, які зьявіўся на вокладцы кнігі “Беларускія эмігранты” быў перададзены ў музэй іміграцыі пры Статуі Свабоды. Др. Кіпель адзначыў асноўныя агульныя выставы, дзе дэманстравалася беларускае мастацтва, і заўважыў, што на выставе ў гонар 100-годзьдзя беларускіх песьняроў Купалы і Коласа ў Нью Ёрскай Публічнай Бібліятэцы дэманстраваліся, сярод іншых мастацкіх твораў, і лінарыты Міколы Купавы. Ён таксама адзначыў, што родам з Воршы, як і сп. Купава, быў а. Францішак Дзеружынскі, які быў адным зь першых выхадцаў зь Беларусі, хто пакінуў сьлед у гісторыі Амэрыкі.
Затым да прысутных зьвярнуўся сам мастак. Ён падзякаваў усім, хто прыйшоў на адкрыцьцё выставы, і тым, хто спрычыніўся да ягонага прыезду ў ЗША, у тым ліку сп. Паўлу Купаву і ягонай сям’і. Сп. Купава адзначыў, што на гэтай выставе ўсё зьвязана з тэматыкай нацыянальнага змаганьня і адраджэньня, тут няма “пустых краявідаў”. Кожная выява асобы, будынку, мясьціны нясе ў сабе адлюстраваньне гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Тут і Ўсяслаў Полацкі, і Рагнеда, сьв. Еўфрасіньня і сьв. Кірыла Тураўскі, князь Астроскі, Т. Касьцюшка і К. Каліноўскі, Купала і Колас, Наваградзкі замак, Купалавы Акопы, Менск, Вільня, Пінск, Нясьвіж.
Сп. Пазьняк адзначыў, што Мікола Купава менавіта нацыянальны мастак, і акрамя гэтага таксама дасьледчык беларускай мінуўшчыны і беларускай культуры, як дарэчы амаль усе мастакі суполкі “Пагоня”, у якую ўваходзіць сп. Купава. Усе ягоныя творы выкананыя з улікам гістарычных дэталяў і рэаліяў дадзенага гістарычнага пэрыяду.
Затым слова ўзяў сп. Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён узгадаў савецкія часы, калі студэнты, сярод якіх быў і ён, кантактавалі і сябравалі з старэйшымі — З. Пазьняком, мастакамі М. Купавам, А. Марачкінам. Калі выйшла кніга дзя дзяцей “Сіняя сьвіта налева пашыта”, там ці не ўпершыню ў савецкім выданьні зьявіліся выявы беларускага нацыянальнага сьцягу. Ілюстратарам кнігі быў сп. Купава. У гонар мастака бард засьпяваў пад гітару сваю песьню “Баляда пра князя”, у якой апісваецца легендарнае паходжаньне беларускага нацыянальнага сьцягу.
Напрыканцы спн. Валя Якімовіч падзялілася ўспамінам пра тое, як у канцы савецкіх часоў дзеячы новай хвалі беларускага адраджэньня, у тым ліку і сп. Мікола Купава, мелі сустрэчу з моладзьдзю ў школе, дзе тады працавала спн. Якімовіч, і які ўплыў тая сустрэча зрабіла на жыцьцёвы выбар многіх з школьнікаў, што далучыліся да “Талакі”, падтрымалі БНФ і барацьбу за незалежнасьць.
Прысутныя маглі агледзець прадстаўленыя на выставе творы, і пагутарыць з іх аўтарам. 
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |