| | | | Вечар у ПльзніСкарочана з “Крывія”, ПрагаГэтая імпрэза, пад назовам «Пльзэньска-беларускі тузін» адбылася 23 траўня 2007 году ў каварні «Iнкогніта». Iніцыявалі вечар Віталь Воранаў, студэнт Заходне-чэскага Ўнівэрсытэту ў Пльзні, разам зь ведамымі мясцовымі чэскімі літаратарамі, Маркэтай Чэканавай і Здэнькам Заічкам. Віталь Воранаў ведамы ў беларускай грамадзе, як пісьменьнік і перакладчык чужамоўных літаратурных твораў на беларускую мову.
Вечар пачаўся чытаньнем нова-выдадзенай кніжкі «Два тузіны пльзэньскіх казак» у чэскім арыгінале й у перакладзе Віталя Воранава. Паасобныя параграфы казкі «Як нарадзіўся друкарскі шкоднік Бука» чытала перш па-чэску суаўтарка кніжкі, сп-ня Чэканова, а тады, па-беларуску, сп. Воранаў. Пасьля сп-ня Чэканова прачытала чэскія пераклады алегарычных казак «Тэатар» і «Не зусім казка» аўтарства сп. Воранава.
Дзеля лепшае інфармацыі прысутнай публікі былі на экране кавярні паказаныя агульныя дадзеныя аб Беларусі - з кампутарных вышукальнікаў Google, Seznam i Wikipedia. Быў таксама паказаны ведамы дакумэнтальны фільм «Лекцыя беларускае мовы». Група тутэйшых беларускіх студэнтаў падрыхтавала госьцям пачастунак: беларускія дранікі й бярозавы сок (які, між іншага, усім спадабаўся). Cтудэнтка Натальля Бяляева адыграла на піяніна музычны твор «Разьвітаньне з радзімай» кампазытара Агінскага. Пльзэньскі беларус, сп. Аляксанадар Даці, прачытаў па-чэску свой пераклад гумарыстычнага твору Ўладзімера Арлова пра сярэднявечную дзейнасьць у Чэхіі князя Жыгімонта Карыбутавіча, які ў ХV-м стагодзьдзі заступаў тут свайго сваяка Вялікага Князя Літоўскага Вітаўта.
Наагул, вечар выйшаў надзіва ўдала. Шматлікія госьці кавярні, нават незапрошаныя на імпрэзу, з увагай выслухалі чытаньні твораў ды мелі нагоду бліжэй пазнаеміцца зь Беларусяй - сваім «няведамым славянскім суседам». Ажыўленая дыскусія на тэму Беларусі й чэска-беларускіх дачыненьняў зацягнулася да позных гадзінаў вечара. 
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |