| | | | «Tav.Mauzer»: мы выйшлі з «Басовішча»!Наша фанатэкаАнатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітыкМінулы год выдаўся ня надта багатым на альбомы лідэраў беларускай рок-музыкі. Гэтую прагаліну ў нацыянальнай фанаграфіі сваімі дыскамі запоўнілі маладыя выканаўцы. Асобнай падзеяй ў гэтым сэньсе стаў выданы БМАgroup дэбютны альбом магілёўскага гурта «Tav.Mauzer» «Радасьць».
Нагадаю, што гурт зьяўляецца пераможцам фэсту «Басовішча-2005», а ягоным удзельнікам уручылі ўзнагароды ад рэдакцыі “Радыё-Беласток” і “Радыё-Палёнія”. Музыкі гэтыя сродкі ня выкінулі на вецер, а выкарысталі для запісу рытм-сэкцыі — бубноў і гітар на прафэсійнай студыі «Rembrant» (Белосток). Усё астатняе запісвалася і “зводзілася” высілкамі айчынных гукарэжысэраў.
Зьяўленьне гурту “Tav.Mauzer» на беларукай рок-сцэне бачыцца сымптаматычным, бо магілеўская рок-тусоўка яе ініцыятарамі і “рухавікамі” праграмавалася калі не варожай, дык, у вялікай ступені, абыякавай да беларускай мовы і нацыянальных культурных традыцыяў. Вось што на гэты конт ў «Музыкальной газете» (№36, 2005 г.) распавядаў адзін з ідэолягаў тамтэйшага «Центра Живого рока»: «У Магілеве... увогуле дамінуюць прарасейскія настроі. Адпаведна, і музыка з ухілам у расейскую традыцыю. Само думаньне людзей, нават праз пятнаццаць год незалежнасьці, зьяўляецца расейска-імпэрскім». (Пераклад рэдакцыі.) Ні больш, ня менш! Нягледзячы на такую адыёзную інтэрпрэтацыю становішча ў гэтым беларускім горадзе і рэгіёне, мясцовыя музыкі сваёй творчасьцю ўсё часьцей абвяргаюць такія «глыбокія» сацыялягічныя высновы лідэраў «Центра…», якія інсьпіруюцца імі дакладна ў духу адыёзнага дацэнта мясцовага ўнівэрсытэту Якава Трашчанка. Той стаў вядомым, калі вынайшоў на замову ідэалягічнай вертыкалі “сапраўдную” гісторыю Беларусі.
Падыходзяць магілеўскія выканаўцы і гурты да справы культуралягічна абгрунтавана – зьвяртаюцца ад тэмаў беларускай народнай музычнай культуры і міталёгіі («Osimira», «Pragnavit»), сьмела экспэрымэнтуюць у нацыянальным рок-рэчышчы («Nevma», «Глюкі»). Сярод іх гурт «Tav.Mauzer», які за кароткі тэрмін уварваўся ў эліту беларускай рок-сцэны, і іхны дэбютны альбом “Радасьць” толькі пацьвердзіў зорны статус магілеўскіх музыкаў і іх бескампрамісную грамадзянскую пазыцыю.
Менская публіка ўпершыню пазнаёмілася зь незабыўным гучаньнем гурта “Tav.Mauzer” яшчэ ў 2004 годзе, на адборным туры фэста «Басовішча». Добра запала ў памяць тое, што слухачы і журы, у якім давялося ўдзельнічаць і аўтару гэтых радкоў, былі захопленыя высокім выканаўчым узроўнем музыкаў і шчыльнай магутнасьцю іх гард-коравага драйву. Дый сцэнічны імідж музыкаў гурта адпавядаў самым сучасным тэндэнцыям. Таму зразумела, што перад тым, як гэты дыск пабачыў сьвет, слухачы задавалі адно і тое-ж пытаньне: а ці будзе на яго гукавых дарожках захаваная тая магутнасьць і мэлядычнасць, якая так прыйшлася ім да густу?
Першая кампазыцыя дыску – intro «Stereo Ўдых» – гэта толькі асьцярожная электронная прэамбула. Заўважым, што ягонае заканчэньне таксама сымбалічнае – «Stereo Выдых». Бачна, што ідэя дыску - раскрыць тыя падзеі, якія адбываюцца ў жыцьці музыкаў паміж уздыхам і выдыхам. Паміж гэтымі працэсамі музыкі прапануюць зрузумець сэнс чалавечага жыцьця, расшыфраваць мэту іхнага прыходу ў гэты няпросты сьвет…
Наступны трэк – «Овердоз» – сваеасаблівае папярэджаньне маладым людзям аб небясьпецы наркатычнай спакусы і залежнасьці ад яе, непазьбежнасьць расплаты за сваё сьмяротнае захапленьне: «Спачатку вас шмат, потым ты адзін». Так музыкі бачаць лёс, які чакае наркамана. Ад іншага віду залежнасьці – інфармацыйнай – музыкі засьцерагаюць сваіх слухачоў у магутнай і рытмічнай песьні «БТ» («Будзь Тупым!»). У беларускіх рэаліях яшчэ невядома, які від залежнасьці страшнейшы. Яшчэ адна актуальная для выканаўцаў гард-кору зьява – супрацьстаяньне распаўсюджваньню фашысцкай ідэалёгіі, расавай нецярпімасьці й ксэнафобіі. Гэтая тэматыка стала лейтматывам кампазыцыі «Hitlier kaput!».
Трэба адзначыць, што гэтыя тэмы не аднойчы станавіліся для рок-выканаўцаў экстрымальных напрамкаў аб’ектам пільнай увагі. Але ў маладой генэрацыі беларускай рок-музыкі толькі гурту “Tav. Mauzer” удалося так пераканаўча вылучыць галоўнае, стварыць яркі вобраз таго ці іншага сацыяльнага фэномэну. І ў гэтай сувязі будзе несправядлівым не адзначыць той унёсак у агульнае гучаньне, які робяць вакалісты гурта «Tav.Mauzer» – Janka (ён-жа аўтар лірыкі) і Bor. Валодаючы рознымі тэмбрамі і дыяпазонамі экстрымальнага вакалу, у сумесным выкананьні салісты дабіваюцца амаль ідэальнага для такога кшталту музыкі стылявога сумяшчэньня, пераканаўча перадаюць псыхалягічныя адценьні свайго лірычнага героя. Нажаль, і гэта часта здараецца з маладымі рок-камандамі, у якіх працуюць два вакалісты, адзін зь іх – Bor пакінуў каманду. Гэта спачатку зьбядніла звыклую шчыльную вакальную палітру гурта, але становішча патроху выпраўляецца – Janka імкнецца спраўляецца на канцэртах за дваіх.
Найаб’ёмней псыхалягізм гурта “Tav. Mauzer” праяўляецца як раз у кампазыцыях сацыяльнага пляну, сярод якіх адзначу «Шызафрэнію», а таксама галоўную песьню «Радасьць». Тэксты, мэлёдыі і самое выкананьне гэтых песень разгортваюць унутранаму зроку слухачоў той супярэчлівы псыхалягічны ландшафт, які сёньня сфармаваны ў краіне, які пануе ў моладзёвым асяродзьдзі. Але гэта не перашкаджае музыкам любіць сваю зямлю і на ўвесь голас казаць пра гэта ў свах кампазыцыях. Напрыклад, у песьні “Я застаюся” альбо ў лірычнай “Калыханцы”, ня гледзячы на татальную дыскрэдытацыю панятка “патрыятызм” у цяперашняй Беларусі, музыкі знаходзяць у сабе сілы яшчэ раз нагадаць, што ў нашым жыцьці застаюцца пачуцьці, якія нельга перакруціць альбо зганіць з дапамогай СМІ пад ідэалягічныя патрабаваньні сёньняшняга палітычнага рэжыму. Можа таму мы і верым, калі музыкі сьпяваюць, то быццам гавораць словамі паўстанцаў Каліноўскага ці герояў Слуцкага збройнага чыну: “Неба, зямлю, паветра, свабоду, сэрца, жыццё, усё, што ёсьць, усё – ахвярую Беларусі!”
Для слухачоў будзе цікавым пазнаёміцца з альбомнымі вэрсіямі песьняў, якія прынесьлі заслужаную папулярнасьць гурту «Tav.Mauzer» – «Беларусь будзе вольнай!» і «Брудная вада». Безумоўна, гэта праграмныя творы музыкаў з Магілеву, якія не адзін месяц узначальвалі гіт-парады незалежных выданьняў і музычных парталаў, гучалі на буйнейшых open-air канцэртах у Менску «Песьні свабоды» і на «Джынсавым фэсьце». Іх папулярнасьць у маладзёвым асяродку загартаваная на плашчы Каліноўскага падчас мінулагодніх вяснавых падзеяў у Менску. Ня кожнай песьні ўдавалася такое ў той час…
Што тычыцца стылістычнай афарбоўкі новага альбому гурта, то ягоная чорна-белая вокладка з выявай дзіцяці, якое сьпіць, зьяўляецца ў нейкім сэнсе падказкай. Менавіта ў такім стылістычным ключы афармляюцца дыскі выканаўцаў моднага сёньня стылю – emo (ад англ. «emotional» – эмацыйны). Таксама і фармальныя рысы музыкі гурта наводзяць на думку пра тое, што мы маем справу зь першым беларускім emo-альбомам. Толькі эмоцыі ў музыкаў не сьлязьліва-плаксівыя, а, наадварот, мужныя і цьвёрдыя. Сярод іншага адзначу шырокі дынамічны дыяпазон гучаньня твораў: ад замаруджана-лагоднага, мэлядычнага да ўраганнага пульсуючага рытму гітарных рыфаў і гранічна жорсткага крыку; своеасаблівая, блізкая да абстракцыі, лірыка…
Такі стылістычны экспэрымэнт і робіць дэбютны альбом гурта “Tav.Mauzer” такім непаўторным і арыгінальным ва ўсёй маладой плыні беларускай незалежнай музыкі і такім прыцягальным для слухачоў, якія чакаюць шчырых мэлёдыяў і хвалюючых тэмаў.
Тым, што адбылося адкрыцьцё і ўзыходжаньне гэтай таленавітай каманды з Магілеву слухачы, увесь беларускі рок-рух абавязаныя фэстывалю «Басовішча». Цяпер у ягоным кіраўніцтве новыя людзі, як і сярод тых, хто ладзіць адборныя туры на «Басовішча» ў Беларусі. Не хацелася, каб паўтарылася сытуацыя, якая мела месца сёлета, калі на «Рок-каранацыі-2006» замест гурта сапраўды агульнанацыянальнай вартасьці (на маю думку, толькі «Tav.Mauzer») «кампэтэнтнае» журы аддало перавагу «майстрам мастацкага шума» з Гомелю – мастацка-безаблічнаму, ангельскамоўнаму гурту «Rasta». Баюся, што гэткая ганебная недарэчнасьць, калі фэст музыкі маладой Беларусі апануюць людзі далекія ад беларушчыны, зноў можа паўтарыцца: дзеючыя асобы сярод арганізатараў – тыя-ж!
Фота аўтара
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |