Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
25 Сакавіка ў беларускіх асяродках
Аўстралія, Сыднэй

М. Л.

Сьвята Незалежнасьці БНР пачалося ў нядзелю 25 сакавіка ў Гомэбушскай праваслаўнай царкве, дзе а. Ігар Хлябіч, пасьля сьвятой літургіі, адслужыў малебен за беларускі народ. Вельмі прыемна гучала малітва ў беларускай мове, і думалася, што Ўсемагутны іх напэўна чуе. А калі мілагучна паплыў “Магутны Божа”, то шмат каму ў царкве прыдаліся насоўкі, бо сэрцы напоўніла пачуцьцё радасьці і спагады беларускаму народу.

Другая частка сьвяткаваньня была адложаная на 9-га красавіка, другі дзень Вялікадня, і прайшла яна ў памешканьні Беларускага Клюбу. Так былі спалучаныя дзень незалежнасьці Беларусі і найвялікшая дата ў календары хрысьціянскага сьвету. Людзі сустракаючыся, віталі адзін аднаго “Хрыстос уваскрос!”, і, здаецца, кожнаму хацелася дадаць: “Уваскрэсьне і Беларусь!”.

Акадэмію адкрыў Старшыня Клюбу Міхась Лужынскі. Ён зачытаў Зварот да беларускага народу Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла. Др. Слава Лягенчанка пачуцьцёва прадэклямавала верш А. Гаруна “Ты мой брат”. Тады сп. Вячаслаў Элькановіч зрабіў даклад на тэму дня, акцэнтуючы ўвагу на сучасным становішчы на Бацькаўшчыне, асабліва на выбарах летась і маніфэстацыях Дня Волі. Свой даклад сп. Элькановіч закончыў паказаў дакумэнтальных стужак, зьнятых у Менску. Прыкра было глядзець, як лукашысцкія “героі” трактавалі сваіх суграмадзянаў на вуліцах у белы дзень. Брутальная сіла ў разгоне, блякаваньні і арышты нявінных людзей. Усе стужкі былі ўзятыя з інтэрнэту і не выклікаюць сумневаў у іх аўтэнтычнасьці.

Пасьля дакладу адбыўся супольны абед, за які вялікі дзякуй гаспадыням. Асаблівая падзяка належыць сп. Міхасю Чарняку, які разьвесяліў усіх дасканалым выкананьнем на гітары любімых беларускіх мэлёдыяў.

Пры разьвітаньні ўсе задавалі пытаньне, калі будзе наступная імпрэза. Управа плянуе правесьці літаратурны вечар да 125 угодкаў нашага вялікага песьняра Янкі Купалы.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы