Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Сустрэчы ў Лёндане

Мікола ПАЧКАЕЎ, Намесьнік Старшыні ЗБВБ

Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі ў сераду 16-га траўня 2007 году зарганізавала сустрэчу сяброў ЗБВБ, прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Англіі, беларускіх студэнтаў у Вялікай Брытаніі з сп. Аляксандрам Мілінкевічам, Старшынём палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Сустрэча адбывалася ва ўтульнай залі беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў паўночным Лёдане, якая, нягледзячы на працоўны дзень і позні час, ледзьве зьмяшчала ўсіх прысутных. Адметнае і прыемнае ўражаньне пакінуў факт, што пераважную частку аўдыторыі складала моладзь.

Уступным словам сустрэчу распачала Старшыня ЗБВБ спадарыня Лёля Міхалюк, якая сардэчна прывітала госьця ды падзякавала яму за тое, што, нягледзячы на шчыльны графік візыту ў Вялікай Брытаніі, той знайшоў час сустрэцца зь беларускай грамадой.

Затым Сакратар ЗБВБ сп. Сяргей Пяткевіч коратка распавёў прысутным пра гісторыю заснаваньня і дзейнасць ЗБВБ – арганізацыі, якая цягам ўжо больш 60-ці гадоў яднае беларусаў на брытанскіх выспах. Асаблівая ўвага прысутных была засяроджаная на тым, што ЗБВБ ад пачатку свайго існаваньня і па сёньняшні дзень цьвёрда стаіць на груньце беларускіх нацыянальных мэтаў: нацыянальна-дзяржаўных ідэалаў незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, ідэялаў Акту 25-га Сакавіка, а таксама падтрымкі Рады БНР.

Спадар А. Мілінкевіч акрэсьліў прысутным асаблівасьці бягучай сытуацыі у Беларусі, ахарактэрызаваў дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі, падрабязна распавёўшы пра будучыю тактыку і стратэгію сваёй дзейнасьці. Аўдыторыя ўважліва слухала выступоўцу і заканчэньне прамовы сустрэла гучнымі воплескамі.

У часе далейшых пытаньняў і адказаў закраналіся тэмы, якія тычыліся ў асноўным праблемаў яднаньня апазыцыі ды стасункаў паміж лідэрамі партыяў; тактычных захадаў аб’яднанай апазыцыі што да вулічных акцыяў і агітацыйных матар’ялаў; магчымых сцэнараў перамогі дэмакратычных сілаў; бачаньня палітычнага ладу (прэзыдэнцкая, парлямэнцкая рэспубліка), эканамічнага ладу (рынкавая, ліберальная, сацыяльна арыентаваная мадэлі) у Беларусі пасьля зьмены ўлады, месца краіны ў міжнародным кантэксьце (шлях эўрапейскай інтэграцыі, яднаньне з Расеяй).

Сп. А. Мілінкевіч шчыра і адкрыта адказваў на пытаньні, асабліва падрабязна тлумачыў прычыны памылак ды бягучых недасканаласьцяў у фармаваньні палітыкі.

Афіцыйная частка сустрэчы завяршылася пад музыку сябра ЗБВБ спадара Сяржука Вінаградава, які натхнёна і па-майстэрску зайграў на гітары, а аўдыторыя падхапіла словы цудоўных беларускіх песьняў.

Напрыканцы сустрэча перайшла ў неафіцыйны фармат, у часе чаго сп. А. Мілінкевічу адказваў на шматлікія пытаньні, тлумачыў, спрачаўся, даводзіў свой пункт гледжаньня і пераконваў суразмоўцаў па разнастайных тэмах сучаснага беларускага жыцьця на Бацькаўшыне і ў замежжы.

* * *

У нядзелю 20 траўня 2007 году ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў паўночным Лёндане адбылася арганізаваная Згуртаваньнем Беларусаў у Вялікай Брытаніі сустрэча прадстаўнікоў беларускай грамады з сп. Андрэям Дыньком, шэф-рэдактарам, рэдактарам сайту газэты “Наша Ніва”. Шаноўнага госьця прадставіла прысутным Старшыня ЗБВБ спн. Л. Міхалюк, пасьля чаго намесьнік старшыні сп. М. Пачкаеў нагадаў прысутным аб гісторыі “Нашай Нівы”, яе значэньні ў мінулым і сучаснасьці беларускага грамадзкага жыцьця і культуры ў Беларусі і ў замежжы.

У сваёй прамове сп. А. Дынько прапанаваў прысутным глыбокі і цікавы разгляд працэсаў, якія адбываюцца сёньня ў грамадзкім і культурным жыцьці Беларусі. У сваіх адказах на шматлікія пытаньні прысутных ён распавёў таксама аб праблемах і пэрспэктывах газэты “Наша Ніва”, аб асабістым досьведзе грамадзкай асьветніцкай дзейнасьці ў Беларусі. Аўдыторыя зь цікавасьцю даведалася аб гісторыі напісаньня “Турэмнага дзёньніка” – твору, уганараванага нядаўна прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. Сп. Дынько зазначыў таксама важнасьць ролі, якую для лепшай будучыні Беларусі мусіць і надалей адыгрываць беларуская супольнасьць замежжа.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы