Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Новыя Кнiгi

Васіль ЯКАВЕНКА. Пакутны век. Трылёгія. Менск. 2006 г. 768 б.

Пасьля выхаду цікавай і вартаснай кнігі “Надлом” было нямала добразычлівых водгукаў ад чытачоў, і гэта, на маю думку, падштурхнула сп. Якавенку распрацаваць свой раман і павялічыць яго яшчэ дзьвума кнігамі, якія ўсе разам склалі трылёгію “Пакутны век”. Дзеля паўнаты трэба дадаць, што кнігі называюцца: “Кабала”, “Надлом” і “Гульня на згубу”.

Выдаўцы трылёгіі зьмясьцілі наступнае кароткае апісаньне кнігаў.

“Трылёгія “Пакутны век” пашырае і працягвае тэму гістарычнага раману “Надлом”. Твор прысьвечаны драме і трагедыі станаўленьня тутэйшых як нацыі і перакідвае мост з нашых дзён у далёкую мінуўшчыну. Шырокі спэктар гістарычных пэрсанажаў – ад Р. Скірмунта, В. Захаркі да Б. Кіта. У эпізодах: Л. Геніюш, Н. Арсеньнева, І. Сталін, А. Гітлер, В. Кубэ, К. Мазураў, Н. Хрушчоў і іншыя сучасьніку постаці. Твор працяты чырвонай ніткай сялянскага роду Пятра Раманавіча (Пісарчука), простага і дасьціпнага, багатага душой чалавека.

Трылёгія прыцягвае ўвагу чытачоў праўдзівасьцю і глыбінёй асэнсаваньня эпахальных падзей, навізной зьместу. Ёй уласьцівы нацыянальны калярыт, зь якога паўстаюць яркія і выразныя характары.”

У “Пакутным веку” апісваюцца падзеі і лёсы розных людзей у Беларусі і замежжы ў мінулым стагодзьдзі. І калі ў “Надломе” галоўнымі героямі былі сям’я Пісарчукоў-Рамановічаў, то ў трылёгіі ўспамінаюцца і апасваюцца і іншыя, у тым ліку ведамыя палітычныя і грамадзкія дзеячы.

Шмат пішацца аб мястэчку Моталь на Палесьсі. Можна дзівіцца, як дэтальна аўтар змог апісаць жыцьцё розных людзей у Моталі да вайны ў 1939-м годзе, савецкія часы (1939-41), нямецкую акупацыю (1941-44), зноў прыход савецкіх “асвабадзіцеляў”, пасьляваеннае калгаснае жыцьцё і т. п. Там больш, наколькі ведама, пісьменьнік ня ёсьць родам з Моталя.

Ні ў адным з вышэйпамянёных пэрыядаў жыцьцё беларусаў не было завіднае. Было яно цяжкае, сумнае, часта трагічнае: цкаваньне аднаго на другога, крадзяжы, забойствы сваімі сваіх былі частымі падзеямі. Да гэтага трэба дадаць боязь перад Саветамі зь іхнымі арыштамі і высылкамі на катаргу нявінных людзей у 1939-41 г.г.

Дык ці трэба дзівіцца, што перад прыходам Саветаў у 1944-м годзе людзі ўцякалі ад іх як некалі ад мангольскага нашэсьця. Уцякалі, бо шмат хто зь іх былі ў сьпісе на арышт і вывазку ў Сібір з 1941 году. Людзі беглі ў Польшчу, Нямеччыну. Усе яны добра ведалі, што чужына іх не абагрэе, але ведалі таксама, што горш як у Сібіры ня будзе.

Аўтар успамінае і апісвае ведамых людзей, якія бралі чынны ўдзел у нацыянальным руху падчас нямецкай акупацыі, а потым на эміграцыі ў Нямеччыне, ЗША ды іншых краінах. Адных ён хваліць, а некаторых крытыкуе. Акрамя гэтага кожны чытач, думаю, знойдзе ў кнізе нешта цікавае і вартаснае дзе-б ён цяпер не знаходзіўся, у Беларусі ці ў замежжы.

У сусьветнай літаратуры многа твораў былі адаптаваныя да кіно. Хочацца спадзявацца, што некалі “Пакутны век” можна будзе таксама пабачыць на экране.

Кніга выйшла невялікім накладам, усяго 1000 асобнікаў. Дык трэба сьпяшацца яе набыць. А калі ўжо не атрымаецца, то абавязкова хоць пазычыць і прачытаць.

Міхась ШВЭДЗЮК, Англія


“Беларусь на крыжы”

Так назвала спадарыня Ніна Аксёнчык свой паэтычны сшытак, які выйшаў друкам у выдавецкай суполцы “Наша Будучыня” ў Вільні ў 1997 г. накладам 1500 асобнікаў. Аўтарка на сшытку зрабіла для мяне подпіс: “Будзе жыць Беларусь! Петрусю Капчыку ад аўтара. 27.07.97 г.” Было гэта ўжо 10 гадоў таму...

Сёньня, калі мне робіцца сумна ад невясёлых рэаліяў нашага жыцьця, я дастаю з шуфляды “Беларусь на крыжы” Ніны Аксёнчык, зь якою я ўпершыню пазнаёміўся ў 1988 годзе – яе верш “Матчына слова” надоўга ўрэзаўся мне ў памяць, бо ягоныя радкі былі сугучнымі маім думкам і перажываньням пра гаротны стан роднае мовы ў Беларусі. Хацелася новых вершаў спн. Аксёнчык, але чакаць на іх давялося аж 9 гадоў, калі лёс нас зьвёў падчас удзелу ў працы ІІ-га Зьезду Беларусаў Сьвету ў Менску ў ліпені 1997 году.

Сшытак вершаў мае 45 бачын, і на кожнай зь іх няўцешны боль за родную краіну, гнеў на здраднікаў і манкуртаў. Часам у вершах адчуваецца безвыходнасьць з той сытуацыі, якая склалася ў Беларусі з роднаю моваю, свабодаю слова, але чытаючы далей пераконваешся, што гэта толькі часовы настрой паэткі. Бо ў большасьці сваіх твораў спн. Аксёнчык, якая нарадзілася на Палесьсі, якое моцна пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, не губляе надзеі, што “Была. Ёсьць. І будзе Беларусь”. З гэтым вершам з згаданага сшытка я хацеў-бы пазнаёміць усіх чытачоў “Беларуса”, каб яны, у не залежнасьці ад таго, дзе жывуць у вольным сьвеце, ведалі, што ў нас ёсьць вельмі таленавітая паэтка, імя якой Ніна Аксёнчык.

“Niema Bialorusi. A to jest Polska”, -
Палякі казалі на веку зыходзе.
А зараз; “Нет Беларуси. Это Россия”, -
Чуем ізноў ад суседа на ўсходзе.
Даўно ўжо палякі ў касьцёлах і сэрцах
Прынесьлі да Бога за грэх пакаяньне.
Гучыць малітоўна, як зорное скерца,
Імшой беларускай сьвятое літаньне.
Сусед жа расеец у шавінісцкім запоі
Ня знае ні Бога, ні радасьці згоды.
Гвалтуе народ мой у пірацкім разбоі
І сее па сьвеце варожасьці ўсходы.
Атрутным, мярцьвячым, захопніцкім дымам
Сьлед яго ў Беларусі дагэтуль пазначан:
Акрываўлены Полацак Пятровым імем,
Дзьвіна галавамі адсечаных плача.
І працінае стагодзьдзі, адлегласьці
Стогн крывічоў – непахісных смаленцаў,
Што самі сябе ўзарвалі ў крэпасьці,
Перад Масквой каб ня стаць на каленцы.
Беларускім прыгонным гарматным мясам
Закідала Масква і французаў, і швэдаў,
І немцаў – апошніх пры памяці часам.
І крычала: “Ніхто заваяваць нас ня зможа.”
Але там, дзе не было Беларусі, -
Паміж Азіяй, Японіяй ды Чачнёю –
Ганебна ўцякалі раскосыя русы,
Бо не адмыліся нашай крывёю.
І зараз зьнішчаючы нашую мову –
Сакральную існасьць душы беларуса –
Ладзіць Масква з сатаною дамову:
Навекі зьмярцьвіць нас, нібы Ісуса.
Зрабіць нас закладнікам ядзернай кары,
Экспэрымэнтаў сьляпымі мышамі.
Як за Магілёвам расстрэльвалі хмары –
Дзеткі-калекі напомняць вам самі.
Расплюшчыце ж вы вочы свае, беларусы.
Божыя дзеці, браты-спадары.
Ды сьвету скажыце, што вы ня трусы,
А на зямлі сваёй гаспадары.

Пятрусь КАПЧЫК


Неверагодны пераход і загадкавы аўтар

Slavamir Rawicz. The long walk. 1955. 240 бачын.

Кніга “The Long Walk” (“Доўгі пераход”) Славаміра Равіча (1915-2004), нашага земляка зь Пінску чытаецца зь цікавасьцю, вялікім напружаньнем і без перапынку. Кніга была напісаная пры дапамозе ангельскага журналіста Дональда Даўнінга і выдадзеная ў 1955 годзе. Кніга адразу сталася сэнсацыяй, і з таго часу было выдрукавана 500 000 асобнікаў на 25 мовах. У кнізе апісваюцца ўцёкі сяміасабовай групы зьняволеных зь лягеру ў Сібіры, якія за 12 месяцаў прайшлі пешкам прыблізна 6000 км. Ішлі яны праз Сібір, Манголію, Тыбэт, Гімалаі, каб дабрацца да Індыі. Арганізатарам і кіраўніком уцёкаў быў аўтар кнігі.

Паводле Равіча, ягоная сям’я мела маёнтак каля Пінска. Маці была “рускаю”, займалася ўпраўленьнем маёнтка. Бацька, паводле словаў аўтара кнігі, маёнткам асабліва не цікавіўся, а ягоным галоўным заняткам было мастацтва, маляваньне краявідаў. Яшчэ да вайны 1939 году Равіч быў паручнікам польскага войска і ўважаў сябе за паляка.

С. Равіч быў арыштаваны Саветамі 19 лістапада 1939 году ў Пінску. Сядзеў у турмах ў Пінску, Менску, Харкаве і ў Маскве на Лубянцы. Судзілі яго ў Маскве за шпіёнства на карысьць Польшы і прыгаварылі да 25 гадоў прымусовай працы ў лягеры. Таварным цягніком яго ды іншых зьняволеных павезьлі ў Іркуцк у лістападзе 1940 году. Адтуль пешкам павялі іх напоўнач у лягер № 303, які знаходзіўся на на паўднёвы-ўсход ад Якуцку. Лягернікі мусілі займацца лесарубкай.

Хутка па прыбыцьці ў лягер Равіч пачаў марыць пра ўцёкі. Падабраў сабе яшчэ шэсьць лягернікаў-аднадумцаў, якія пагадзіліся зь ягоным плянам. У гэтай групе былі: Равіч, два палякі, амэрыканец, латыш, летувіс і югаслаў. З кнігі вынікае, што аб плянах уцёкаў ведала... жонка камэнданта лягера! У сярэдзіне красавіка 1941 году яны ўцяклі зь лягера і накіраваліся пешкам у бок возера Байкал. Там да іх далучылася 17-гадовая полька Крыстына, і ужо васьміасабовая група абыйшла ўсходні бераг Байкала, каб патрапіць у Манголію.

У сярэдзіне чэрвеня 1941 году ўцекачы былі ўжо ў Манголіі. Манголы аднесьліся да іх вельмі добра: запрашалі дахаты на начлег, кармілі й давалі харчы на далейшую дарогу. Так як мэтаю групы была Індыя, то ім трэба было перайсьці пустыню Гобі, Тыбэт і Гімалаі. Па дарозе ад голаду і зьнясіленьня тры асобы памерлі, і адзін чалавек загінуў у Гімалаях. Такім чынам да Індыі змаглі дайсьці толькі Равіч, амэрыканец, латыш і югаслаў. Быў ужо красавік 1942 году.

У Індыі ўцекачоў прынялі ветліва і перадалі брытанскім вайсковым уладам. Прывезьлі іх у Калькутту і паклалі ў шпіталь на лячэньне і расьследаваньне. Равіч папрасіў, каб яго адправілі на Блізкі Ўсход, дзе ўжо было польскае войска. Амэрыканец паехаў да амэрыканскіх уладаў. Што сталася з латышом і югаславам, Равіч нічога ня піша.

Хутка пасьля выхаду кнігі ў 1955 годзе зьявіліся сумнівы наконт праўдзівасьці гэтага маршу-хадзьбы. У Лёндане падчас аўтарскага спатканьня Равіча з палякамі, якія таксама былі ў савецкіх лягерох, ён ня мог даць адказаў на заданыя яму пытаньні. Ангельскія крытыкі таксама мелі засьцярогі што да апісаньня некаторых эпізодаў у кніжцы.

Дык кім быў гэты закадкавы Славамір Равіч?

У газэце “Dziennik Polski” у Англіі ад 8 лістапада 2006 году быў артыкул А Сьвідліцкага, дзе ён напісаў пра ангельскага карэспандэнта Гью Левінсона, які займаўся расьследаваньнямі фактаў, апісаных у кнізе С. Равіча, і асобаю самога аўтара. Журналіст займаўся пошукамі толькі ў вайсковых архівах Лёндану і ў Пінску. Вось некаторыя ягоныя знаходкі:

- дакумэнты ў Лёндане паказалі, што Равіч уступіў у польскае войска ў СССР у 1942 годзе з імём Расьціслаў Русецкі-Равіч пасьля так званай амністыі для былых польскіх грамадзян, гэта значыць у час, калі, паводле кнігі, ён мусіў быць ужо ў Індыі;

- дакумэнты ў Лёндане былі супастаўленыя з дакумэнтамі ў Пінску, і такое параўнаньне паказала, што Русецкі-Равіч і Равіч – гэта адная і тая-ж асоба, бо даты народжаньня і іншыя дадзеныя аднолькавыя;

- у сьпісах лягернікаў у СССР няма імя Славамір Равіч;

- бацька Равіча быў не мастаком, а праваслаўным сьвятаром.

Калі маці Равіча (ці Русецкага-Равіча)народжанага ў Пінску была “рускаю”, а бацька праваслаўным сьвятаром, дык кім па нацыянальнасьці быў ён сам? Расейцам ці беларусам? Адказ на гэтае пытаньне могуць даць гісторыкі зь Пінску. У кніжцы Равіч уважае сябе за паляка і польскага патрыёта.

Варта тут успомніць, што ў 1942-43 гадох аўтар гэтай рэцэньзіі быў вучнем у юнацкай школе кадэтаў у Палесьціне, дзе вайсковыя заняткі вёў падафіцэр Русецкі родам зь Пінску. І гэта паволде архіўных дакумэнтаў. Шкада, што я тады не пазнаёміўся бліжэй з маім земляком зь Пінску.

Славамір Равіч ці Расьціслаў Русецкі-Равіч памёр у 2004 годзе ў Англіі ў горадзе Нотынгэм.

Міхась ШВЭДЗЮК


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы