Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Фэстываль у Саўт Рывэры

(Я.З.)

Сонечным суботнім днём 23 чэрвеня прайшоў зь вялікім посьпехам Беларускі фэстываль у Саўт Рывэры, Н.-Дж. Ладзяць гэтую падзею раз на год супольна прыхаджане царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай з кіраўніцтвам Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру. Напярэдадні фэсывалю вялікую падрыхтоўчую актыўнасьць праяўляе цэлы шэраг асобаў, кожны ў сваёй дзялянцы. Людзі прывозяць фанты на лятарэю, рыхтуюць сталы, на якіх усё гэта раскладваюць у прыгожай апакоўцы. Танцавальны гурток праводзіць рэпэтыцыі. Музыкі падбіраюць адпаведны рэпэртуар. Закупляюцца прадукты, абмяркоўваецца мэню, пякуцца хрусьцікі. Расстаўляюцца палаткі, бо надвор’е можа падвесьці.

На фэстывалі, які трывае цэлы дзень да позьняга вечару, бывае да пяцісот гасьцей. Усім ім належыцца забясьпечыць прыемны час. І трэба сказаць, што гаспадары гэтага сьвята ставяцца да сваіх абавязкаў вельмі паважна, бо фэстываль – свайго роду візытная картачка ўсяе грамады. Падобныя падзеі гэтай парой году адбываюцца па іншых этнічных асяродках, пераважна пры цэрквах. Прыхаджане царквы сьв. Еўфрасіньні дбаюць аб тым, каб і на іхнай вуліцы сьвята прайшло належным чынам.

Сёлета, як і летась (гл. “Беларус” № 522), усё прайшло вельмі гладка. Лепшай пагоды і не прыдумаць. Сталы былі загружаныя фантамі. Спраўна працаваў бар. Ежа смакавала зь якога падносу ні вазьмі. Жараніна надварэ карысталася попытам. Музыка ласкала вушы. Дзецям было дзе пабегаць і пагойсаць.

За прыемна праведзены час наведнікі былі ўдзячныя арганізатарам, выканаўцам і памагатым, у тым ліку: сястрыцтву (старшыня Лілі Гілеш); царкоўнаму камітэту (старшыня Жорж Лешчанка); кіраўніцтву Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру (старшыня Жорж Наумчык); жанчынам, што цяжка працавалі на кухні, рыхтуючы смачныя стравы; кухарам, што пякліся каля грылю; жанчынам, што з усьмешкамі раздавалі ежу галодным; бармэнам, што паілі сасмаглых; жанчынам, што наладзілі й спраўна правялі лятарэю; музыкантам-сьпевакам спадарству Валянціну, Тані й Олі Дзямешчыкам, а таксама а. Міхаілу, маладой сьпявачцы Алёне Корж ды кампазытару Аўгену Магаліфу й сьпеваку зь Беларусі Васілю Сьмелякову за багаты рэпэртуар; Віталіі Ляўчук і танцаўнікам за падрыхтаваныя народныя танцы; Шэнан Моэн з Флярыды за гімнастычныя нумары.

Усклік сп-ні Тані Дзямешчык пасьля заканчэчньня танцу “Бульба” – “Жыве Беларусь у Саўт Рывэры!” – спраўдзіўся на ўсе сто дзесяць працэнтаў.

Танцавальны гурток “Лянок” (кіраўнічка сп-ня Віталія Ляўчук)  выконвае “Бульбу”.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы