Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Наша фанатэка
“Дударскі фэст”: сакральны інструмэнт адраджаецца

Анатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык

У Беларусі выдалі першы ў нацыянальнай дыскаграфыіі дыск з музыкай беларускай дуды. Да гэтай падзеі незалежныя дасьледчыкі, майстры і пост-фольк-выканаўцы ішлі некалькі дзясяткаў гадоў…

Уся справа ў тым, што дыск “Дударскі фэст-2006” стаў сваеасаблівым падсумаваньнем усёй той працы, якую вялі энтузіясты вяртаньня беларускай дуды ў нацыянальны і міжнародны культурныя кантэксты. Выхаду дыску папярэднічала шмат знакавых падзеяў.

Па-першае, некалькі дасьледчыкаў і майстроў, сярод якіх трэба адзначыць Алеся Лася і Тодара Кашкурэвіча, доўгія гады прысьвяцілі вывучэньню гэтага старажытнага інструмэнта, ягонай гісторыі, міталёгіі, іканаграфіі, канструктыўных асаблівасьцяў… Вынікі гэтых дасьледваньняў далі падставу Тодару Кашкурэвічу сьцьвярджаць: “Беларуская дуда вылучаецца на фоне дударскай традыцыі Эўропы ня толькі канструкцыйнымі асаблівасьцямі, але і сваёй унікальнай міталёгіяй. Фактычна беларуская дуда не зьяўляецца музычным інструмэнтам у літаральным сэньсе, бо яна моцна зьвязаная з абрадавай сфэрай, з мадэльлю сусьвету дахрысьціянскага часу. Захаваліся палескія калядныя песьні, дзе сьцьвярджаецца, што дуда робіцца з ахвярнай каляднай казы. Вядома, што каза – вельмі распаўсюджаная жывёліна ў рытуалах ахвярапрынашэньня розных народаў. Відавочна, што граньне на дудзе з ахвярнай жывёліны мела магічны сэнс, як і ўсе іншыя рэчы, зьвязаныя з ахвярапрынашэньнем, мэтаю якога было перараджэньне сусьвету і адраджэньне яго ў новай якасьці” (“Голас Радзімы” №32, 7.08.2003).

Вяртаньню беларускай дуды спрыяла і тое, што падчас экспэдыцыяў дасьледчыкі А. Лось і Т. Кашкурэвіч знайшлі шмат сэнсацыянага матар’ялу для далейшай працы. Высьвятлілася, што беларускіх дудароў добра памятаюць жыхары вёсак Віцебшчыны, дзе тыя гралі на танцах ды вясельлях. Да таго-ж, у Лепельскім краязнаўчым музэі адшукаўся каштоўны артэфакт – дакладна датаваны інструмэнт высокай мастацкай вартасьці, які належыў Івану Місько 1877 году нараджэньня. Гэтую дуду музыкант атрымаў ў спадчыну. Таму рэальная дата яе стварэньня яшчэ даўнейшая! Лепельскі інструмэнт цяпер прыняты за канструктыўны, мастацкі і акустычны ўзор беларускай дуды, як нацыянальнага інструмэнта.

Для адраджэньня традыцыі важна мець ня толькі дакладную канструкцыю, але зафіксаваны выканаўчы стыль. Яго ўдалося рэканструяваць па нотных запісах беларускага дудара Г. Слаўчыка (1836 году нараджэньня), зьмешчаных у адным з тамоў сэрыі “Беларуская народная творчасць”.

Дзякуючы майстрам Алесю Ласю, Тодару Кашкурэвічу, Уладзімеру Пузыню, Віктару Кульпіну рэканструяваныя інструмэнты зьявіліся ў складзе беларускіх пост-фольк-гуртоў, гуртоў сярэдневечнай музыкі, рок-гуртоў. Дый самыя гэтыя майстры сталі заўзятымі прапагандыстамі беларускай дударскай музыкі.

Гэтыя акалічнасьці натхнілі Тодара Кашкурэвіча на наступны крок у справе вяртаньня беларускай дуды нашаму слухачу: на правядзеньне фэсту. Так у 1992 і 1993 гадох ім былі ініцыяваныя першыя “Балцкія дударскія фэсты”. Але пасьля традыцыя была надоўга забытая…

І толькі ў 2006 годзе, дзякуючы таму-ж Тодару Кашкурэвічу і лідару гурта “Стары Ольса” Зьмітру Сасноўскаму, фэстываль зноў склікаў аматараў чароўных гукаў беларускай дуды. Адроджаны фэст з посьпехам прадставіў слухачам беларускую, галісійскую, латыскую і швэдзкую дуды (ці па міжнароднай тэрміналогіі bagpipe). Вынікі “Дударскага фэсту-2006” і прадстаўленыя на выдадзеным дыску. Паколькі выдаўцы з БМАgroup прадставілі навінку як раз да наступнага “Дударскага фэсту-2007”, то ёсьць нагода паразважаць над вынікамі працы за год.

Праграму дыску адкрывае трэк гурта “Літвінтроль”, лідэр якога Андрэй Апановіч вядомы па працы ў гурце “Стары Ольса”. У 2006 годзе “Літвінтроль” дэбютаваў у акустычным варыянце, гучаньне якога і зафіксаванае на дыску “Дударскі фэст-2006”. Сёлета музыкі прадставілі слухачам свае “акустычныя” творы і новае аблічча medieval-metal-гурта, у якім беларускім дудам адводзіцца роля сольных інструмэнтаў, побач з сола-гітарай, падмацаваных рытм-групай зь сярэдневечнымі баявымі бубнамі. Досыць арыгінальнае спалучэньне, якое выклікала вялікую цікавасьць і энтузіязм сярод прыхільнікаў экстрымальных музычных кірункаў.

Заснавальнік “Дударскага фэсту” майстар Тодар Кашкурэвіч падчас мінулагодняга фэсту прапанаваў слухачам параўнаць гучаньне ўсіх тыпаў беларускіх дудаў – аднабурдоннай, двухбурдоннай і мацянкі. Гэты музычны экскурс адлюстраваны на новым дыску. Кампазыцыі ў выкананьні Т. Кашкурэвіча “Цмок”, “Вальс”, “Ваўкавальс” дэманструюць унікальны стыль граньня на дудзе, характэрны для беларускай традыцыі – “закрыты”. Ня шмат у Беларусі ёсьць музыкаў, якія валодаюць такой тэхнікай выкананьня, якая вельмі розьніцца ад эўрапейскай.

Нажаль, Тодар ня змог паўдзельнічаць у сёлетнім фэсьце, а таму анталёгія “Дударскага фэсту-2007” будзе без удзелу гэтага майстра. Як і без яшчэ аднаго ветэрана руху – музыкі і майстра А. Лася…

Лідэр гурта “Ліцьвіны” Ўладзімер Бярбераў, ягоныя салісткі і музыкі дэманструюць зайздросную гармонію жаночага вакалу і дударскага суправаджэньня. Гэтую асаблівасьць “Ліцьвінаў” можна заўважыць на запісе кампазыцыі “Шастак”, якую горача віталі слухачы сёлета.

Гурт “Келіх кола” (кіраўнік Алесь Чумакоў) на дыску прадстаўлены беларускай і эўрапейскай музыкай для дуды. Але ня толькі дуда валадарыць на гукавых дарожках “Келіх кола”. Тут гучаць і акардэон, і гусьлі (грае Алеся Чумакова), арган (А. Бурносенка), якія надаюць музыцы гэтага гурта незвычайныя рысы. На “Дударскім фэсьце-2007” “Келіх кола” сканцэнтраваўся на беларускіх танцавальных мэлёдыях (асабліва спадабалася “Лявоніха”!), за што і быў уганараваны слухачамі шчырымі воплескамі. Зацікаўленасьць эўрапейскай музыкай гэтыя выканаўцы выказалі ў складзе гурта пад назвай “Ceilidh Ceol”. Тут ужо гаспадарыла шкоцкая дуда (хэйленд), шкоцкія і ірляндзкія мэлёдыі. Сусветна вядомы хэйленд загучаў у выкананьні музыкаў “Старога Ольсы” Андрэя Апановіча, Зьмітра Сасноўскага.

Адна з мэтаў арганізатараў “Дударскага фэсту” паказаць беларускую дуду ў эўрапейскім кантэксьце. Так на дыску “Дударскі фэст-2006” з галісійскай дудой (gaita) знаёміў магілеўскі гурт “За парогам”. Сёлета музыку на галісійскім інструмэнце граў госьць з Санкт-Пецярбургу Стас Зубкоў. Беларус Юрась Панкевіч пазнаёміў слухачоў з шведзкай дудой і музыкай для яе. А адзіная ў краіне дзяўчына-дудар Аксана Касьцян на латыскай дудзе майстра М. Янсанса выканала латыскія і беларускія мэлёдыі. Харызматычны і шляхетны Пан Скіргайла Палянэцкі з гуртом “Стара Літва” граў беларускую старажытную музыку на швэдзкай дудзе. Што, таксама, выглядала і гучала арыгінальна!

Але найбольш пра эўрапейскія дуды, іх канструктыўныя адрозьненьні і гучаньне слухачы змаглі даведацца ад шаноўных гасьцей. Польскую традыцыю граньня прадставілі музыкі з фольк-гуртоў “Дудзяжы Велькапольскі” і “Капэла Козлярска”, дуэт дудароў Ш. Бафія і Т. Кітіньскага.

Сапраўднай сэнсацыяй “Дударскага фэсту-2007” стаў выканаўца японскага паходжаньня Ютака Бан, які навучаецца прыёмам граньня на баўгарскай гайдзе ды іншых відах паўднёваэўрапейскіх bagpipe. Слухачы адзначылі Ютаку Бана назвычай шчырымі воплескамі і воклічамі “Брава!” Японскі музыка-ж, з свайго боку, вельмі зацікавіўся беларускай дудой і выказаў жаданьне навучыцца прыёмам граньня на ёй.

Шмат беларускай і эўрапейскай музыкі гучала ў выкананьні маладых гуртоў старажытнай музыкі “Гальярда”, “Яварына”, “Ліцьвінскі хмель”, “Джамбібум”, “Рада”, “Testamentum terrae”, сямейнага дуэту Н. і Д. Сухіх, капэлі Кастуся Трамбіцкага. Майстар Алесь Сурба прадставіў новую дуду-мацянку, якую ён вырабіў самастойна. Хацелася-б, каб укладальнікі дыску “Дударскі фэст-2007” зьвярнулі ўвагу і на маладых выканаўцаў, якія зьяўляюцца “залатым фондам” усяго руху за адраджэньне беларускай дуды.

Дыск “Дударскі фэст-2006” мае сваё выдатнае музычнае завяршэньне – трэк з кампазыцыяй гурта “Стары Ольса”. Музыкі гэтага калектыву сталі рухавіком фэсту сёлета, захапілі слухачоў узьнёсласьцю і віртуознасьцю выкананьня. Дуда ў руках Зьмітра Сасноўскага, ягоных сяброў і паплечнікаў А. Чумакова, А. Апановіча, С. Тапчэўскага, А. Касьцян выявіла сапраўдны патэнцыял нацыянальнага інструмэнту з адметным гукам і выглядам, была прадстаўлена як неад’емная частка культурнай спадчыны Эўропы.

На здымку аўтара: музыкі выканваюць гімн фэсту – песьню “Зайграй-жа, дударочку... “


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы