Дзесяцігодзьдзе беларускага школьніцтва ў БеластокуТэкст і фота Ганны КАНДРАЦЮКПершыя словы, якія прыходзяць на думку — мова тут пра сьвяткаваньне дзесяцігодзьдзя беларускага школьніцтва ў Беластоку 12-15 чэрвеня сёлета — гэта размах. Настаўніцу Аліну Ваўранюк, старшыню аб’еднаньня АБ-БА Барбару Пякарскую, дырэктара ПШ № 4 Зьбігнева Клімовіча віншавалі прадстаўнікі цэнтральных і ваяводзкіх уладаў, прэзыдэнт БНР і амэрыканская дыяспара. Рада гораду Беластоку назначыла Аліне Ваўранюк узнагароду ў катэгорыі анімацыі культуры сярод настаўнікаў. А банкет, які падрыхтавалі бацькі і на які запрасілі ўсіх гасьцей, мог спаборнічаць з конкурсам на найлепшы рэгіянальны прадукт.
Самым урачыстым момантам сьвяткаваньня лічу малебен у Сьвята-Юр’еўскай царкве, што ў квартале Новае места. Багаслужбу на беларускай мове адслужыў а. Рыгор Місіюк. На непаўторнасьць хвіліны паўплывала не адно культурная, прыгожая беларушчына і кранальная пропаведзь айца Рыгора ды беларускі хор. Ня менш важным паказаўся грамадзкі аспэкт Багаслужбы. Малітва ў грамадзе, якую любіш і паважаеш, напаўняе адчуваньнем еднасьці і супольнасьці. Беларусы рэдка зазнаюць такіх момантаў. Калі глянуць з пэрспэктывы гадоў на фэномэн беларускага школьніцтва ў Беластоку (усё пачалося з прадшкольля, якое існуе ўжо 12 гадоў), то найперш спрацаваў людзка-этычны бок справы, сяброўскія і сямейныя сувязі, наладжаныя ў гады дзейнасці ў БАС.
— Я магу сказаць адно, — адзначыла Валянціна Швэд, найстарэйшая маці (за што атрымала спэцыяльныя віншаваньні), — мы з Віктарам Швэдам удзячныя лёсу, што нашая дачка нарадзілася якраз у той час, калі басаўцы арганізавалі школу. Цяжка сказаць, ці без урокаў беларускай мовы і „N.R.М.” мы змаглі-б прышчапіць дачцэ беларускасьць.
— Беларуская мова ня мае сёньня практычнага значэньня, — кажа Юры Каліна, які займаўся арганізацыяй урокаў на кожным этапе, ад прадшкольля па ліцэй, і які найбольш цэніць нармальнасьць у сям’і. — Для мяне самае важнае тое, што ў сям’і можам размаўляць па-беларуску.
* * *
— Пачаткі былі складаныя. Бацькі хваляваліся, што між дзяцьмі могуць успыхаць канфлікты на нацыянальнай глебе, — успамінае дырэктар ПШ № 4 Зьбігнеў Клімовіч. — Практыка паказала іншае. Дзеці ўвогуле не бяруць пад увагу такой магчымасьці. Калі і ёсьць непаладкі — дык яны з-за іх асабістых спраў. Між дзяцьмі такія праблемы проста не існуюць. Нацыянальныя канфлікты прыдумваюць дарослыя!
Зьбігнеў Клімовіч адзначае, што апрача беларусаў у школе вучацца ромы і чачэнцы. Прысутнасьць меншасьцей толькі ўзбагачае школу. Гэта жывы ўрок талерантнасьці. Іншая справа, што многія посьпехі беларускіх навучэнцаў будуюць прэстыж школы. Вельмі высокая ацэнка накіраваная ў бок бацькоў — людзей, зь якімі проста можна заваёўваць самыя высокія посьпехі. А настаўніца Аліна Ваўранюк – гэта прыклад таму, што прафэсія настаўніка — гэта прызваньне!
Тамара Бялькевіч, настаўніца беларускай мовы ў Гарадку, фэномэн Беластоку бачыць у падтрымцы і ангажаванасьці бацькоў.
— Немагчыма гэтага параўнаць, — кажа зь нейкім болем, — настаўнік у глыбінцы змагаецца ў самоце. Дапамога бацькоў — гэта скарб і аснова!
У старшыні аб’еднаньня АБ-БА, доктара Барбары Пякарскай, здаровы падыход да навучаньня і ўсяго працэсу. Ангажаванасьць усёй сваёй сям’і тлумачыць заўсёды простымі словамі:
— Усё, што робім, робім для сваіх дзяцей. Іншая справа, што ў працэс разьвіцьця беларускага школьніцтва заангажаваліся ўжо дзеясяткі сем’яў. Усе па меры магчымасьці аказваюць дапамогу і падтрымку. Плён, які высьпеў на працягу гадоў, можна было паглядзець у час мастацкіх тэатральна-музычных прэзентацый, фотавыставаў і хронік, дзе важную частку складаюць ніўскія публікацыі.
А пра посьпех дзесяці гадоў сьведчыць таксама лік навучэнцаў. Ад верасьня беларускую мову ў Беластоку будзе вывучаць 159 вучняў.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.