Беларусь за месяцСтвараюць партыю ўлады
Зьезды ініцыятыўных групаў па стварэньні партыі “Белая Русь” прайшлі ў шэрагу раённых цэнтраў ды ва ўсіх абласьцях. У пачатку ліпеня створаны арганізацыйны камітэт, у які ўвайшлі больш за 60 чалавек: ведамыя спартоўцы, сьпевакі, кампазытары, банкіры, рэктары найбуйнейшых ВНУ, кіраўнікі прадпрыемстваў, словам, прадстаўленыя ўсе слаі грамадзкасьці. Зьезд “Белай Русі” заплянаваны на восень.
Ня выключана, што наступныя парлямэнцкія выбары, які маюць прайсьці ў кастрычніку 2008 году, будуць праведзеныя па мяшанай – г.зн. мажарытарна-прапарцыйнай – сыстэме. Палова дэпутацкіх месцаў цяпер будзе разьмяркоўвацца паміж партыямі. Кіраўнічка Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ўжо заявіла, што найлепшыя шанцы перамагчы – у партыі “Белая Русь”.
Навошта Лукашэнку партыя? У тым ліку і каб можна было вонкава дэмакратызаваць грамадзтва (каб Эўропа адчапілася), сысьці з пасады прэзыдэнта, але выйграць парлямэнцкія выбары – і зрабіцца прэм’ер-міністрам. Папярэдне ўнесьці зьмены ў канстытуцыю: аб зьмяншэньні ролі прэзыдэнта і надзяленьні кіраўніка ўраду асобнымі паўнамоцтвамі. Як у Нямеччыне ці Ізраілі. “Дэмакратычная Эўропа” і носа не падточыць.
Ціск на пратэстантаў
Пры канцы чэрвеня зь Менску ў Польшчу зьехалі Натальля Лукасік і трое яе малых дзяцей: Міраслава, Марцін і Ян. Рэч у тым, што 6 чэрвеня быў дэпартаваны іх бацька і муж, пратэстанцкі пастар, паляк паводле паходжаньня Яраслаў Лукасік. Аддзел па грамадзянству і міграцыі Цэнтральнага раёну Менску вырашыў дэпартаваць Я.Лукасіка і забараніць уезд на тэрыторыю Беларусі тэрмінам на пяць гадоў, бо “Яраслаў Лукасік займаўся рэлігійнай дзейнасьцю без узгадненьня з Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў”.
Апошнім часам пратэстанты зазналі моцны націск уладаў. Увосень 2006 году трымалі галадоўку парафіяне царквы “Новае жыцьцё”, пратэстуючы супраць жаданьня ўладаў забраць у іх будынак. Сытуацыя з будынкам ня вырашаная і да гэтага часу.
Новая хваля прэсынгу на пратэстантаў пачалася пры канцы вясны – пачатку лета. Быў дэпартаваны Яраслаў Лукасік, аштрафаваны, а потым асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту пастар царквы хрысьціянаў веры эвангельскай «Ян Прадвесьнік» Антоній Бокун. Яго наогул міліцыя затрымала за тое, што пастар «ладзіў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» (чытаньне Бібліі) ва ўласным доме.
Між тым, пратэстанты дружныя і як могуць адкрыта супраціўляюцца. Так, 3 чэрвеня на агульнагарадзкую малітву ў Менску сабраліся 5 тыс. чалавек, у той час як усяго пратэстантаў у сталіцы каля 15 тыс. Прыйшоў амаль кожны трэці. Статыстыка, пра якую каталікі могуць толькі марыць.
Дзень незалежнасьці
3 ліпеня ў Беларусі адзначылі афіцыйны Дзень незалежнасьці: 63-я ўгодкі вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Сьвяткаваньне мала чым розьнілася ад мінулагодніх: традыцыйная прамова Лукашэнкі, дзе ён аблаяў Захад, парад фізкультурнікаў, якія гэтым разам змайстравалі вялікую вазу ў сталінскім стылі. Праўда, сёлета абыйшлося без ваеннай тэхнікі. Увечары адбыўся вялікі канцэрт і сьвяточны салют. Паводле афіцыйных зьвестак, у адзначэньні гэтай даты ў Беларусі ўзялі ўдзел больш за 1 млн чалавек.
Між тым апазыцыйныя палітыкі некалькі месяцаў таму раілі дэмакратычна настроенай грамадзкасьці далучыцца да афіцыйных сьвяткаваньняў. Калі шэраговыя апазыцыянэры далучыліся, то кіраўнікоў дэмсілаў, якія выступілі з заклікам, на сьвяткаваньнях заўважана не было.
Затрыманьні
3 ліпеня прайшоў ператрус у офісе ініцыятывы па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Затрымалі актывістаў БХД Дзяніса Садоўскага, Аляксея Шэіна ды юрыста кампаніі ў абарону права на свабоду сумленьня Сяргея Луканіна і двух непаўнагадовых дзяўчат. Міліцыя сканфіскавала кампутары, а таксама дакумэнты і літаратуру. Самыя актывісты БХД некалькі гадзін правялі ў міліцэйскім пастарунку.
Ля офісу Партыі БНФ былі затрыманыя сябры моладзёвага крыла БНФ Алесь Каліта і Павал Серадзенка. Хлопцы кінуліся абараняць моладзёвую актывістку Насту Александровіч, але іх самых затрымалі ды адвезьлі ў міліцыю. Паводле слоў міліцыянтаў, хлопцы несьлі агітацыйныя улёткі і дыскі. На наступны дзень маладых людзей пакаралі арыштам. Алесь Каліта атрымаў 15 сутак арышту, Павал Серадзенка – 10 сутак.
Чарговая справа
Сябра Маладога Фронту з Салігорску Іван Шыла пераведзены з падазраваных у абвінавачаныя. Яму ставіцца ў віну парушэньне артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу: “удзел у незарэгістраванай арганізацыі”. Паводле гэтага артыкулу 1,5 году калёніі атрымаў лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч. А 28—29 травеня прайшоў працэс пяці: паводле артыкулу судзілі маладафронтаўцаў Зьмітра Хведарука, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага і Насту Палажанку. Тады судзьдзі паказалі прыклад лібэральнасьці: маладыя людзі атрымалі штраф ад 900 тыс. да 1 млн 200 тыс. рублёў (400—500 даляраў).
Івану Шылу могуць даць таксама штраф або тэрмін да двух гадоў. Паводле аналягічнага абвінавачваньня будуць судзіць і Яраслава Грышчэню з Баранавічаў.
Адмовілі ў вызваленьні
Лідэру МФ Зьмітру Дашкевічу, які адбывае тэрмін у Шклоўскай калёніі, адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Камісія па УДВ адмовіла вязьню за шэраг спагнаньняў за парушэньні распарадку дня і формы адзеньня. Апроч таго Зьмітру пагражае чарговая крымінальная справа: ён адмовіўся даваць паказаньні супраць, згаданага ў папярэднім артыкуле, Івана Шылы. Такая адмова караецца або штрафам або турэмным тэрмінам. Між тым, Зьміцер Дашкевіч павінен выйсьці на волю 15 сакавіка 2008 году.
* * *
Моладзеваму актывісту Артуру Фінькевічу таксама было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Нагадаем, што хлопец быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі (г. зв. хіміі) за палітычныя графіці, намаляваныя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Пакараньне ён адбывае ў Магілеве.
Пры канцы чэрвеня над Артурам сабраліся чорныя хмары. Яму ледзь ня вынесьлі чарговае папярэджаньне за тое, што пасьля адбою ён выйшаў з свайго пакою (што строга забаронена) і выйшаў у суседні па валідол. Каб далі чацьвертае папярэджаньне, хлопца маглі адправіць у калёнію ці турму. Пакуль абыйшлося. Адно што Артур зьмяніў працу. З “пасады” дворніка ў дзіцячым садку ў Магілёве яго адправілі будаваць аграгарадок у Шклоўскі раён.
Таленавіты злодзей
Два пакаяньні напісаў асуджаны летась за крадзяжы 19-гадовы жыхар гораду Валожыну, які адбывае пакараньне ў Аршанскай калёніі. Хлопец прызнаўся яшчэ ў двух крадзяжах, якія ён зьдзейсьніў у 2004 і 2005 гадох. У першым выпадку ён залез у дом сваіх суседзяў і скраў бронзавы крыж і два абразы, а ў другім выпадку у гэтым-жа доме выняў з аправы яшчэ адну ікону, забраў яе, часткі выявы сьвятога, не закрытыя аправай, намаляваў на чыстым аркушы паперы, уставіў яго назад у аправу і павесіў на месца ў кут. Гаспадары нават не заўважылі падмены. “Твор” злодзея правісеў такім чынам больш году… Паводле абодвух фактах заведзеныя дадатковыя крымінальныя справы.
Паводле “Рэгіянальнай газэты” (Маладэчна) – www.rgazeta.org
Пра гакей
Гакейную зборную Беларусі працягне трэніраваць Курт Фрэйзэр. Кантракт з амэрыканскім спэцыялістам заключаны да чэрвеня 2008 году. Фрэйзэр быў галоўным трэнэрам зборнай ад кастрычніка. Ягонае кіраваньне выклікала неадназначную рэакцыю. Спартовыя спэцыялісты лічылі, што ён мала часу праводзіць у Беларусі, не пайшоў на кампраміс зь некаторымі гульцамі. На чэмпіянаце сьвету ў Расеі беларусы пад ягоным кіраўніцтвам занялі толькі 11-е месца, хоць трэнер заяўляў, што беларусы будуць змагацца за мэдалі.
Тым ня менш Фэдэрацыя гакею Беларусі вырашыла працягнуць кантракт з амэрыканцам.
Кніга пра дыяспару
Гэтым разам пра беларускую эміграцыю ў Канадзе. У чэрвені ў сэрыі «Бібліятэка «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» пабачыла сьвет кніга Вольгі Грыцук «Мы стваралі сваю Беларусь». Укладальніца кнігі – вядомая пісьменьніца Вольга Іпатава.
Кніга распавядае пра вядомага грамадзкага дзеяча, аднаго з арганізатараў Згуртаваньня Беларусаў Канады і парафіі сьв. К. Тураўскага ў Таронта Аляксея Грыцука (1910—1976). У выданьні зьмешчаныя ўспаміны Вольгі Грыцук, сяброў, асобны разьдзел утрымлівае арыкулы А. Грыцука, у тым ліку і разьдзелы з абароненай у Канадзе дысэртацыі пра творчасьць Багдановіча. Асобна зьмешчана ліставаньне з Алесем Салаўём, Міколам Абрамчыкам, Язэпам Сажычам, Кастусём Мерляком, Масеем Сяднёвым, Янкам Юхнаўцом, Янкам Запруднікам ды інш. дзеячамі.
У прадмове Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла напісала: «Перадчасную сьмерць Алеся ўся беларуская грамада адчула як страшэнную страту. Не дачакаўся наш сябра незалежнасьці Беларусі, за якую ўсё жыцьцё змагаўся. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, а партрэт вісіць да сёньня ў залі Беларускага рэлігійна-грамадзкага цэнтру ў Таронта.
Хацела-б тут аддаць чэсьць усім патрыётам, якія, апынуўшыся, як Алесь Грыцук, на чужыне, ня кінуліся шукаць для сябе выгадаў – даступных, між іншым, усім нашым працавітым суродзічам, – а ўзяліся за працу для Бацькаўшчыны. Гэта дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне, а сьвет пакрысе даведваўся пра існаваньне паняволенай краіны, якое так старанна хавалася акупантам».
Уласны карэспандэнт
Прэмія В. Ластоўскага
16 чэрвеня лепшыя беларускамоўныя выкладчыкі ВНУ былі ўганараваныя прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластоўскага. Заснавалі прэмію напачатку году Таварыства Беларускай Школы, Згуртаванне Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, Саюз Беларускіх Пісьменнікаў, ПЭН-цэнтар, іншыя грамадзкія структуры. У складзе журы былі такія ведамыя асобы, як дырэктар БІНіМ Вітаўт Кіпель; доктар Янка Запруднік; Алла Орса-Романо; прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту Курт Вулгайзер ды іншыя.
Сябры арганізацыйна-прэміяльнага камітэту наведвалі лекцыі, практычныя заняткі выкладчыкаў-намінантаў і пры вызначэньні пераможцаў карысталіся галоўным крытэрам, каб гэта былі не гуманітарныя дысцыпліны, а тыя, што традыцыйна не выкладаюцца па-беларуску.
У апошні этап конкурсу выйшла 14 выкладчыкаў. Аўтарытэтнай камісіі было няпроста вызначыцца. Першымі ляўрэатамі Прэміі імя Ластоўскага сталі дацэнт катэдры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Тамара Сухая, доктар мэдычных навук, прафэсар катэдры марфалёгіі чалавека Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Арцішэўскі, галоўны кліматоляг краіны, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ Павал Каўрыга.
У конкурсе ўдзельнічала шмат маладых выкладчыкаў, і ня толькі з сталіцы, а і з Горадні, Баранавічаў, Гомелю, Магілеву, якія выкладаюць геаграфію, хімію, фізыку, біялёгію, філязофію. Усе яны атрымалі ганаровыя дыплёмы.
Паводле Радыё “Свабода”
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.