Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Адкрыцьцё помніка ахвярам камунізму

І Ш С

У аўторак, 12 чэрвеня, у Вашынгтон зьехалася вялікая грамада сяброў Кангрэсу ЗША, палітыкаў, прадстаўнікоў урадаў розных краінаў ды этнічных групаў Амэрыкі з нагоды адкрыцьця першага ў Амэрыцы помніка ахвярам камунізму. Ад беларусаў прысутнічалі на ўрачыстасьці Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, Старшыня БІНіМу др. Вітаўт Кіпель і Старшыня БАЗА Вячка Станкевіч. Заўважалася асабліва шмат прадстаўнікоў былых паняволеных народаў СССР, а таксама Кітаю ды іншых азіяцкіх і цэнтральна-амэрыканскіх краінаў, якія ўжо перажылі або перажываюць камуністычную няволю. Галоўным госьцем і прамоўцам на інаўгурацыі быў Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.

Хоць дакладны лік ахвяраў камунізму не ўстаноўлены, дасюлешнія падлікі сьведчаць пра сто мільёнаў забітых, ня лічачы тых, хто перанёс зьдзекі й пакуты.

Пасьля цырымоніі адкрыцьця помніка сябры беларускай дэлегацыі мелі магчымасьць даць зь дзясятак інтэрвію карэспандэнтам міжнародных СМІ. Была нагода расказаць ня толькі пра фізычнае нішчэньне нашага народу, але й пра этнацыд, пра русыфікацыйную палітыку камуністычнага й сучаснага рэжымаў.

У часе прыняцьця, якое адбылося адразу пасьля інаўгурацыі, прамаўлялі шматлікія чужаземныя госьці. У сваёй прамове др. Вітаўт Кіпель, прывітаўшы прысутную сярод гасьцей Старшыню Рады БНР сп-ню Івонку Сурвіллу, зазначыў, што першай ахвярай камунізму ў Беларусі была Беларуская Народная Рэспубліка, ды што дэмаграфічныя страты беларускага народу ад камунізму скаладюць шэсьць мільёнаў асобаў. Прамоўца прыгадаў час свайго дзяцінства, калі яму ў высылцы разам з бацькамі ў далёкім прыўральскім краі даводзілася бачыць калёны а калёны асуджаных камунізмам ахвяраў.

Галоўнымі прамоўцамі на вячэрным банкеце былі стары прыяцель Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, былы кангрэсмэн, а цяпер сэнатар ад штату Канэктыкут Джоў Лібэрман ды ўдава расейскага праваабаронца Андрэя Сахарава Елена Бонэр. Яна, даўшы аналіз змаганьня з камунізмам, зазначыла, што ейная бацькаўшчына яшчэ не гатовая прызнаць сваю ролю ў злачынствах, учыненых камунізмам.

Тое самае можна сказаць і пра нашу Бацькаўшчыну, дзе дыктатарскі рэжым заміж помнікаў у Курапатах ды іншых месцах масавых расстрэлаў нашых продкаў узносіць помнікі катам беларускага народу Сталіну й Дзяржынскаму.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы