Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Лятарэя грынкартаў ЗША DV-2008

У кастрычніку пачынае дзейнічаць чарговая лятарэя грынкартаў DV-2008. Простыя, але строгія правілы гэтай праграмы дазваляюць прыехаць на сталае месца жыхарства ў Злучаныя Штаты Амэрыкі асобам з краінаў зь невысокім узроўнем эміграцыі ў ЗША.

Сёлета ня маюць права ўдзельнічаць у лятарэі асобы, народжаныя ў наступных краінах: Бразыліі, Канадзе, Кітаі (матарыковай частцы), Калюмбіі, Дамініканскай Рэспубліцы, Сальвадоры, Гаіці, Індыі, Ямайцы, Мэксіцы, Пакістане, Філіпінах, Пэру, Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі, Паўднёвай Карэі, Злучаным Каралеўстве (Вялікабрытаніі) і яе тэрыторыях за выключэньнем Паўночнай Ірляндыі., а таксама Віетнаме.

Ад 2005 году Дзярждэпартамэнт выкарыстоўвае электронную рэгістрацыю з мэтаю зрабіць лятарэю больш эфэктыўнай і бясьпечнай. Таксама выкарыстоўваюцца адмысловыя тэхналёгіі для выкрыцьця ашуканства з мэтаю іміграцыі й тых асобаў, хто дасылае больш за адную заяву.

Пэрыяд рэгістрацыі

Заявы на ўдзел у DV-2008 павінны быць дасланыя электронна ў любы час паміж 12 гадзінай папаўдні (EDT) 4 кастрычніка 2006 году і 12 гадзінай папаўдні (EDT) 3 сьнежня 2006 году. Доступ да запаўненьня заявы падчас пэрыяду рэгістрацыі можна знайсьці па адрасу: www.dvlottery.state.gov Заявы, дасланыя поштаю, прымацца ня будуць.

Патрабаваньні

- Каб узяць удзел у лятарэі, трэба быць народжаным у краіне, ураджэнцам якіх дазволена дасылаць заявы. Але ёсьць яшчэ два шляхі, якія дазваляюць узяць удзел у лятарэі. Першы, калі вы нарадзіліся ў адной з краінаў, пералічаных вышэй, але ваш(-ая) муж (жонка) нарадзіліся ў краіне, ураджэнцам якой дазволена браць удзел у лятарэі. Другі, калі вы ня маеце права браць удзел у лятарэі, але ніводны з вашых бацькоў ня быў народжаны ў краіне вашага нараджэньня, тады вы можаце напісаць краіну нараджэньня аднаго з бацькоў, калі ўраджэнцы той краіны маюць права на ўдзел у лятарэі.

- Каб даслаць заяву вам трэба мець сярэднюю адукацыю альбо яе эквівалент, альбо мець два гады працоўнага досьведу на працоўным месцы, якое патрабуе два гады вучобы альбо практыкі.

Дасыланьне заявы

- Дзярждэпартамэнт будзе прымаць толькі заявы, дасланыя электронна падчас пэрыяду рэгістрацыі.

- Усе заявы ад адной і той-жа асобы будуць дыскваліфікаваныя, калі будзе атрымана больш чым адна зь іх. Заяву можна запаўняць самаму ці папрасіць нейкага зрабіць гэта за вас.

- У выніку пасьпяховай рэгістрацыі на экране зьявіцца пацьверджаньне, у якім будзе вашае імя, дата нараджэньня, краіна, і час падачы заявы.

- Вашая заява будзе дыскваліфікаваная, калі ня будуць прыкладзеныя ўсе патрэбныя фатаздымкі. Да заявы неабходна дадаць нядаўнія фатаздымкі наступных асобаў: вас, вашай жонкі (мужа), кожнага дзіцяці не старэйшага 21 году, у тым ліку ўсыноўленых дзяцей, нават калі вы цяпер зь імі не жывеце;

Ня трэба дасылаць фатаздымкі дзяцей, калі яны ўжо зьяўляюцца грамадзянамі ці сталымі жыхарамі ЗША.

Групавыя здымкі не прымаюцца, трэба дасылаць асобны здымак кожнай асобы.

Лічбавыя фатаздымкі павінны быць прыкладзеныя падчас запаўненьня заявы на інтэрнэце. Іх можна зрабіць з дапамогаю лічбавай фатакамэры ці адсканаваўшы папяровыя здымкі.

Падрабязьнейшыя патрабаваньні да фатаздымкаў можна паглядзець на інтэрнэце па адрасу: www.dvlottery.state.gov

Заява

Існуе толькі адзін шлях падачы заяваў – яе трэба даслаць электронна. Тым, хто будзе запаўняць заяву, трэба будзе падаць наступныя зьвесткі:

- ваша поўнае імя;
- дату нараджэньня;
- пол;
- горад, дзе нарадзіліся;
- краіну, дзе нарадзіліся;
- далучыць усе патрэбныя фатаздымкі;
- паштовы адрас;
- краіну, дзе вы жывеце цяпер;
- нумар тэлефона (калі хочаце);
- е-мэйл адрас (калі хочаце);
- узровень адукацыі;
- сямейны стан;
- колькасьць дзяцей;
- інфармацыю пра жонку (мужа);
- інфармацыю пра дзяцей;

Адбор пераможцаў

Асобы пераможцаў зь ліку тых, хто даслаў заявы, будуць адвольна выбраныя кампутарам. Ім будзе паведамлена аб гэтым у траўні-чэрвені 2007 году і дасланая інфармацыя аб далейшых дзеяньнях. Візы праграмы DV-2007 будуць выдавацца з 01.10.2007 году да 30.09.2008 году.

Важная заўвага. Дасыланьне электроннай заявы не вымагае ніякай аплаты. Урад ЗША не ўпаўнамочваў ніякіх канультантаў для правядзеньня гэтай лятарэі. Любыя юрыдычныя ці прыватныя асобы, якія прапаноўваюць дапамогу ў падрыхтоўцы заяваў на лятарэю, дзейнічаюць без ніякіх паўнамоцтваў ад ураду ЗША.

Усе прынятыя да ўдзелу ў лятарэі заявы: дасланыя самым заяўнікам ці нанятымі ім асобамі, маюць роўныя магчымасьці быць выбранымі. На гэта не ўплываць ні месца, адкуль была дасланая заява, ні час, калі яе даслалі, калі ён будзе у межах пэрыяду рэгістрацыі.

Поўны тэкт інструкцыі для ўдзелу ў DV-2008 можна знайсьці па адрасу: http://travel.state.gov/pdf/DV_2008_Final.pdf


Вынікі лятарэі грынкартаў DV-2007

Консульскі цэнтар у штаце Кентакі зарэгістраваў і разаслаў паведамленьні пераможцам лятарэі грынкартаў DV-2007. Цяпер яны могуць афармляць дакумэнты на атрыманьне іміграцыйных візаў. Колькасьць пераможцаў, які атрымалі лісты, была прыкладна 82 000 з увагі на тое, што ня ўсе зь іх змогуць давесьці справу атрыманьня візаў да канца. Гэтая большая лічба дазволіць выдаць усе 50 000 візаў, якія павінны быць выданыя ў 2007 годзе па гэтай праграме.

Пераможцы DV-2007 былі выбраныя з больш як 5,5 мільёнаў заяваў, пададзеных з 5 кастрычніка да 4 сьнежня 2005 году. Візы былі падзеленыя паміж шасьцю геаграфічнымі рэгіёнамі, і максімальная колькасьць візаў, выдадзеная асобам з адной краіны, ня перавышае 7% ад агульнай колькасьці. Пераможцы лятарэі павінны дзейнічаць хутка і даслаць усю патрэбную інфармацыю. Як толькі агульная колькасьць выдадзеных візаў дасягне 50 000, праграма DV-2007 будзе закончаная. Пераможцы, якія не атрымаюць візы да 30 верасьня 2007 году потым ужо ня змогуць іх атрымаць. Тыя самыя ўмовы адносяцца да іх сямейных.

Найбольшую колькасьць візаў сярод эўрапейскіх краінаў атрымае Ўкраіна 7205. На другім і трэцім месцах Альбанія 1988 і Баўгарыя 1674. Беларусы атрымаюць 705 візаў. Асобы народжаныя ў Польшчы й Расеі летась удзельнічаць у лятарэі не маглі, бо гэтыя краіны і так маюць досыць высокі ўзровень эміграцыі ў ЗША. Бліжэйшыя суседзі Беларусі Летува і Латвія атрымаюць адпаведна 298 і 75 візаў.

Тыя асобы, якія бралі ўдзел у DV-2007, але ніякіх паведамленьняў не атрымалі, пераможцамі выбраныя не былі. Калі пажадаюць, яны могуць узяць удзел у DV-2008, умовы якой надрукаваныя вышэй.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы