Бывай, “Зорка Вэнэра”!Пятрусь КАПЧЫК, кіраўнік гурта “Зорка Вэнэра”17 сяброў гурта беларускай культуры, які ўжо шмат год дзейнічае ў 1-й школе горада Ізяслава Хмельніцкай вобласьці Ўкраіны, разьвіталіся як зь любімаю школаю, гэтак і з гуртом і са мною, ягоным кіраўніком.
16-17-гадовыя юнакі і дзяўчаты, у чыіх жылах цячэ беларуская кроў, здалі іспыты і атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі, якія даюць ім права паступаць на вучобу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як правіла, нашыя абітурыенты едуць працягваць вучобу ва ўнівэрсытэты й акадэміі Кіеву, Львову, Тэрнопалю, Чарнаўцоў, Івана-Франкоўску, Луцку, Роўна, Харкава, Адэсы, Хмельніцкага ды іншых далёкіх і блізкіх гарадоў. Едуць вучыцца па ўсёй Украіне, бо ў родным Ізяславе працягваць вучобу няма дзе. Але падчас зімовых і летніх вакацыяў яны птушкамі зьлятаюцца ў горад на Гарыні, дзе нарадзіліся і вырасьлі, дзе вывучылі ня толькі ўкраінскую і ангельскую мовы, а і беларускую, а некаторыя і польскую, якую я ім выкладаў у школе факультатыўна. Я заўважыў, што найлепшых посьпехаў у навучаньні дасягнулі тыя, хто навучаўся адначасова абедзьвым мовам.
23 чэрвеня адбылося ўручэньне атэстатаў і сьвяточны баль, які цягнуўся да ўсходу сонца, сонца новага дня, калі выпускнікі ўжо перасталі быць дзецьмі, бо наперадзе ў іх гады цікавага студэнцкага жыцьця ў вялікіх гарадох. Жадаю ім “ні пуха, ні пер’я” на ўступных экзаменах ва ўнівэрсытэты й акадэміі! Хай Вас беражэ Бог, мае дарагія беларусы і беларускі Ўкраіны!

На здымку: сёлетнія выпускнікі - сябры гурта “Зорка Вэнэра” з сваім кіраўніком на апошнім уроку беларускай мовы.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.