Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Сьв. памяцi

Сьв. пам. Ванда ЧАРНЭЦКАЯ-МАХНАЧ (1919 - 2007)

Са сьвету адыйшоў яшчэ адзін віленчук, гадунец нашаніўцаў. Ванда, тады Чарнэцкая, студыявала мэдыцыну на Ўнівэрсытэце Сьцяпана Батуры ў Вільні, была сяброўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні.

Ванда Чарнэцкая-Махнач праз усё сваё жыцьцё была носьбітам жывое беларускае мовы, была беларускай нацыяналісткай і патрыётаю. Вызначалася ахвярнасьцю. Усё, што чынілася пазытыўнае ў беларускім нацыянальным жыцьці, яна шчодра падтрымоўвала. У Нью Ёрку пад рэдактарствам др. Станіслава Станкевіча выходзіла газэта “Беларус”, і Ванда, тады ўжо Махнач, кожны месяц высылала на “Беларус” $100.

У Канадзе ў 1970-х гадох мінулага стагодзьдзя выходзіў друкам друхтомнік ангельскамоўнага падручніка беларускай мовы “Fundamental Byelorussian” аўтарства Валянтыны Пашкевіч пад рэдакцыяй праф. Антона Адамовіча, і Ванда Махнач, жывучы ў Чыкага, фінансава падтрымоўвала і гэтае выданьне.

У Канадзе ў 1988 годзе будаваўся да 1000-годзьдзя хрысьціянства ў Беларусі Памятны Еўфрасіньнеўскі Крыж. Ванда Махнач і тады была ахвярадаўцам пабудовы Крыжа. Яна ўдзельнічала ў асьвячэньні гэтай сьвятыні 5-га верасьня 1988-га году ў прошчы Паўночна-Амэрыканскіх Пакутнікаў у Мідленд, Антарыё, Канада. Апошняе яе паломніцтва да Крыжа было ў 90-х гадох, калі сярод паломнікаў былі й госьці зь Беларусі, праф. Радзім Гарэцкі і Ганна Сурмач.

На Тройцу, 27 травеня 2007 году, у час паломніцтва да Беларускага Крыжа пад кіраўніцтвам айца Вячаслава, мы маліліся і за супакой душы Ванды Махнач, якая памерла 22, і была пахаваная 25 травеня 2007 году ў Чыкага. Ёй дыло 88 гадоў. Маліліся тады мы ўжо за душы сотняў памерлых будаўнікоў і паломнікаў да Беларускага Сьвятога Месца – Belarusian Shrine. З удзячнасьцю ўспаміналі Натальлю Арсеньневу рэцытацыяй ейнага вершу “Крыж”.

Пазнала я Ванду Чарнэцкую і пасябравала зь ёю пасьля вайны ў Марбурзе, Нямеччына, дзе яна на ўнівэрсытэце студыявала мэдыцыну, а я дантыстыку. Ванда была для мяне аўтарытэтам. Разумная, сьціплая, трымала сябе з годнасьцю, усе яе шанавалі й любілі.

Бывай дарагая Ванда – увасабленьне розуму, дабра і прыгажосьці. Вечная табе памяць, а душы супакой.

Раіса ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ


Сьв. пам. Віктар ЛІПСКІ (1929 - 2007)

Паляшук-вуніят Віктар Ліпскі быў беcкампрамісным патрыётам, цьвёрдым як крэмень. Ягоны бацька і дзед былі пісьменнымі людзьмі і аддана працавалі на карысьць грэка-каталіцкага веравызнаньня.

20-гадовым хлопцам Віктар апынуўся ў Аўстраліі, працаваў на розных праектах, зарабляючы вялікія грошы ды ўкладаючы іх у свой багаты дом і касу ашчаднасьці. Віктар быў нязьменным сябрам управы Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу ад заснаваньня ў 1973 годзе аж да сваёй сьмерці. Ён ніколі не саромеўся дастаць свой кашалёк і заўсёды быў першым на падпісным лісьце ахвяраў на беларускія патрэбы. Увесь час выпісваў беларускія газэты, купляў усё, што выдавалася ў замежжы і карыснае для Беларусі.

Памёр Віктар раптоўна, пакінуўшы ў смутку брата ў Польшчы, былую жонку Барбару і сына Віктара. Пахаваны на беларускай сэкцыі могілак Руквуд.

Няхай лёгкай табе будзе надгробная зямля, а ў нас пра цябе захаваецца вечная памяць.

Сябры


Сьв. пам. Юзэфа ТАРАСЭВІЧ (1927 - 07.ІV.2007)

У вялікую суботу перад Вялікаднем, 7-га красавіка, адыйшла ў вечнасьць, скончыўшы 80 гадоў жыцьця, Юзэфа (Юзя) Тарасэвіч, сястра некалькі год таму памерлага біскупа Уладзімера Тарасэвіча. Пахаваная нябожчыца была 13 красавіка на могілках манастыра Сьв. Пракопа ў Лойл, Ільліной. Там пахаваны абодва яе браты, Уладзімер і Пранціш, яе маці і дзядзька а. Янка Хрызастом Тарасэвіч. Вечная памяць ім усім!

15-га красавіка румыны, якія перабралі нашую беларускую царкву Хрыста Збаўцы 20 ліпеня 2002 году і маюць цяпер сваю царкву Сьвятых Пятра і Паўла, ладзілі памінкі ў гонар Юзэфы Тарасэвіч пры ўдзеле неаторых былых беларускіх парафіянаў.

Пасьля службы й паніхіды ў царкве быў таксама наладжаны для ўсіх прысутных пачастунак у царкоўнай залі. Юзя жыла пры царкве Хрыста Збаўцы многа гадоў і шмат дапамагала для нашай беларускай царквы пры 3107 Вэст Фульлертон Авэню ў Чыкага, а пасьля і румынам.

Юзэфа паходзіла зь вёскі Клешнякі непадалёк ад гораду Ліды ў Беларусі.

Вітаўт РАМУК


Сьв. пам. Янка ЯНОВІЧ (10.04.1923 - 19.05.2007)

Янка Яновіч нарадзіўся ў ваколіцы Азярніца сяла Лохва ў Беларусі.

Пасьля вайны апынуўся ў Заходняй Эўропе. У 1947-51 гадох працаваў на капальнях у Бэльгіі.

У Злучаныя Штаты прыехаў у 1951 годзе. Працаваў на цукроўні ў Брукліне, а пазьней пераехаў жыць у горад Томс Рывэр у штаце Нью Джэрзі.

Увесь час належаў да БАПЦ, спачатку да прыходу Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, а пасьля пераезду ў Нью Джэрзі да парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Гайленд Парку. Быў добрым парафіянінам і сьведамым беларусам.

Пакінуў у вялікім смутку жонку Валю, дачок Галіну і Сьвятлану і сына Міхася.

Вечная памяць дарагому мужу і бацьку.


Сьв. пам. Язэп ШКОДА

(1920 - 2007)


Да пачатку 2-й Сусьветнай вайны Язэп працаваў на бацькоўскай гаспадарцы. Вясной 1944 году ўступіў у БКА, а летам таго-ж году павярнуў на Захад перад надыходзячым фронтам. Апынуўся на поўдні Нямеччыны ў беларускім лягеры ДП Міхэльсдорф, адкуль у красавіку 1948 году эміграваў у Аўстралію. Ён быў у першым беларускім транспарце маладых хлапцоў у гэтую краіну. Усе яны мелі кантракт з аўстралійскім урадам на два гады працаваць там, дзе прызначаць, як сплату падарожжа з Эўропы. Закончыўшы кантракт, хлопцы паразьяжджаліся ў большыя гарады, пераважна Сыднэй і Мэльбурн.

У 1950 годзе Язэп разам з Уладзімерам Клуніцкім паказалі першую беларускую выставу на аўстралійскім кантынэньце ў Нацыянальным музэі Канбэры. У тым-жа 1950 годзе быў створаны Беларускі Культурна-Асьветны Клюб, першым старшынём якога і быў Язэп Шкода. Клюб гэты ладзіў пераважна танцавальныя вечарыны, якія карысталіся даволі добрым посьпехам і давалі някепскі прыбытак. Калі зьявіліся грошы – пачаліся і сваркі. Стварыўся апазыцыйны клюб, як прыватны бізнэс, а незадоўга, у 1954 годзе, абедзьве арганізацыі закрыліся.

У 1973 годзе быў зарэгістраваны Беларускі Культурна-Грамадзкі Клюб, які існуе да сёньня. Язэп быў доўгагадовым сябрам управы Клюбу, адданым беларускім патрыётам. Ён заўсёды быў у першых радох працаўнікоў на карысьць Беларусі.

Пахаваны Язэп на бэларускай сэкцыі могілак Руквуд.

Вечны супакой – вечная памяць. Хай будзе табе пухам прыязная аўстралійская зямля.

Сябры


Трохі аб cьв. памяці Хведару КАЖАНЕВІЧУ

Пазнаёміўся я з Хведарам Кажаневічам у 1950-я гады мінулага стагодзьдзя ў Манчэстэры, Англія. Адразу зрабіў ён на мяне прыемнае ўражаньне. Шматгадовае і цеснае сяброўства потым цалкам апраўдала першае ўражаньне.

Нябожчык быў добрым мужам і бацькам. Цаніў навуку. Дзеля гэтага паслаў дзяцей да прыватнай і платнай школы.

Быў ён сьціплым чалавекам. Не хваліўся сваім шляхецкім паходжаньнем, не рабіў зь сябе героя за ваенныя дзеяньні на фроньце ў Італіі. Ведаў, як трэба абходзіцца зь людзьмі, і за гэта людзі паважалі і шанавалі яго.

Нябожчык меў дабразычлівую і шчодрую натуру. Падтрымліваў фінансава розныя беларускія ўстановы, часапісы, газэты, кнігі і г. д. Праз доўгія гады вельмі шмат дапамагаў пачкамі радні ў Беларусі.

Цешыўся ён, што Беларусь здабыла незалежнасьць. А сумныя весткі з Бацькаўшчыны засмучалі яго.

Ён ужо адыйшоў ад нас, але сьветлая памяць аб ім застанецца ў сэрцах ягоных родных, блізкіх і знаёмых.

Міхась ШВЭДЗЮК, Англія


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы