Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Весткі зь Вільні

Леакадзія МІЛАШ

Падарожжа па Нарачанскаму краю

У Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве стала традыцыяй штогод ладзіць падарожжы. Яшчэ ў сакавіку Валеры Місюк – актыўны чалец Таварыства прапанаваў свой маршрут па азёрнай мядзельшчыне: Вільня—Камарова—Канстанцінава —Нарач—Мядзял-Пількаўшчына—Вільня.

Сонечнай раніцай выехалі зь Вільні, перасяклі мяжу і першы прыпынак зрабілі ў маляўнічых ваколіцах Страчы. Далей маршрут пралягаў праз Камарова, Канстанцінава. Тут у нас была заплянаваная сустрэча зь вядомым краязнаўцам нарачанскага краю Янкам Драўніцкім. Паўдня мы слухалі аповеды краязнаўцы, наведалі помнік клясыцызму касьцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве. Пра яго каштоўнасьць і рэшткі гістарычных помнікаў Баляслава Скірмунта распавёў ксёндз Пётр.

Далей ехалі празь вёску Засьвір. Агледзелі ваколіцы, касьцёл кармэлітаў 18-га стагодзьдзя, пабудаваны ў стылі барока. У Засьвіры працаваў ксяндзом Казімер Сваяк, бываў мастак Язэп Драздовіч. У Засьвіры працаваў дырэктарам школы і Янка Драўніцкі. Асабліва нам спадабалася вёска Камарова, дзе захавалася забудова канца 19-га стагодзьдзя. Я. Драўніцкі паказаў пантэон на мясцовых могілках, расказаў легенды, гісторыі, зьвязаныя з родам Хамінскіх. Разьвіталіся мы з краяведам у ягоным гасьцінным доме, падаравалі на памяць кнігі, выдадзеныя ў розныя гады ў Таварыстве.

Маршрут першага дня закончыўся ў вёсцы Радкі, тут вандроўнікаў чакала бабуля В. Місюка, распалілі вогнішча, сьпявалі беларускія песьні. Нават моцная навальніца ўвечары не сапсавала настрой.

На другі дзень наведалі вёску Нарач (да 1964 году Кабыльнікі). Там нарадзіўся прафэсар Чэслаў Кудаба, ён мне некалі пісаў рэкамэндацыю для паступленьня ва ўнівэрсытэт. Ён разам з Хведарам Нюнькам, Лявонам Луцкевічам і іншымі адраджаў беларускае жыцьцё ў Вільні ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Далей мы паехалі на возера Нарач, якое нас вельмі ўразіла. Тыя, хто былі там упершыню, мелі адчуваньне, што пабывалі на моры. У Мядзелі нас чакала мастачка Хрысьціна Балаховіч. Яна, як знаўца свайго гораду, правяла па экалягічных сьцяжынках парку вакол вазёраў Мястра, Баторына. Мы наведалі выставу вядомага мастака суполкі “Пагоня” Алеся Цыркунова ў краязнаўчым музеі ў Мядзелі. На выставе партрэты Я. Драўніцкага, Ф. Скарыны, Янкі Быліны, М. Танка.

Радзіма Максіма Танка Пількаўшчына – апошняя кропка нашага падарожжа. І там мы былі расчараныя, бо замест таго, каб атрымаць асалоду, доўга шукалі дарогу, ніякіх указальнікаў няма, хоць мясьціны вядомыя кожнаму беларусу. Дом, дзе нарадзіўся Максім Танк, у заняпадзе, няма ніякай шыльды, якая-б сьведчыла аб паэце. А ў дом нас нават не пусьцілі. І не віна ў гэтым хворага, пажылога брата Максіма Танка, зь якім мы сустрэліся. На магіле паэта даўно ніхто ня быў, ляжалі выцьвіўшыя ад часу штучныя кветкі, дротам прывязаны крыжык на магіле дзеда паэта. Можа ў мясцовай школе не вывучаюць беларускую мову, ня ведаюць, хто тут нарадзіўся і знайшоў вечны спачын, праславіў гэты куточак мядзельшчыны?

Вярталіся зь Пількаўшчыны вельмі сумныя, пэўны час ехалі моўчкі, слоў для камэнтароў не было.

Але прыемных ўражаньняў ад падарожжа было ўсё-ж нашмат больш, зрабілі шмат фатаздымкаў.

Доўга нам будзе сьніцца нам азёрная Мядзельшчына!

Леакадзія МІЛАШ



* * *

Як у кожную апошнюю суботу месяца, 30 чэрвеня 2007 году, адбылася сустрэча сяброў ТБК.

Старшыня Хведар Нюнька азнаёміў прысутных зь сьвежымі нумарамі тыднёвіка “Ніва”, якія стала дасылае рэдакцыя праграмнай рады зь Беластоку, а таксама зь мясцовай летувіскай газэтай “Voruta”, якую прысылае рэдакцыя. Усім выказываем удзячнасьць.

Прысутныя праслухалі і паглядзелі матар’ялы пра падарожжа па Нарачанскаму краю і выказалі свае прапановы і пажаданьні наконт плянуемай вандроўкі ў жніўні па Браслаўскаму рэгіёну.

Сябры ТБК азнаёміліся з заявай “Беларускай Салідарнасьці” пра асіміляцыю беларусаў – як злачынства супраць чалавецтва і выказалі поўную падтрымку яе зьместу.

У праграме было таксама зьмястоўнае і цікавае выступленьне журналіста Алеся Адамковіча пра жыцьцё і дзейнасьць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

На заканчэньне паэтка Вера Хамянюк прачытала свой верш, прысьвечаны памяці Васіля Быкава.

Хведар НЮНЬКА



* * *

У апошнюю суботу травеня ў ТБК ў Літве адбылася чарговая імпрэза, прысьвечаная Івану і Лявону Луцкевічам.

Іван Луцкевіч – неардынарная постаць у гісторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у Шаўляй, вучыўся ў Лібаўскай і Менскай гімназіях, Маскоўскім археалягічным інстытуце, Пецярбурскім унівэрсытэце, студыяваўся ў Вене, пасьля расейскай рэвалюцыі 1905 гаду перабраўся настала ў Вільню. Тут ён актыўна ўдзельнічаў у заснаваньні першых беларускіх газэт, выдавецтваў, навуковых таварыстваў, дзякуючы яму ў 1919 годзе пачала працаваць Віленская беларуская гімназія, пазьней – беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. Асноваю музэйных экспанатаў стала ягоная прыватная калекцыя.

Вясною сёлета споўнілася 85 год з дня нараджэньня Лявона Луцкевіча – нашчадка роду Луцкевічаў. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў знакамітую беларускую гімназію, выкладаў беларускую літаратуру ў Радашковічах, працаваў дырэктарам мастацкай школы ў Баранавічах. Вайна закінула яго ў Прусію, Чэхаславаччыну, Польшчу, дзе ён быў арыштаваны і сасланы на Калыму.

Пасьля вяртаньня ў родную Вільню, пачаў зьбіраць матар’ялы пра Івана і Антона Луцкевічаў, пра Базыльянскія муры, “беларускую Вільню”. Актыўна ўдзельнічаў у стварэньні ТБК, быў яго сакратаром да апошніх дзён свайго жыцьця. Л. Луцкевіча я ведала з канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, карысталася ягонай бібліятэкай, ад яго даведалася пра вядомых беларускіх дзеячоў, да яго прыходзіла з сваімі вучнямі, яго запрашала на сустрэчы ў беларускую школу, якую ён разам з сваім сябрам старшынём ТБК Хведарам Нюнькам заснавалі. Дзякуючы іх аўтарытэту пачала працаваць катэдра беларусістыкі пры Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце.

Прысутныя на імпрэзе паглядзелі відэафільм, зьняты Таварыствам падчас адкрыцьця памятнай дошкі Пятру Сергіевічу ў траўні 1996 году. Тады Лявон Луцкевіч шмат гаварыў пра мастака, якога добра ведаў, і кватэра якога была цэнтрам беларускасьці на працягу дзесяцігодзьдзяў і якая, нажаль, ня стала ягоным музэем.

Наступным распавёў аб палітычным становішчы ў Беларусі студэнт ЭГУ палітоляг Артур Юдзіцкі. Прысутнічалі журналісты летувіскіх газэт і радыё, а таксама радыё “Палёнія”. Апошнім выступіў малады студэнт Андрусь Храпавіцкі, які два гады студыяваў у ЗША на журналіста. Ён распавёў пра сябе, пра жыцьцё беларусаў у ЗША, да яго таксама было шмат пытаньняў.

На просьбу старшыні суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны Юрыя Гіля сябры ТБК вырашылі паехаць 28 травеня ў Сьвіраны ўпарадкаваць мэмарыяльную сядзібу Францішка Багушэвіча, перадаць кнігі для Савічунскай бібліятэкі, якой днямі прысвоена імя Ф. Багушэвіча.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы