Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Каму патрэбныя помнікі архітэктуры?

Жыжаль

Вельмі часта мне даводзіцца чуць ад амэрыканскіх знаёмых, што, маўляў, мы эўрапейцы ведаем, што зьяўляецца сапраўдным горадам, ведаем тое, чаго ў Злучаных Штатах Амэрыкі, робіцца ўсё менш ды менш. Амэрыканцы вельмі любяць езьдзіць у Эўропу (ці марыць аб гэтым), каб паглядзець на старасьвецкую архітэктуру, удыхнуць паветра вечнасьці, гэтак мовіць.

Потым я ім кажу пра навіны з гарадзенскім старым местам. У большасьці выпадкаў я не знаходжу на іх тварах зьдзіўленьня ці абурэньня – як гэта, маўляў, можна, нішчыць помнікі архітэктуры. Наадварот, хутчэй можна пачуць нешта накшталт: ну гэта вельмі па-амэрыканску, гэта-ж старыя будынкі. У пляне архітэктуры амэрыканцы вельмі сучасныя. Таму абурыць іх руйнаваньнем старадаўняе камяніцы наўрад ці магчыма.

Але ў мяне ўзьнікала пытаньне: да стварэньня функцыяналізму ў дойлідзтве, амэрыканцы былі заўсёды пад уплывам эўрапейскіх стыляў, накшталт, неаклясыцызму, гістарызму і г. д., да таго, пэўна-ж, амэрыканскія багатыры жылі не абы дзе. Так-так, не абы-дзе!

У адной букіністычнай краме я знайшоў вялізарны фотаальбом з інтрыгуючай назвай: The Lost New York (Згублены Нью Ёрк). Маё ўражаньне аб архітэктурным мінулым Паўночнае Амэрыкі, ці дакладней, аб колішняй эстэтычнай сьпеласьці гэтага рэгіёну каардынальна перамянілася.

Я быў у поўным захапленьні ад убачанага. Гравюры, літаграфіі і чорна-белыя фатаздымкі распавядалі пра велічную гісторыю знакамітага мэгаполісу. Найбольш уразіў стары гмах пошты. Высокі, з калёнамі, гэты будынак сваёй стройнасьцю нагадваў старажытнарымскі форум. Няздарма-ж штат Нью Ёрк мае мянушку Імпэрскі штат.

Гэтая і шмат іншых пэрлінаў архітэктуры былі зьнішчаныя, каб на іх месцы можна было паставіць будынкі новага пакаленьня. Шмат офісных хмарачосаў пабудаваныя так, каб потым іх было прасьцей зруйнаваць, чым траціць вялікія сродкі на рэстаўрацыю.

Рэстаўрацыя сама па сабе цікавая рэч. Можна адбудаваць гарадзкую сядзібу за дзяржаўныя сродкі, але што потым зь ёю рабіць? Калі ніхто не адчыніць там рэстарацыі, крамы ці якой канторы, то будынак хутка прыйдзе ў занядбаньне. У такіх гарадох як Нью Ёрк рэстаўрацыя вельмі дарагая. Да таго-ж Нью Ёрк ня ведамы ў сьвеце як цэнтар эстэтызму. Як бы парыжане ў пачатку дваццатага стагодзьдзя не захапляліся “дасканаласьцю” ўладкаваньня горада Вялікага Яблыка, але Нью Ёрк гэтак і ня здолеў перамахнуць горад на Сене (хоць аж да сёньняшняга дня вядзе пасьпяховую барацьбу з Парыжам за званьне асяродку мастацтваў). Сьвет чакае ад Нью Ёрку хады наперад у галіне фінансаў перш за ўсё. Таму ўсё робіцца па-прынцыпу запатрабаванасьці: будынак – гэта перш за ўсё гэта інвэстыцыя, уклад, які павінен прынесьці прыбытак.

Усе рэвалюцыі маюць у сабе элемэнт разбурэньня й будаваньне на старых руінах новага сьветаўладкаваньня. У гэтым ёсьць падабенства рэвалюцыяў амэрыканскай ды расейскай кастрычніцкай. Ідэя парваньня зь мінулым уласьцівая абодвым гістарычным зьявам, праўда, у выпадку чырвонага кастрычніка яна набыла значна радыкальнейшую форму.

Сыстэматычную перабудову неаднаразова зьведваў і сам Парыж. Напалеон імкнуўся дадаць рымскасьці сваёй сталіцы, падпарадкоўваючы вольнасьць вулкавых накірункаў прадказальнейшай пляніроўцы. У 1880-х гадох пад кіраўніцтвам барона Гаўсманна, які кіраваў тады гарадзкой ратушай, шматлікія кварталы старога Парыжу былі зьнесеныя, каб на іх месцы пабудаваць бульвары, якія цяпер зьяўляюцца візытоўкамі гораду. Норман Дэйвіс, амэрыканскі гісторык, неяк напісаў, што ў гарадох з простымі вуліцамі й шырокімі плошчамі, апроч шэрагу іншых зручнасьцяў, цяжэй абараняцца рознага кшталту паўстанцам, якія сутрасалі Парыж напрацягу 19-га стагодзьдзя. Жаданьне кантролю, прадказальнасьці, то бок імпэрскае гармоніі прысутнічала ў цэзарскім Рыме і ў тамэрлянавым Самаркандзе. У новым часе ўзорам для ўсяе Эўропы быў Санкт-Пецярбург.

Знос будынкаў у ЗША ініцыюецца перш за ўсё як прагматычная й практычная рэч, але, усё роўна, гэта адбіваецца на ўспрыняцьці гораду. Толькі некалькі гарадоў у гэтай вялізарнай краіне маюць добра захаваную старую частку. Гарады як Саванна, Новы Арлеан, Чарлстан, напрыклад, зьяўляюцца астраўкамі гістарычнай памяці ў моры архітэктурнага прагрэсу. Адна мая знаёмая, аматарка вывучэньня флярыдзкай даўніны, сказала, што ў Амэрыцы наогул ёсьць праблема з памяцьцю. “У анталёгію для школ больш ня ўваходзяць “Лісты Фэдэралістаў” – неад’емны падручнік для разуменьня амэрыканскай дзяржаўнай думкі”. Балазе, шмат большых гарадоў, прыглядаюцца да досьведу тых эўрапейскіх местаў, дзе быў знойдзены аптымальны варыянт сумяшчэньня старога ды новага. Да прыкладу можна назваць Сіэтл і Нэшвіль.

Не забывайма на магчымыя эканамічныя чыньнікі. У ЗША роля малых прадпрыемстваў зьмяньшаецца (хоць можа й часова), і вялікія карпарацыі маюць вялізарны ўплыў. У шмат якіх краінах СНД малое ды сярэдняе прадпрымальніцтва было прыведзенае да крызысу яшчэ ў пачатковым стане. Такі эканамічны расклад ўплывае на выгляд гораду. Урбанізацыя перастае быць сымбалем эстэтыкі. Патрэбна інфраструктура для патокаў транспартных сродкаў у цэнтар гораду. Таму маленькія вуліцы сьціраюцца ці трапляюць у цень бэтонных мастоў. Сучасная архітэктура нясумненна мае сваё хараство, але, як той казаў, усяму сваё месца.

Горадня, як і ўсе беларускія гарады, зьведала рознае ў сваёй гісторыі: і пажары, і напады, і перапляніроўку. Славутае каралеўскае места адлюстроўвае саму Беларусь, якая знаходзіцца на пераломе. Гэта імкненьне да нейкага альтэрнатыўнага эканамічнага шляху, жаданьне знайсьці сабе месца ў эканоміцы, якая глябалізуецца.

Рэканструкцыя гораду, як частка сусьветнага прагрэсу, мае розныя бакі. Ідэя новага творчага падыходу безумоўна выдатная. Але ёсьць і небясьпека забыцьця гісторыі. Яна зьвязаная з адкідваньнем досьведу папярэдніх эпох, які нам ніколі ня будзе лішнім, якім-бы сучасным не выглядаў наш сёньняшні сьвет. Як быццам усе гэта разумеюць, але поўтараюць тыя самыя памылкі. І гэта можна параўнаць з наступаньнем на граблі, зноў і зноў.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы