Рассылка

Апытаньне
Чым, на вашу думку, быў голад на Ўкраіне ў 1930-я гады?
Вынікам бездарнай палітыкі бальшавікоў па ўсім СССР, якая ня мела нацыянальнай афарбоўкі
Наўмыснай карнай акцыяй бальшавіскага рэжыму супраць самастойных сялян па ўсім СССР
Наўмысным генацыдам украінскага народу расейцамі
Голаду не было, гэта фальсіфікацыя




 
№560ВЕСТКІМаладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Беларусь за месяц

Паводле Радыё Свабода

Эканамічныя санкцыі

18 сьнежня ўрад Канады ўвёў санкцыі супраць Беларусі. Абмежаваньні тычацца экспарту тавараў у Беларусь. Паводле пастановы, любая кампанія, якая пажадае прадаць тавар у Беларусь, павінна зьвярнуцца да ўладаў па экспартную ліцэнзію.

Крыху небясьпечнейшым выглядае рашэньне Рады міністраў краінаў Эўразьвязу аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый. Санкцыі ўступяць у сілу праз шэсьць месяцаў, але ў беларускіх уладаў ёсьць шанец “выправіцца”.

Левыя аб’ядналіся

17 сьнежня Чарнігаве (Украіна) прайшоў устаноўчы зьезд Саюзу левых сілаў. Чаму Ўкраіна? У Беларусі праз адмовы было амаль немагчыма знайсьці залю для правядзеньня форуму.

На чарнігаўскі зьезд прыехалі 484 дэлегаты: ад Партыі камуністаў Беларусі, сацыял-дэмакратаў і партыі жанчын “Надзея”.

Кіраўніком новага Саюзу абраны Сяргей Калякін, ганаровым старшынём – Аляксандар Казулін.

Пра выбары ці хучэй адсутнасьць выбару

14 студзеня ў Беларусі маюць прайсьці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Выбары амаль безальтэрнатыўныя: на дэпутацкае месца прэтэндуе ў сярэднім 1,05 чалавека, гэта значыць у 97% акругаў (усяго акругаў 22 658) яны будуць безальтэрнатыўныя. Нейкія прыкметы дэмакратыі можна адзначыць у сталіцы, дзе сярэдні конкурс большы: тры чалавекі на месца: тут для журналістаў і назіральнікаў трэба захоўваць бачнасьць дэмакратыі. У сталіцы зарэгістраваныя кандыдатамі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік Алесь Міхалевіч, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Затое ў выбарчыя камісіі ў Менску ня трапіў ніводны дэмакратычны кандыдат. У мікрараёне, дзе я жыву, за месяц да выбараў паставілі ля газэтнага шапіка стэнд, на якім мусяць зьмяшчаць інфармацыю пра кандыдатаў у дэпутаты. У канцы сьнежня ніякай інфармацыі яшчэ не было.

Многія дэмакратычныя кандыдаты лічаць за лепшае ня ўдзельнічаць у выбарах. Яшчэ за некалькі месяцаў да выбараў ад удзелу ў фарсе адмовілася Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя – БНФ, потым – Партыя камуністаў беларуская. Цяпер і сацыял-дэмакраты думаюць пра тое, ці варта браць удзел. Іх лідэр Аляксандар Казулін з-за сьценаў віцебскай калёніі заклікаў ня ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. Партыя БНФ і АГП пакуль не адмовіліся ад гульні ў кіраваную дэмакратыю.

Галадоўка Казуліна

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін трымаў галадоўку з 20 кастрычніка па 12 сьнежня. Нагадаем, што яшчэ 20 верасьня ён зьвярнуўся «да грамадзянаў Беларусі, прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый з прычыны сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі». Казулін прапаноўваў неадкладна склікаць Кангрэс дэмакратычных сіл, сфармаваць Урад народнага даверу, а палітрадзе аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьвярнуцца да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага з патрабаваньнем прыняць на сябе часовае выкананьне абавязкаў кіраўніка дзяржавы і прызначыць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. На выкананьне патрабаваньняў экс-кандыдат у прэзыдэнты даваў месяц. Паколькі ўсе пункты не былі выкананыя, Аляксандар Казулін абвесьціў з 20 кастрычніка бестэрміновую галадоўку, у тым ліку і ў знак пратэсту супраць парушэньнем А. Лукашэнкам канстытуцыі.

Галадоўку Казулін трымаў 53 дні, амаль у поўным інфармацыйным вакууме. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі на акцыю, натуральна, увагі не зьвярталі, а наклад незалежных СМІ мізэрны. Эўропа таксама не цікаваліся беларускімі праблемамі. Яе больш непакоіла здароўе сэрбскага ваеннага злачынцы Ваіслава Шэшэля, як абвесьціў галадоўку ў Гаазе падчас працэсу Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі.

Тым ня менш лідэр сацыял-дэмакратаў датрымаў галадоўку да ўручэньня Аляксандру Мілінкевічу ў Страсбуры прэміі Сахарава па правох чалавека. А пытаньне галадоўкі ледзь не было разгледжана на паседжаньні Рады бясьпекі ААН. Разгляд пытаньня заблякавала Расея.

За час галадоўкі А. Казулін згубіў больш за 30 кг вагі, амаль траціну ад таго, што важыў.

“Партнэрства” вызваленае цалкам

26 сьнежня быў вызвалены (умоўна датэрмінова) апошні з арыштаваных сябраў незарэгістраванай ініцыятывы “Партнэрства” – Цімох Дранчук. Рашэньне пра вызваленьне прыняла спэцыяльная камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Такім чынам цягам паўгоду на волю выйшлі ўсе сябры “Партнэрства” (Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка), якіх напачатку палохалі абвінавачваньнямі ў тэрарызме, але потым асудзілі толькі паводле артыкулу аб незарэгістраванай арганізацыі. Цяпер Дранчуку давядзецца штотыднёва адзначацца ў міліцыі і жыць пад наглядам. Падчас знаходжаньня ў няволі (у сакавіку) у Цімоха нарадзіўся сын.

Тым часам старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпан Сухарэнка напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў зноў заявіў пра меркаваныя – у дзень выбараў – акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня “з мэтай скіданьня існуючага рэжыму”. Год назад ён палохаў гэтым людзей, каб не выходзілі на акцыі пратэсту падчас прэзыдэнцкіх выбараў.



Памёр Іван Навуменка

17 сьнежня памёр пісьменьнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка. Яму быў 81 год. Навуменка быў ці не адзіным пісьменьнікам, якому званьне народнага надаў сам Лукашэнка. Але было тое ў 1995 годзе. Тым ня менш І. Навуменка не падтрымаў стварэньня ў 2005 годзе праўладнага Саюзу пісьменьнікаў і нават даслаў ягонаму старшыні Чаргінцу гнеўны ліст. Тады Чаргінец заявіў, што пісьменьнік знаходзіцца ў коме і непрытомны.

Але ўлады ў нас помсьлівыя. На грамадзянскую паніхіду і пахаваньне не прыйшоў ніводзін з афіцыйных асобаў. Затое былі калегі (Ніл Гілевіч, Валянцін Тарас, Леанід Дранько-Майсюк, Валянцін Тарас), сябры, вучні.

Пахавалі Івана Навуменку на менскіх Кальварыйскіх могілках, побач з жонкаю.

Пазьняк - люстэрка нацыянальных інтарэсаў

Сьнежаньскае апытаньне лідэраў грамадзкай думкі й экспэртаў, праведзенае незалежнымі сацыёлягамі, прынесла нечаканыя вынікі. На пытаньне «Назавіце імёны беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў нацыянальнага ўзроўню, якія ў найбольшай ступені адлюстроўваюць вашыя інтарэсы?» першы радок заняў Зянон Пазьняк. Ягоную кандыдатуру адзначылі 20% работнікаў недзяржаўнага і 10% — дзяржаўнага сэктараў (усяго – 15%). Мілінкевіч – на другім месцы (12%).

Успаміны Касмовіча

Пры канцы лістапада выйшлі з друку ўспаміны грамадзкага дзеяча, кіраўніка Беларускага вызвольнага фронту Дзьмітрыя Касмовіча (1909-1991).

Апісаны ў кнізе час ахоплівае 1920—1945 гг. Касмовіч апісвае праведзенае ў Нясьвіжы дзяцінства, вучобу ў Радашковіцкай гімназіі ды ад’езд за мяжу ў канцы 1920-х. Ён быў адным зь першых беларускіх нацыянальна сьведамых эмігрантаў. Праўда, Касмовіч з пачаткам Другой сусьветнай вайны, у 1939 годзе, вярнуўся ў Беларусь – каб прынесьці карысьць Бацькаўшчыне. За саветамі ён быў “бурмістрам” Нясьвіжу, за немцамі займаўся стварэньнем паліцэйскіх фармаваньняў. Ён арганізаваў менскую паліцыю, а ў лістападзе 1941 году выехаў на Браншчыну і Смаленшчыну, дзе арганізаваў атрады службу парадку.

Па вайне Касмовіч жыў у Штутгарце, узначальваў Беларускі Вызвольны Фронт і браў удзел у безьлічы антыкамуністычных форумаў ва ўсім сьвеце.

Праўда, гэты пэрыяд жыцьця ў кнізе адстунічае, аўтар не пасьпеў дапісаць успаміны. Кніга лёгка чытаецца. Замовіць яе можна праз “Кнігі-поштай” (www.knihi.net)

“Людзі СБМ” Ю. Туронка

Пад Каляды зьявілася новая кніга Юрыя Туронка “Людзі СБМ”. Манаграфія выдадзеная ў Вільні, бо менскія друкары пабаяліся яе выдаваць.

У сваёй новай кнізе сп. Туронак раскладае па палічках усю гісторыю Саюзу Беларускай Моладзі (1943—1945). Аўтар аналізуе ў кнізе пачаткі стварэньня арганізацыі, падрабязна апісвае кіраўнічыя кадры (у тэксьце зьмешчаныя каля 40 біяграмаў), дасьледуе дзейнасьць Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне.

У кнізе таксама друкуюцца дакумэнты СБМ, вершы і песьні, напісаныя пад ўплывам патрыятычнага ўздыму самымі сябрамі ці іншымі паэтамі для арганізацыі. Сярод іх аўтараў і шэраговыя СБМаўцы, і вядомыя творцы Натальля Арсеньнева, Міхась Кавыль, і кіраўнік Саюзу беларускай моладзі Міхась Ганько.

Уласны карэспандэнт

Газавыя кантракты

Напярэдадні Новага году беларуская дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам пасьля 12-гадзінных перамоваў падпісала кантракты з расейскім “Газпромам” на пастаўкі газу ў Беларусь. Расейскі газ у 2007 годзе будзе пастаўляцца па кошце 100 даляраў за 1000 кубамэтраў. Да 2011 году кошты на газ выйдуць на ўзровень эўрапейскіх (з адлічэньнем затрат на транзыт і дастаўку газу ў Заходнюю Эўропу).

Кантракты прадугледжваюць падвышэньне тарыфаў на транзыт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі з 0,75 да 1,45 даляра за перапампоўваньне 1000 кубамэтаў на 100 кілямэтарў. Гэтая стаўка зафіксаваная.

“Газпром” заплаціць 2,5 мільярды даляраў за палову акцыяў “Белтранссгазу” цягам 4 гадоў.

Кантракты былі падпісаныя ў апошнюю хвіліну. Беларускі бок ў ходзех перамоваў на 20 цэнтаў саступіў у сваёй папярэдняй пазыцыі наконт тарыфу на транзыт расейскага газу – з 1,65 да 1,45 даляра за перапампоўваньне 1000 кубамэтраў газу на 100 кілямэтраў. Прычым стаўка транзыту зафіксаваная на 5 гадоў, у адрозьненьне ад кошту на газ, які штогод будзе расьці.

Эканамісты мяркуюць, што Беларусь, падпісаўшы кантракты, прайграла, бо паддалася на вельмі закрыты спосаб продажу акцыяў “Белтрансгазу”, а гэта нельга было рабіць у такім рэжыме: без тэндэру, без якаснай прапрацоўкі пытаньня, пад ціскам. Ёсьць шмат прэтэнзіяў да таго, як была праведзеная гэтая зьдзелка. Адзіны пазытыўны бок – кошт на газ будзе ўсяго 100 даляраў, а ня 200, як магло быць.

Улады пастараюцца перакласьці наступствы падвышэньня коштаў на паліва на прадпрыемствы і насельніцтва. Беларусаў чакае гарантаванае падвышэньне цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі й транспарт, паліва стане значна даражэйшым, магчымасьці фінансаваньня інвэстыцыйных праграмаў таксама скароцяцца. Відавочная пагроза для стабільнасьці фінансавай і банкаўскай сыстэмы.

Пакуль нявырашанай застаецца таксама вельмі важная праблема падаражаньня расейскай нафты, на перапродажы якой беларускі ўрад зарабляў каля 2 млрд. даляраў штогод.


Кіраўніцтва КХП БНФ накіравала ліст лідэрам ЗША, Вялікабрытаніі й Расеі “дзеля прыняцьця рашэньняў і дзеяньняў у абарону Беларусі”. У ім выказваецца апасеньне, што расейскія ўлады плянуюць анэксію Беларусі празь незаконны рэфэрэндум аб Канстытуцыйным акце. Дзеля гэтага выкарыстоўваецца і эканамічны ціск на Беларусь. Паводле КХП БНФ, такія дзеяньні супярэчаць Будапэшцкаму мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі Беларусі.

Кіраўніцтва партыі сцьвярджае, што палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі “наўпрост супярэчыць трэцяму пункту Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 г. аб гарантыях бясьпекі Беларусі, прынятага ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй, падпісанага Беларусяй у знак згоды на адмаўленьне ад ядзернай зброі”.

Кіраўніцтва КХП-БНФ таксама патрабуе выдаліць зь Беларусі амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які, як напісана ў звароце, “выступіў з падбухторшчыцкімі заявамі аб правядзеньні незаконнага анэксійнага рэфэрэндуму ў Беларусі аб гэтак званым “канстытуцыйным акце” і аб ліквідацыі сувэрэнітэту краіны шляхам маніпуляцыяў аб’яднаньня з Расеяй”.

У лісьце падкрэсьліваецца, што “пуцінская ўлада выкарыстоўвае статус Расеі - краіны-прадаўца энэргетычных рэсурсаў для палітычнага ціску на Беларусь з мэтаю стварэньня эканамічнага крызісу і ліквідацыі сувэрэнітэту Беларускай дзяржавы”.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Ваш камэнтар
Імя 
Места 
Пошта 
Камэнтар 
Антыспам *  
* Увядзіце тэкст, які бачыце на малюнку справа. Гэта патрэбна нам для абароны ад аўтаматычных рэклямных паведамленьняў.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2009. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1, падтрымка сайта — mikhed.ru
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы