Беларусь 1812: па сьлядах НапалеонаСяргей ДРОЗД, Форт Эры, КанадаСёньня ў некаторых краінах Эўропы й Паўночнай Амэрыкі даволі інтэнсіўна ўзрастае цікаўнасьць людзей да рознага кшталту інфармацыйных матар’ялаў, зьвязаных проста ці ўскосна з падзеямі 1812 году. Ужо акрэсьліўся і бачыцца нейкі накірунак у разуменьні і ацэнках гісторыі 200-гадовай даўніны. Фактычна гэты рост цікаўнасьці пачаўся з тэрыторыі Беларусі і па ўзрастаючай ахапіў іншыя краіны. У Менску – гэта зьмястоўныя артыкулы В. Каліноўскага, у Празе – гэта аўдыцыі Радыё Свабода, у Канадзе – салідныя праекты Камітэта Ніягарскага Парку, на тэрыторыі якога французы некалі пабудавалі цытадэль – Форт Эры. Камітэт абвесьціў мастацкі конкурс разьбы па дрэву і мае намер сабраць “усё пра вайну 1812 году” (“Niagara this week” 20 кастрычніка 2006 году).
Беларусь упершыню амаль за 200 гадоў пасьля 1812 года стала прыцягваць пільную ўвагу гісторыкаў, дасьледчыкаў і турыстаў. І не выпадкова, бо патэнцыйныя залежы французкіх сьлядоў тут зусім не раскрытыя. Каштоўнасьць сытуацыі перш за ўсё ў тым, што Беларусь была для Напалеона галоўным пляцдармам у яго геапалітычных і мілітарных плянах на ўсход. Туды, у “дзікую” Расею, праз усю Беларусь Напалеон ішоў пераможна, з узьнятымі высока штандарамі, трыўмфальна пад гукі літаўр. Адносна лёгка пераадольваліся водныя пераправы празь Нёман у раёне Коўна і Горадні.
Іншым быў шлях назад, адступленьне. Тая самая вайсковая армада, па-сапраўднаму прыгожая ў сваёй бліскучай уніформе, за некалькі месяцаў ператварылася ў стракаты натоўп: зьнік баявы дух – навісла сьмяртэльная катастрофа.
Гэта сталася 27-29 лістапада 1812 году ў Беларусі на рацэ Бярэзіне ля вёскі Студзёнка. Тут на беразе беларускай ракі і ў яе водах загінула больш за 20 000 жаўнераў войска французкага імпэратара. Па іншых зьвестках, як лічыць мясцовы краязнаўца В. Рэянтовіч з Барысава, у раёне Бярэзіны загінула каля 50 000 жаўнераў адзінаццаці нацыянальнасьцяў, якія служылі ў французкім войску. Увогуле, напалеонаўская авантура каштавала Беларусі мільён яе карэнных жыхароў. Загінула чвэрць яе насельніцтва (“10 вякоў беларускай гісторыі”. Вільня 2002, У. Арлоў, Г. Сагановіч).
Мінула 195 гадоў пасьля гібелі французкага войска. У лістападзе 2006 году на рацэ Бярэзіне праходзілі дні памяці ў гонар жаўнераў-французаў. Цырымонія прайшла ў лепшых традыцыях хрысьціянства: два сьвятары, праваслаўн і каталіцкі, служылі паніхіду, гучалі гімны і артылерыйскія салюты. Аркестар палявых войскаў Францыі выканаў свой нацыянальны гімн. Ганаровая варта зь менскіх клюбаў была пранутая ў формы расейскага і фрнцузкага войскаў 1812 году. На гэты раз перазахавалі толькі адну труну з парэшткамі французаў. Чакаецца, што пазьней тут вечны спачын знойдуць усе 224 французкія жаўнеры, знойдзеныя год таму ў Вілейскім раёне.
Цырымонія адбывалася вакол абеліска, які ўсталяваў Фэдынанд Банкур, дырэктар Цэнтра напалеонаўскіх дасьледваньняў, аўтар і спонсар. На цырымонію прыехалі ягоныя калегі, дзеці й унукі. Так унучка Ф. Букура Энлянтын Гранье сказала: “Тут так хораша, і Бярэзіна крыху меншая, яым я думала. Але сёньня ня так холадна. А я ўяўляла сьнег і мароз, калі людзі змагаліся тут і паміралі на марозе ў непагадзь. Тады тут быў мароз – 29С”. Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі пазытыўна ўспрыняў ініцыятыву беларускага боку і запэўніў, што на узьбярэжжы ракі Бярэзіны будуць пабудаваныя іншыя манумэнты, царква і мэмарыяльны музэй.
Што ёсьць адметнае ў паходзе Напалеона празь Беларусь? Стратэгічны посьпех на пачатковым этапе, калі ўзброеныя французы ішлі наперад пераважна парадна маршавымі шыхтамі. Такую сытуацыю абумовілі дзьве прычыны. Па-першае, на тэрыторыі Беларусі была завершаная першаяч стратэгічная апэрацыя пад назваю “Нёман-Віленская”. Прыпала яна на чэрвень 1812 году, калі брат Напалеона Жэром Банапарт з войскам у 65 000 авалодаў Горадняй. Жэрома падтрымліваў маршал Даву, ідучы насустрач з-пад Вільні з 50 000 жаўнераў. Па-другое, тутэйшая шляхта хлебам-сольлю сустракала вызвольнікаў. Шмат хто зь беларускай шляхты верылі ў прэстыж Банапарта і пад ягонымі сьцягамі змагаліся супраць расейскага агрэсара. “Напалеон – наш вызваліцель” – цешыліся яны. У сваю чаргу імпэратар Францыі дэкляраваў адрадзіць ранейшую гістарычную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Напалеон – адзіны зь вялікіх палітыкаў, хто станоўча ацэньваў беларускую нацыянальную ідэю.
На зямлі Беларусі засталося мноства безіменных курганоў. Іх немагчыма падлічыць. Нездарма ў папулярнай песьні гучаць вось такія словы; “Колькі ў нас курганоў, старыны ўспамінаў, колькі песень у нас, дзіўных казак былінаў”. І ўсё-ж такі гісторыкі, археолягі і этнографы зрабілі падлік. На іх думку, больш за 2400 курганоў розных формаў і памераў і ясны дзень, і ў цёмную ноч гавораць пра гісторыю беларускага краю пад чужым панаваньнем.
Кажуць, што бег часу загойвае раны, сьцірае сьляды. Так яно ці не, але французкая мілітарная прысутнасьць у Беларусі канчаткова ня зьнікла. Яе сьляды сустракаюцца ў мове, фальклёры й культуры нашага народу пераважна ў спэцыфічных назвах, як “напалеонаўскі тракт” (шырокая дарога каля Смургоняў і Горадні), “французкая грэбля” (сухі насып зь пяску і жвіру ля вёскі Коматава), “напалеонаўская пераправа” (празь Нёман у Перакопе), “віславушка”, “віславушніца” (суконная шапка). Тутэйшае насельніцтва на свой лад вымаўляе слова “француз”. Літара “ф” у іхным вымаўленьні гучыць як “п”. Замест слова “француз” вымаўляюць “пранцуз” ці “хранцуз”.
Два аб’екты з часоў вайны 1812 году інтрыгуюць аматараў сэнсацыйных небыліц і шукальнікаў скарбаў – залатая карэта імпэратара і залаты скарб. Згадваюцца геаграфічныя каардынаты – карэта знаходзіцца на ілістым дне ракі Бярэзіны або ў адным з балотных азёраў Палескай нізіны на Берасьцейшчыне. Сьляды залатога скарбу цьмянейшыя. Вядома толькі, што пры адступленьні фігуравалі дзьве драўляныя кадушачкі залатых манэт для выплаты афіцэрам. У архівах удалося напаткаць толькі адну істотную дэталь – “палявы скарб” быў закапаны ноччу на палетку мясцовага прыяцеля пад каменем. У канцы ХІХ стагодзьдзя сюды з Францыі прыяжджаў госьць з мэтаю адшукаць скарб, але безвынікова. Той камень, які мусіў быць знакам ідэнтыфікацыі месца, зьнік – нехта з сялян забраз каменную глыбу ў падмурак пад жытло. Адзін дылетант пытаўся, ці ёсьць шанец знайсьці скарб? Адказ быў: “Лепш позна, чым ніколі”. Сучасныя тэхналёгіі сёньня адкрываюць новыя магчымасьці.
Але ня ўсё зьнікла ў нетрах зямлі. Нешта з чужых уплываў засталося ў сьвядомасьці народу. Так, у беларускай трывіяльнай камэдыі “Энэіда навыварат”, напісанай па матывах антычнага эпасу Вігілія “Энэіда”, знаходзім дзьве гістарычныя постаці 1812 году – Кутузава і Банапарта. Гэтыя два вобразы з вышэйшага рангу нацыянальных герояў параўноўваюцца на фоне бурлівага мора з траянскім асілкам Энэем, калі “вятры ўцякалі дамоўкі, як ад Кутуза Банапарт”. Трошкі незразумелым зьяўляецца рашэньне аўтара ўжыць імя Кутуза замест нарматыўнага Кутузаў. Ён зрабіў гэта, магчыма, ня столькі для захаваньня рыфмы, колькі для стылю, паколькі ўсечаны суфікс –ов надаў параўнаньню адметную афарбоўку і запамінальнасьць.
Пра гістарычны шык французаў у 1812 годзе мы можам даведацца з паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча. Наш зямляк, стаўшы польскім клясыкам, вельмі яскрава апісаў сцэну сустрэчы французаў у старажытным Наваградку. Поруч з французкімі калёнамі стаялі палкі беларускіх дабраахвотнікаў, шараговых жаўнераў і афіцэраў. У квецені і сонечных промнях зіхацелі харугвы, надаючы ўсёй панараме рамантычную сьвяточнасьць. А. Міцкевіч назваў гэтую частку свайго твору “Наваградзкая вясна 1812”.
Падагульняючя гаворку пра французкія сьляды, мы лягічна наблізіліся да пытаньня, чаму напярэдадні 200-годзьдзя вайны 1812 году Беларусь набывае такі высокі статус прыцяжэньня і становіцца спрыяльным рэгіёнам для падарожжаў, турызму і адпачынку. Заходні госьць адкрые тое, чаго ня здолеў напаткаць ні ў адной іншай краіне сьвету. Сярод многіх прычынаў важнейшым зьяўляецца фактар маральны – жаданьнем сустрэць, адчуць у сабе той дух французкі, які застаўся ў Беларусі навечна.
Бяспрэчна, той, хто вырашыў ажыцьцявіць такую ідэю, аб’ектыўна паспрыяе ўмацаваньню сяброўскіх сувязяў паміж Беларусьсю і Францыяй. Без сумніву, любы візыт у Беларусь будзе каштаваць таньней, чым візыт у які-небудзь іншы куток нашай плянэты. А на дарогах ад Нёмана да Дняпра шмат яшчэ французкага, пакуль што нязьведанага.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.