Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Чарнобыльскі мітынг у Нью Ёрку

Віталь ЗАЙКА

У Нью Ёрку 26 красавіка 2007 году прайшоў мітынг, прымеркаваны да 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі, што радыяцыйна забрудзіла чвэрць тэрыторыі Беларусі. Мітынг быў падрыхтаваны Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем разам з Згуртаваньнем Беларускай Моладзі ў Амэрыцы і прысьвечаны салідарнасьці з пацярпелымі ад аварыі, а таксама з апазыцыйнымі сіламі, што выйшлі на “Чарнобыльскі Шлях” у Беларусі. Месцам мітынгу стала плошча перад штаб-кватэрай Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў на Першай Авэню ў Мангэтане.

Мітынг адкрыў старшыня НьюЁркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Віталь Зайка, які распавёў пра гісторыю катастрофы, спробы яе замоўчваньня, сёнешні стан справаў. Было падкрэсьлена тое, што супраць нашага народу было зьдзейсьнена злачынства, бо радыёактыўныя хмары былі прымусова асаджаныя на тэрыторыі Беларусі па загаду камуністычных уладаў. Выступоўца засяродзіў увагу на тым, што наступствы катастрофы адчуваюць і тыя, хто нараджаецца зараз.

Перад прысутнымі на мітынгу выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, які распавёў пра Чарнобыльскую аварыю і пра палітыку Масквы ў дачыненьні да яе наступстваў. Было падкрэсьлена, што забруджаная зямля зьнікла для нас на тысячагодзьдзі, і гэта ёсьць страшэнная, невымяральная катастрофа. Насельніцтва Беларусі кожны год зьмяншаецца, і ў гэтым вялікая віна Чарнобылю, віна камуністычных савецкіх функцыянэраў, а таксама сёнешняга рэжыму ў Беларусі.

Ад прысутнай моладзі выступіла Гражына Залеўская, адна зь лідэраў Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы, якая падкрэсьліла, што зараз час моладзі змагацца супраць хлусьні і замаўчваньня гэтага злачынства. Яна заклікала юнакоў і дзяўчат актыўней далучацца да беларускай грамады, да беларускай дзейнасьці ў Амэрыцы.

Удзельнікі мітынгу, пераважна беларуская моладзь, скандавалі лёзунгі “Жыве Беларусь”, “Далоў Лукашэнку”, “Беларусь-ТАК! Лукашэнка-НЕ!”, сьпявалі беларускі нацыянальны гімн і “Пагоню”. Прысутныя выказалі сваю салідарнасьць зь беларусамі, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і адзначылі неабходнасьць большага адзінства беларускай грамады ў Амэрыцы, каб мець мажлівасьць дапамагчы Бацькаўшчыне і больш эфэктыўна інфармаваць амэрыканскую грамадзкасьць і міжнародную супольнасьць пра чарнобыльскую бяду.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы