| | | | Нашая фанатэкаПесьні Свабоды”: музычнае адлюстраваньне новага часу Анатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык Да тэмы музыкі і яе ўзьдзеяньня на душы слухачоў зьвярталіся многія пісьменьнікі й філёзафы. Адзін з тых, хто найбольш дакладна, на мой погляд, вызначыў філязофскі бок пытаньня быў беларускі паэт Максім Багдановіч, які ў сваім апавяданьні “Музыка” (Поўны збор твораў, том ІІ, с. 6) ў сымбалічнай форме асэнсаваў мэту музычнай творчасьці. Калі Максім распавядаў пра лёс музыкі, які так граў, што “людзі падымалі апушчаныя галовы”, то абавязкова падкрэсьліваў, што ён “граньнем сваім будзіў ад цяжкага сну.”
Абуджаць ад “цяжкага сну” нацыянальнага нігілізму, бяздумнасьці і сацыяльнай пасіўнасьці маладых беларусаў узялася разам з іншымі моладзёвымі рухамі і вядомае ўжо незалежнае выдавецтва VoliaMusic. Першым ягоным выданьнем стала кружэлка “Песьні Свабоды”, наклад якой быў распаўсюджаны сярод моладзі па падпісцы і падчас веснавых падзеяў сёлета. Пра папулярнасьць гэтага выданьня сярод моладзі сьведчыць той факт, што музычныя кампазыцыі з дыска “Песьні Свабоды” былі спампаваныя ў інтэрнэце больш чым 50 тысяч разоў. Пра гэты ўражваючы факт паведаміў прадстаўнік выдавецтва на прэс-канфэрэнцыі, што адбылася ў штаб-кватэры Партыі БНФ. Ім-жа было адзначана, што гэты посьпех натхніў выдаўцоў VoliaMusic ажыцьцявіць працяг працы – выдаць дыск “Песьні Свабоды-2”.
Праграму згаданай кружэлкі вырашана было распачаць экспрэсіўным гітом “Час прыйшоў” у выкананьні ўкраінскага гурту “De Shifer” – герояў мінулай “памаранчавай рэвалюцыі”, што так ўскалыхнула ўсю Ўкраіну. Трэба адзначыць, што беларускамоўны тэкст у выкананьні ўкраінскіх музыкаў гучыць вельмі чыста, арганічна. Словы ягоныя простыя, але ёмістыя па сваім пасыле да слухачоў:
Я прабіў непрабіўныя сьцены, Прабіваць буду зноў і зноў: Час прыйшоў, час прыйшоў!
Песьня гурту “De Shifer” – выдатны прыклад салідарнасьці паміж украінскімі і беларускімі музыкамі.
На “Песьнях Свабоды-2” дэбютавалі пэрспэктыўныя выканаўцы беларускамоўнага гіп-гопу – “KROU” i “Імпэратар”, што супрацоўнічаюць у рэп-камандзе “Сyrvonym pa Bielym”. Кампазыцыя “KROU” “Крывавы сакавік/ Зоры”, а таксама рэп “Імпэратара” “Ўздымайце запальніцы” – узор таго шляху, па якім сёньня пайшлі беларускамоўныя гіп-гоп-выканаўцы. Радасна, што ў Беларусі зьяўляюцца таленавітыя чытальнікі рэпу і тое, што беларускія выканаўцы гэтага кірунку імкнуцца сьмела адгукнуцца на тыя падзеі, што адбываюцца ў краіне. Але разам з гэтым хацелася-б, каб вулічныя рыфмы ў гэтых выканаўцаў былі ня толькі цьвёрдымі, але і не супярэчылі законам роднай мовы. А для гэтага трэба больш ашчадна адносіцца да Слова. Да таго-ж, не заўсёды апраўдвае сябе стыль выкананьня, які можна было-б назваць “стылем чужаніцы”. Відавочна, што некаторым часткам кампазыцыяў не хапае эмацыянальнага напалу, які-б пасаваў да іхняга тэксту.
З навінак, што прадстаўленыя на дыску “Песьні Свабоды-2”, слухачам будзе цікава пазнаёміцца зь песьняй вядомага менскага музыкі Андрэя Плясанава (гурт “P.L.A.N.”) “Успамін пра будучыню”, у якой ён разам з аўтарам тэксту Вітаўтам Мартыненкам намалявалі ідэальную Беларусь будучыні, ў якой знойдзецца месца і мове, і культуры, і гісторыі роднага краю. У цяперашняй краіне – гэта толькі мары, і аўтары разумеюць становішча:
А пакуль, а пакуль тут пустэча глухая, Не чуваць роднай мовы ні ў дзень, ні ў начы, Тут на глебе ўрадлівай народ галадае, А жанчыны ня плачуць з-за плачу мужчын.
Па музычнай мове “Успамін пра будучыню” – унутрана вельмі напружаная, хоць вонкава лірычна-акустычная кампазыцыя. Гэта спрыяе таму, што песьня робіцца блізкай многім слухачам.
Такой-жа блізкай і зразумелай, як і песьня Л. Вольскага “Ворагам” на геніяльныя вершы клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча. Лявон Вольскі расставіў сэнсавыя і мэлядычныя акцэнты так, што ў песьні зноў на ўсю моц загучала тэма аптымізму, якога так не стае нашаму грамадзтву ў гэты няпросты для краіны час.
Акустычную частку альбому дапаўняе музычна-сатырычная замалёўка Андрэя Хадановіча “Вожык-патрыёт” на знакамітую мэлёдыю Джона Ленана і Пола Маккартні “Yellow submarine”. Пра адметнасьць гэтай вясёлай песенькі мне ўжо даводзілася весьці гаворку ў рэцэнзіі на дыск “Партызанская школа”, што быў запісаны і выдадзены навучэнцамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа.
Зусім іншую эстэтыку моладзёвага супраціву адлюстроўваюць беларускія гурты экстрымальнага кірунку. І гэтую частку праграмы дыска “Песьні Свабоды-2” распачынае гурт “Нейра Дзюбель”, што прадставіў на ім сваю кампазыцыю “Край”. Слухачоў заўсёды захапляла парадаксальнасьць тэкстаў гэтага панк-гурту, праз якія бачны шырокі філязофскі погляд музыкаў на супярэчлівыя зьявы жыцьця. Але тут, бадай, упершыню ў сваёй творчасьці, “Нейра Дзюбель” і ягоны лідэр Аляксандар Кулінковіч так шырока асэнсавалі філязофскую катэгорыю асабістай свабоды ў рэчышчы свабоды роднай Беларусі.
Адрэналінавы моладзёвы напал слухачы адчуюць ў самых экстрымальных кампазыцыях дыска, якія прадставілі слухачам сталічны гурт “SOK” – “Менск – горад свабоды!” і магілёўскі гурт “Таварыш Маўзэр” – “Беларусь будзе вольнай!” Калі для першага з названых гуртоў – гэта дэбютная спроба ў плыні беларускамоўнай творчасьці, то пераможца “Басовішча-2005” гурт “Таварыш Маўзэр” добра вядомы слухачам вастрынёй тэкстаў і магутнасьцю “цяжкага” гучаньня. З адметнасьцяў згаданых кампазыцыяў адзначу, што гурт “SOK” мае ў сваім складзе двух бубначоў, якія надаюць гучаньню разнастайны рытмічны малюнак. А вось гурт “Таварыш Маўзэр” на запіс песьні “Беларусь будзе вольнай!” запрасіў былую салістку гурту “Тарпач” Сьвятлану Сугаку, якая дадала экспрэсіі да вакальных партыяў у гэтай песьні.
Мякчэйшы па гучаньню гурт “Siver” уносіць сваю бонду ў трохі несвоечасовую спрэчку наконт таго, якой па колеру павінна быць будучая беларуская рэвалюцыя. І мае свой адказ – “Колер маёй рэвалюцыі – белы!” Гэты колер у музыкаў асацыюецца з чысьцінёй пачуцьцяў, з колерам першага каханьня, з маладосьцю і воляй. Можна зразумець маладых музыкаў!
Такія вядомыя беларускія выканаўцы як “ZET” і “:B:N:” прадстаўленыя кампазыцыямі “Белакрылы анёл” і “Цягнік” з толькі што выдадзеных імі альбомаў – адпаведна “radzima.com” і “Zyvie rock-n-roll!” Вылучаюцца яны з усяго трэк-ліста “Песень Свабоды-2” яркім мэлядызмам. Ён падкрэслівае драматызм сёньняшняй беларускай сытуацыі, якая нараджае трагічныя пытаньні, кшталту: /дзе той, хто здыме насланьнё, /дзе падзеўся белакрылы наш анёл?/ (“ZET”), ці /няўжо не адкрыем мы вочы, /няўжо не ўстанем з кален?/ (:B:N:).
Асаблівы падарунак слухачам – нізка вядомых і папулярных кампазыцый беларускага року мінулых гадоў. Мяркуйце самі: “Наша ўскраіна” “Мясцовага часу”, “Пляц Францыска” гурта “ЎЛІС”, “Ліст да сястры” “Новага неба”, “Будзь разам з намі” “Крамы”, “Я нарадзіўся тут” Зьмітра “Тодара” Вайцюшкевіча – гэта ня толькі вядомыя многім маладым беларусам гіты, але і “залатая скарбонка” беларускага року, ягоная гісторыя ў песьнях…
Калі Максім Багдановіч у сваім “Музыку” распавядаў пра тое, як галоўны герой апавяданьня “граньнем сваім будзіў ад цяжкага сну”, дык каб падкрэсьліць экспрэсію выкананьня, паэт выкарыстоўваў наступныя словы: “…музыка быццам вырастаў ў вачах людзей і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну…” Упэўнены, што наш нацыянальны геній не зьдзівіўся-б, калі трапіў на адну з плошчаў Менску, дзе адбылася live-прэзэнтацыя “Песень Свабоды-2”, якая была прысьвечаная 15-м угодкам наданьню канстытуцыйнай моцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Бо на гэтым канцэрце быў чутны сапраўдны гул струнаў, баса і бубнаў па ўсім Менску: каля 10 тысяч слухачоў воплескамі, воклічамі “Жыве Беларусь!”, бел-чырвона-белымі сцягамі віталі выканаўцаў, сярод якіх былі знакамітыя і маладыя гурты “Крама”, “Нейра Дзюбель”, “P.L.A.N.”, “Band A”, “Таварыш Маўзэр”, “Pomidor /OFF” і, зразумела, куміры беларускай прагрэсыўнай моладзі – гурт “N.R.M.” Большасьць песень, што прадстаўленыя на дыску “Песьні Свабоды-2”, слухачамі сьпяваліся разам з выканаўцамі, агульным шматтысячным хорам. І гэта ўражвала арганізатараў і палохала тых, хто прыйшоў на плошчу не па сваёй волі. Асабліва, калі гурт “N.R.M.” засьяпяваў гімн сёлетніх вяснавых падзеяў – песьню “Усё роўна мы пераможам” (“Гадзючнік”). Дарэчы, відэакліп на гэтую кампазыцыю прадстаўлены на дыску “Песьні Свабоды-2”, таксама, як і кліп на рэп-камазыцыю “Не!” ўдзельнікаў “Партызанскай школы”.
І хоць на канцэрце пільныя людзі ў цывільным патрабавалі ад слухачоў і выканаўцаў згарнуць нацыянальныя сьцягі, ніхто іх не хаваў, проста сьцягі ўскладваліся на плечы, але калі на заканчэньні канцэрту загучала песьня “N.R.M.” “Лёгкія-лёгкія”, ніхто ўжо ня змог утрымаць маладых людзей: бел-чырвона-белыя сьцягі вольна залуналі над Менскам ізноў, а вокліч “Жыве Беларусь!” яшчэ доўга не сьціхаў над вечаровым горадам…
Розгалас ад гэтага канцэрту-прэзэнтацыі быў такі магутны, што некаторыя іншыя музыкі не змаглі ўстрымацца ад аналягічных дзеяньняў. Так праз два дні на канцэрце вядомага швэдзкага гурта “The Cardigans”, ягоная салістка Ніна Пэрсан на разьвітаньне таксама выгукнула ў залю “Жыве Беларусь!” На што заля адказала адным выбухам з грудзей: “Жыве!” Тут успомніліся заключныя радкі апавяданьня М. Багдановіча “Музыка”: “…выйдуць дзесяткі новых музыкаў і граньнем сваім будуць будзіць людзей к сьвету, праўдзе, брацтву і свабодзе.”

Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |