Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Купальле ў Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне праводзіла 23-24 чэрвеня адзначэньне традыцыйнага беларускага сьвята Купальля, якое адбылося ў мясьціне Крос Рывар на поўнач ад Нью Ёрку. У цудоўным лесе, на палянкі на маляўнічым пагорку зьехаліся каля 50 чалавек, што адгукнуліся на заклік правесьці Купальле. Вялікую працу падрыхтоўкі пляцоўкі для сьвята ўзялі на сябе, ужо ня першы раз, спадарства Алена і Пётр Рыжыя. Удзельнікі, большасьць зь якіх была апранутая ў беларускія народныя строі, знаёміліся і калегаваліся між сабою.

Калі зайшло сонца, было раскладзенае вогнішча, і пачалося традыцыйнае сьвяткаваньне з карагодамі, гульнямі, сьпевамі, якімі кіравала знаўца традыцыйнага фальклёру і душа ўсіх купальскіх сьвяткаваньняў спн. Валя Якімовіч. Былі абраныя цудоўная дзяўчына Купалінка (Аліна) і хлопец Купаліш (Мікіта Агароднік), маладыя выбіралі сабе пары, весела бралі ўдзел у сьвяткаваньні. Разам сьпявалі аўтэнтычныя купальскія песьні. Удзельнікі сьвята скакалі праз вогнішча, а потым пакаштавалі традыцыйнага крупніку. Ледзьве не да раніцы гучэлі каля вагню сьпевы ў выкананьні Сяржука Сокалава-Воюша, Валі Якімовіч, сябра з Баўгарыі Станіслава. Людзі на Купальле зьехаліся з розных куткоў Амэрыкі, завязалася шмат знаёмстваў, і, мажліва, яны займеюць працяг.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы