Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Да 90-х угодкаў БНР

В. СТАНКЕВІЧ

Наступны 2008-ы год зьяўляецца юбілейным для Беларусі. 25-га сакавіка 1918-га году прадстаўнікі беларускага народу абвесьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Такім чынам яны аднавілі нашую дзяржаўную незалежнасьць пасьля больш стагодзьдзя няволі ў царскай Расеі. Гэтая слаўная дата адзначалася па цэлым сьвеце штогоду, урачыста, дзе можна было, або скрыта ў акупацыйных умовах.

Апошнімі гадамі гэты дзень усё масавей адзначаецца патрыётамі ў Беларусі, называючы яго Днём Волі, і можна сьмела спадзявацца, што юбілейнае сьвяткаваньне будзе гучнейшым і больш урачыстым. Па-за межамі Беларусі гэты дзень будзе адзначацца ня менш урачыста ў нашых асяродках у Эўропе і за акіянамі, сярод студэнтаў, якія выехалі працягваць вучобу, і сярод тых, хто выехалі каб зарабіць.

Рада БНР ужо цяпер пачынае адпаведную падрыхтоўку. На пашыраным паседжаньні Прэзыдыюму Рады ў красавіку абмяркоўваліся пляны выдавецкага характару, як і спосабы адзначэньня самога дня.

Пастаноўлена яшчэ да канца бягучага году выдаць ангельскамоўны інфармацыйны раскладыш, беларускамоўную ілюстраваную брашуру для выкарыстаньня ў Беларусі і ў асяродках замяжой. Ёсьць намер пачаць працу над падрыхтоўкаю альбому, у якім будуць адлюстраваныя сусьветныя сьвяткаваньні мінулых гадоў. Плянуецца выдаць СD ці DVD з папулярным музычным і патрыятычным зьместам і налепкі, якія адзначаць 90 гадоў БНР. Штомесяца ў гэтай газэце плянуецца зьмяшчаць артыкулы і лісты чытачоў на тэму юбілею.

Само адзначэньне Дня абвешчаньня незалежнасьці БНР павінна адбыцца гучней за папярэднія гады з артыкуламі пра Беларусь у мясцовай прэсе, выступамі на радыё, тэлебачаньні. Запрашэньне высокапастаўленых прамоўцаў і іхныя афіцыйныя прамовы ў парлямэнце павінны быць мэтай арганізатараў ў наступным годзе. Студэнцкая моладзь замяжой павінна знаёміць сваіх калегаў з гісторыяй і цяперашняй сытуацыяй у Беларусі. Была прапанова, каб гучаньне Звону Свабоды было чутно па ўсім сьвеце, дзе толькі беларусы зьбяруцца.

Напярэдадні 25 сакавіка 2008-га году будзе праведзеная канфэрэнцыя пад лёзунгам “90 гадоў БНР” у Празе з удзелам як беларускіх прадстаўнікоў, так і прадстаўнікоў дэмакратычнага сьвету.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы