| | | | Маньерызм сучаснага ГалівудуЖыжaльКожны раз, калі заходзіш у кіназалю ды сядзіш у чаканьні стужкі, то бачыш анонсы надыходзячых фільмаў. Цягам апошніх гадоў уласна анонсы сталіся новым кшталтам забавы. Кожны прагляд, асабліва баявікоў, пераўтвараецца ў сваеасаблівае шоў. Шчыра прызнацца, адзін з найлепшых досьведаў, якія я атрымліваю ад сэансу, гэта акурат перадпрагляды. Нават больш, ідучы ў кіно, і ня пэўны ў якасьці фільму, на які набыў квіток, я ведаю, што атрымаю добрую порцыю высакаякаснага забаўленьня aд aнонсaў . Прыгледзьцеся да іх, у іх так шмат асьляпляльнага ды бліскучага! Ня толькі яны выдаюць асноўныя падзеі стужкі, але даюць сучаснаму гледачу патрэбную дозу адрэналіну праз імклівае мігценьне высокатэхнічных, жахлівых ці фарсавых сцэнаў. Анонсы – гэта асобная індустрыя. Ад ступені захапляльнасьці анонсу залежыць рэйтынг кінематаграфічнага вырабу, які адназначны фінансаваму посьпеху праекта.
Аднак у большасьці выпадкаў фільмы, якія мы, дзякуючы рэкляме, так прагнем паглядзець, потым ня цалкам апраўдоўваюць тое першапачатковае ўзбуджэньне. І зразумела чаму – бо цяжка насычыць кінастужкі большай колькасьцю выбухаў, праліцьцём крыві, большым нясугуччам жартаў ці большай колькасьцю сэксуальных сцэнаў, чым у анонсе. Ці варта казаць, што ўбачыўшы гэтыя перадпрагляды, можна здагадацца аб чым фільм уласна распавядае.
Дарэчы аб зьмесьце. Наўрад ці зьмест цяпер грае нейкую ролю. Мы йдзем глядзець кіно, каб глянуць на целы актораў ці акторак, каб падзівіцца на выбух ці адкрыць рот ад таго як БМВ езьдзяць па маленькім вулачкам. Але гэта ўжо ўсё даўно пракручана й перакручана. Самыя спэцэфэкты нават не патрабуюць вялізарных высілкаў і таленту, бо іх можна больш-меньш пераканаўча зрабіць на кампутары. Ці не зьмяншаецца адрозьненьне паміж мультфільмам ды кінафільмам? Так гэта ці ня так ня мае асаблівага значэньне, бо зьмест ад гэтага не стане aрыгінaльнейшы.
Ці патрэбны каму-колечы той зьмест наагул? Здаецца, што не. Першая дэкада гэтага стагодзьдзя, напэўна, войдзе ў гісторыю кінаіндустрыі як эпоха экранізацыі коміксаў. Не “Гадзіны” з бліскучым дуэтам Мэрыл Стрып і Ніколь Кідман, а акурат трылёгія пра чалавека-павука ды кіно пра вяртаньне чалавека-кажана (Бэтмэна) ды Супэрмэна. Канечне-ж, яшчэ ёсьць Гары Потэр, але ён заахвочвае чытаць кнігу. Ня варта казаць пра Валадара Кольцаў, бо калі ад Гарры Поттэра галава ня надта забаліць, то Толкіэна могуць адужаць толькі тыя, каму няма чаго лепшага рабіць.
Таму з найважнейшага зьмест фільму робіцца другасным. На першы плян выходзіць дзеяньне, а дакладней, эфэкты. А калі яшчэ дакладней, карыстаньне дасягненьнямі папярэдніх эпохаў у кінамастацтве – чэрпаньне са сьветаценяў Эйзэнштэйна, Філіні, Курасава, з псыхалягічнасьці Альфрэда Гічкока ды Таркоўскага, з жарсьці Альмадавара. Усё гэта пераўтвараецца ў каляж папярэдніх вынаходніцтваў, змазаных кампутарнай графікай, іншым словaм – у той-жa aнонс, толькі дaўжэйшы. Можна падумаць, што гэта ўсё толькі ў Амэрыцы, але нават у кінагіганьце Францыі, вядомай сваім інтэлектуальным і пачуцьцёвым кіно, галлівудзкая прадукцыя займае найбольшы адсотак рынку.
Асабліва пасьля прагляду “Трохсот спартанцаў” я прыпомніў водгук Эрнста Гомбрыха, выбітнага ангельскага мастацтвазнаўцы, пра эпоху маньерызму, якая дамінавала ў эўрапейскім мастацтве пачынаючы ад 20-х гадоў XVI-га стагодзьдзя да пачатку XVII-га (да тае эпохі належаць дайшоўшыя да нас прыклады ліцьвінскага рэнэсансу). Праглядаючы творы мастакоў асяродку Тынтарэтта ды Чэлліні дасьледчыку падалося, што біблейскія сцэны тае эпохі нагадвалі “атлетычныя спаборніцтвы” – маляры й фрэскапісцы ледзь ня вар’яцелі ад думкі, што яны маглі імітаваць Мікэлянджэла, Тыцыяна і іншых майстроў Высокага Адраджэньня, таму зьвярталіся да шэрагу тэхнічных вываротаў, часта не пакідаючы месца для вышэйшага сэнсу ў сваіх творах.
Толькі ня трэба, калі ласка, разглядаць ва ўсім гэтым нейкую змову жыда-масонаў, якія кіруюць Галівудам. Усё значна прасьцей – ёсьць рынак, попыт, і ёсьць тыя, хто гэты попыт задавальняе. У выніку спажыўцы масавай культуры задаволеныя.
Але што найлепш відаць з майго аналізу – гэта цыклічнасьць чалавечага разьвіцьця, яго колавасьць, паўтор чалавечых гісторыяў. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |