Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Заміж вянка на магілу беларускага патрыёта

Янка Сурвілла рыхтуе беларускую перадачу на гішпанскім радыё ў Мадрыдзе.Дваццаты век быў асабліва бязьлітасным да нашага народу. Дзьве вайны, мільёны ахвяраў, Чарнобыль, Лукашэнка...Пашчасьціла нам толькі з дыяспарай. Безумоўна, было-б лепш, каб людзі, якія вымушаны былі пакінуць свой край дзеля чужога варварства, маглі застацца дома. Месца чалавека, як сказаў Васіль Быкаў, усё-ж на сваёй зямлі. Але як раз гэтая частка нашага народу, якую ў Беларусі паўстагодзьдзя называлі “ворагамі”, і якой так лёгка было-б забыцца пра сваю няўдзячную зямлю, ня толькі захавала бясконцую любоў да свае страчанай Бацькаўшчыны, але ўзяла на сябе ролю голасу свайго зьнямелага народу, захавала свой беларускі дух, сваю мову. Яны бераглі сваю беларускасьць, як найбольшы скарб, расказвалі сьвету пра забыты народ, баранілі ягонае людзкое права на незалежнае існаваньне ў сваёй уласнай дзяржаве.

Можна было-б гадзінамі пералічваць імёны тых, хто сваё жыцьцё пражыў для Беларусі. Сёньня прыпомнім адно зь іх, імя Янкі Сурвіллы, які адыйшоў у іншы сьвет дзесяць гадоў таму, 3 чэрвеня 1997 году на 72-м годзе свайго жыцьця. Гэты таленавіты, шляхетны і шчодры беларускі патрыёт пакінуў свой сьлед усюды, дзе яго закідаў эмігранцкі лёс.

Было Янку 18 гадоў і працаваў тады настаўнікам у вёсцы каля Жодзішкаў, калі даведаўся, што савецкія партызаны, якія на пярэдадні спалілі ягоную школу, шукаюць яго. Прыйшлося пакінуць свой край, які змог ён пабачыць толькі ў 1993 годзе, пасьля паўстагодзьдзя выгнаньня, калі прыехаў на І-ы Зьезд Беларусаў Сьвету.

За гэтае паўстагодзьдзя вучыўся Янка на эканаміста, бо ўважаў, што эканамісты будуць калісь найбольш патрэбнымі спэцыялістамі ў вольнай Беларусі. Для гэтага вывучыў гішпанскую мову, адклаў на пяць год усе прыватныя задумы. Ніколі аднак не прапускаў нагоды, каб даць даклад пра лёс Беларусі, напісаць артыкул пра Янку Купалу ці Максіма Багдановіча, узяць удзел у зьезьдзе, каб распаўсюдзіць слова пра Беларусь.

Янка Сурвілла працаваў над дактаратам, калі зьявілася магчымасьць здабыць штодзённыя беларускія радыёперадачы ў Гішпанскім Нацыянальным Радыё. Тады ён адклаў дактарат, каб заняцца радыёперадачамі. Вёў іх ад 1958 да 1965 году, пакуль гішпанцы, дамовіўшыся з Савецкім Саюзам, не закрылі чужаземныя праграмы. Гэты пэрыяд уважаў ён сваім найбольшым асягненьнем у жыцьці.

Пасьля пераезду ў Канаду быў на працягу дваццаці гадоў голасам беларускага паняволенага народу ў канадыйскай сталіцы Атаве.

Ад 1959 году зь Янкам працавала жонка Івонка, цяперашні Старшыня Рады БНР. Разам з дочкамі Ганнай Прадславай і Паўлінкай яны шмат зрабілі, каб сьвет не забываўся пра Беларусь.

Памёр Янка Сурвілла пасьля паўтара гады цяжкай хваробы. Да канца жыцьця праймаўся доляй Беларусі. За месяц перад сьмерцю казаў сябрам, якія наведвалі яго з Таронта і канадыйскага Лёндану, каб бераглі БНР, бо “гэта найвялікшы скарб беларускага народу”.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы