Сьв. ПамяцiГай дэ ПІКАРДА (20.VII.1925 - 21.ІV.2007)
21 красавіка на 76-м годзе жыцьця ў Лёндане памёр вядомы беларусіст Гай дэ Пікарда.
Ён любіў згадваць, што ягоны дзед быў з напалеонаўскім войскам на беларускіх землях, адкуль вярнуўся з адмарожаным вухам. І гэта быў не адзіны беларускі сьлед у біяграфіі Гая дэ Пікарда. Ягоная цётка Рэната Палонская, хрышчаная габрэйка, паходзіла зь Вільні.
Гай дэ Пікарда нарадзіўся 20 ліпеня 1931 году ў Лёндане ў сям’і брэтонца-француза і ангелькі ірляндзкага паходжаньня. Вучыўся ў Сарбоне ды Оксфардзе, атрымаў юрыдычную адукацыю. Дваццаць гадоў адпрацаваў адвакатам у францускай амбасадзе ў Лёндане. Аднак цікавіла яго зусім іншае.
У дзяцінстве цётка прывяла Пікарду ў праваслаўны сабор у Парыжы, дзе хлопец упершыню пачуў царкоўныя сьпевы, якія зацікавілі яго на ўсё жыцьцё. У Лёндане ён стаў сьпяваць у праваслаўным хоры, зьбіраў царкоўную музыку.
Пікарда некаторы час зьяўляўся сакратаром таварыства культурных сувязяў з СССР. “Я быў тады крыху камуністам”, — прызнаваўся ён.
Аднойчы Гай дэ Пікарда вырашыў арганізаваць канцэрт, для якога атрымаў песьні ад украінцаў і расейцаў. Але лёнданскія ўкраінцы прапанавалі таксама ўключыць у праграму і беларускую музыку – і скіравалі яго ў раён Фінчлей (паўночны Лёндан) да біскупа Часлава Сіповіча, шэфа Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Так Пікарда пазнаёміўся зь беларускай музыкай і беларусамі, прыбіўшыся да іх на ўсё жыцьцё.
У канцы 1950-х Г. Пікарда паехаў з экспэдыцыяй на Падляшша. У Кляшчэлях, Сямятычах, Супрасьлі ды іншых мястэчках ён зьбіраў старажытныя беларускія царкоўныя сьпевы. Пасьля скіраваўся ў Кіеў, дзе адшукаў і ад рукі дзесяць дзён рабіў копіі з рукапісных музычных зборнікаў XVI ст. — Супрасьльскага і Жыровіцкага ірмалагіёнаў. Пасьля пераслаў свае запісы ў ЗША Міколу Шчаглову-Куліковічу для гарманізацыі. Вынікі дасьледніцкай працы Гай дэ Пікарда публікаваў па-ангельску і па-беларуску, у тым ліку і ў выглядзе “Беларускага царкоўнага сьпеўніка Сьв. Літургіі” (1979—1991, кн. 1—2), “Беларускага духоўнага сьпеўніка” (1989), навукова-папулярнага выданьня “Царкоўная музыка на Беларусі 989 — 1995” (1995).
Гай дэ Пікарда быў сябрам і доўгагадовым сакратаром Англа-беларускага таварыства. Мэту сваёй дзейнасьці ён акрэсьліваў так: “Мы павінны адукоўваць ангельцаў. Распавядаць ім пра Беларусь”. Для гэтага ў якасьці ўдзельніка таварыства ён цягам амаль 30 гадоў дапамагаў у арганізацыі беларусаведных лекцыяў, выданьні англамоўнага часапісу “The Journal of Byelorussian Studies”, стварэньні Беларускага музэю ў Лёндане. Менавіта ён склаў даведнік пра Бібліятэку імя Скарыны ў Лёндане (1971).
Акрамя гісторыі музыкі Пікарду цікавілі жыцьцё і дзейнасьць Ф. Скарыны і гісторыя беларускіх перакладаў Бібліі, духоўная культура і права ў Вялікім Княстве Літоўскім і іншыя тэмы. У вывучэньні беларускіх сьлядоў на ангельскай зямлі ён зрабіў, напэўна, найболей.
Гай дэ Пікарда адкрыў для беларусаў гісторыю друкара Яна Ліцьвіна, дасьледаваў ангельскі пэрыяд жыцьця Аляксандра Рыпінскага, адшукаў дом, дзе месьцілася ягоная друкарня, лёнданскія беларускія выданьні ды зробленыя дзеячам фатаздымкі ў брытанскіх музэях. Ён знайшоў брытанскі сьлед сястры Вацлава Іваноўскага Галены і аднавіў гісторыю зацікаўленага ў беларушчыне кола арыстакратаў з Кембрыджскага ўнівэрсытэту пачатку ХХ ст. А яшчэ Гай дэ Пікарда дасьледаваў ангельскія сувязі славутай мэцэнаткі Магдалены Радзівіл ды наогул роду Радзівілаў.
Гай дэ Пікарда быў сапраўдны апантаны дасьледнік. Ён сам вызначаў праблемы для дасьледаваньняў і імкнуўся вырашаць іх. І абавязкова публікаваў вынікі, паўсюль, дзе мог – па-ангельску й беларуску. Ад 1997 году ён цягам колькіх гадоў у адзіночку рабіў англамоўны часапіс “Byelorussian Chronicle”: пісаў і зьбіраў для яго матар’ялы, здымкі, афармляў і памнажаў асобнікі.
Калі сабраць разам усё, напісанае Гаем дэ Пікарда па гісторыі беларуска-ангельскіх сувязяў, то атрымаецца ладны том, зьместу і якасьці якога можа пазайздросьціць прафэсійны гісторык. Магчыма, ён не заўсёды разумеў беларусаў, у тым ліку й тых з паваеннай эміграцыі, якіх лёс прывёў на Брытанскія выспы. Гай дэ Пікарда заўсёды дыстанцыяваўся ад палітыкі, падкрэсьліваючы, што Беларусь яго цікавіць цалкам, без залежнасьці ад тае ўлады, якая сядзіць у Менску.
Гэты сьціплы, ветлівы й прыемны ў размове чалавек цягам доўгіх гадоў проста ціха працаваў як дасьледнік на ніве беларушчыны.
Натальля ГАРДЗІЕНКА
Хведар КАЖАНЕВІЧ
(14.ІІ.1925 - 27.ІІ.2007)
Хведар Кажаневіч нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў вёсцы Любельполь (цяпер Любель) Пінскага павету. У 1940 годзе разам зь сям’ёю быў вывезены бальшавікамі ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у Польскае войска, якое выехала ў Іран і ў канцы ў Італію. У войску скончыў афіцэрскую школу, браў удзел у баявых акцыях, у тым ліку і пад Монтэ-Касіна.
Па вайне, у 1946 годзе, прыехаў у Англію, дзе пасьля мабілізацыі з войска пасяліўся ў горадзе Брадфорд і працаваў на тэкстыльнай фабрыцы. Пасьля пераехаў у горад Манчэстэр, дзе і пражыў сваё жыцьцё, працуючы інспэктарам транспарту.
Па прыезьдзе ў Англію адразу ўступіў у Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі і браў чынны ўдзел у грамадзкім і рэлігійным жыцьці, займаў пасаду старшыні Манчэстэрскага аддзелу ЗБВБ, а потым і беларускага клюбу. Моцна падтрымліваў БАПЦ, быў актыўным у парафіяльнай управе, сьпяваў у хоры. Належаў да арганізацыі беларускіх камбатантаў, праз доўгія гады належаў да Рады БНР.
У асобе св. пам. Х. Кажаневіча ЗБВБ страціла шчырага беларуса, патрыёта, працаўніка на грамадзкай ніве.
Нябожчык пакінуў у смутку жонку Кляру, сына Віктара, дачок Нірвану, Надзю, зяця Андзі і чатырох унукаў.
Пахавальны абрад выканаў а. Ян Абабурка. На могілках адсьпявалі жалобны марш “Сьпі пад курганам герояў”.
Выказваем шчырыя спачуваньні сям’і.
Няхай яму будзе лёгкі супачынак у Царстве Нябесным.
Галоўная Ўправа і сябры ЗБВБ
31 сакавіка 2007 году позна ўвечары ў Вільні на 95-м годзе жыцьця памёр старэйшы сябра Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі, апошні прадстаўнік міжваеннай беларускай інтэлігенцыі Аляксей АНІШЧЫК (Андрэй ЧЭМЕР).
Паховіны Аляксея Анішчыка адбыліся ў аўторак, 3 красавіка 2007 году, на Праваслаўных Сьвята-Еўфрасіньнеўскіх могілках Вільні.
Няхай будзе яму зямля пухам.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.