Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Трохі аб Тадэвушу Касьцюшку

Міхась ШВЭДЗЮК

Андрэй Тадэвуш Бонавэнтура Касьцюшка (04.02.1746 – 15.10.1817) быў, без сумніву, вялікай гістарычнай асобай. Палякі ўважаюць яго за свайго патрыёта і нацыянальнага героя. А беларусы, дзеля таго што нарадзіўся ён у Беларусі і за ягонае паходжаньне, лічаць яго беларускім героем.

Трэба прызнаць, што і палякі, і беларусы маюць права называць Т. Касьцюшку сваім. Але ў жыцьці гэтага выбітнага чалавека было шмат выпадкаў, пра якія польскія гісторыкі, па зразумелых прычынах, стараюцца не гаварыць. У гэтым кароткім артыкуле я пастараюся ўспомніць некаторыя такія малавядомыя факты.

Нарадзіўся ён у Мерачоўшчыне каля Косава на Палесьсі. Але маці Тадэвуша, Тэкля Ратальская, не была паляшучкаю. Ёсьць дакумэнты, якія сьведчаць, што нарадзілася яна ў шляхецкай уніяцкай сям’і недалёка ад Воршы. Трэба тут ўспомніць, што ўніятамі былі выключна беларусы й украінцы, колішнія праваслаўныя. Дык можна сьмела казаць, што Тэкля Ратальская была беларуска. Натуральна сам Тадэвуш Касьцюшка, ад маці беларускі й уніяткі, мусіў быць таксама ня кім іншым, як беларусам. Трэба таксама ўзгадаць, што дзед Т. Касьцюшкі па маці быў уніяцкім сьвятаром.

Мала гэтага, маці Тэкля, верная сваёй рэлігіі, ахрысьціла свайго сына ва ўніяцкай царкве, дзе й надалі яму імя Андрэй. Бацькі Тадэвуша ў той час не было дома. Калі-ж ён вярнуўся і даведаўся, што сына ўжо ахрысьцілі, то не пагадзіўся з гэтым і перахрысьціў малога ў рыма-каталіцкім касьцёле ў Косаве, дзе той і атрымаў імя Тадэвуш. Ад гэтага часу Касьцюшка вядомы як Тадэвуш, а Андрэй успамінаецца толькі ў бібліяграфічных даведніках і энцыкляпэдыях.

Пазьней маці Т. Касьцюшкі пераехала жыць у вёску Даўгаліскі ў Люблінскім ваяводзтве ў Польшчы, дзе была ўніяцкая царква. Сам Тадэвуш Касьцюшка вельмі добра памятаў пра свае ўніяцкія карані, бо менавіта гэтай царкве ў Даўгалісках ён ахвяраваў свой ордэн Цынцынаты, які атрымаў з рук амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Вашынгтона. Цікава было-б даведацца працяг гісторыі гэтага ордэну, і дзе ён знаходзіцца цяпер.

Сказаўшы гэта, да месца будзе ўспомніць і іншы погляд Касьцюшкі на традыцыі ўніяцкай царквы – царквы ягонай маці й ягоных продкаў. Ён, вялікі герой вызвольных войнаў і дэмакрат, ня вагаўся прапанаваць польскаму ўраду змусіць уніяцкіх сьвятароў увесьці польскую мову ў набажэнствы, “бо-ж тады польскі дух у іх ўвойдзе”.

Агульна прынята, што Тадэвуш Касьцюшка браў удзел у амэрыканскай вайне за незалежнасьць выключна з ідэалягічных матываў. Можа так і было. Аднак чым вытлумачыць тое, што ён дамагаўся ад амэрыканскага ўраду аплаты запазычаньня за сваю працу? Звычайна людзі, якія ваююць з ідэалягічных матываў, не патрабуюць за гэта аплаты. Тут крыецца нейкая супярэчнасьць.

Тадэвуш Касьцюшка меў шмат вайсковых посьпехаў, але ня меў іх у дамскіх салёнах і ў жаніцьбе. У Польшчы ён закахаўся ў Людвіку Сасноўскую, дачку генэрала, разам зь якою ён хацеў уцячы. Натуральна, што бацька Людвікі, калі даведаўся аб гэтым, быў вельмі незадаволены. Убачыўшы злосьць генэрала, Т. Касьцюшка тады выехаў у Францыю.

Потым, ужо маючы 44 гады, ён закахаўся ў 18-гадовую дзяўчыну, але і гэтым разам бацька дзяўчыны ня даў згоды на шлюб.

Памёр Тадэвуш Касьцюшка 15 кастрычніка 1817 году ў Швайцарыі пасьля таго, як упаў з каня.

Помнікі Тадэвушу Касьцюшку ў ЗША

Помнік КасьцюшкуПомнік Касьцюшку
БостанЧыкага
Помнік КасьцюшкуПомнік Касьцюшку
ФілядэльфіяСанкт-Пэтэрбург (ЗША)
Помнік КасьцюшкуПомнік Касьцюшку
ВашынгтонВаенная Акадэмія ў Вэст-Поінт

Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы