РЭЗАЛЮЦЫЯ27-й Сустрэчы Беларусаў Пачночнай АмэрыкіМы, удзельнікі 27-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, прадстаўнікі беларускай грамады Злучаных Штатаў Амэрыкі і Канады, што сабраліся на свой форум тут у штаце Нью Джэрзі, ЗША:
Асуджаем антынацыянальны аўтарытарны рэжым, які быў створаны ўзурпатарам Лукашэнкам у выніку скасаваньня правоў і свабодаў грамадзянаў; тэрарызаваньня апазыцыйных сілаў і перасьледу ўсіх нязгодных з мэтамі й мэтадамі сёнешняй улады; патаптаньня нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай мовы й культуры, ліквідацыі беларускамоўных школаў; самаізаляцыі дзяржавы на міжнароднай арэне; авантурнага й недальнабачнага кіраваньня эканомікай; гандлю сувэрэнітэтам і незалежнасьцю краіны ў абмен на вышэйшую пасаду для Лукашэнкі ў суседняй дзяржаве; выкраданьня й зьнішчэньня палітычных апанэнтаў.
Адзначаем, што сёньня, як ніколі, дэмакратычная апазыцыя на нашай Бацькаўшчыне вымагае падтрымкі й дапамогі. Сілы, якія змагаюцца супраць незалежнага дэмакратычнага выбару Беларусі сёньня, дзякуючы падтрымцы пэўных колаў Расеі й некаторых іншых краінаў, цалкам кантралююць дзяржаўны апарат, сродкі масавай інфармацыі ды ўсе іншыя сфэры жыцьця грамадзтва. Дзякуючы ўжыцьцю супраць беларускага народу карных ваенізаваных структураў ды брутальных рэпрэсіўных мэтадаў, рэжым Лукашэнкі здолеў запалохаць пэўную частку грамадзтва, а значная колькасьць нязгодных з рэжымам грамадзянаў апынулася на эміграцыі. Але істотная частка грамадзтва не скарылася і працягвае барацьбу. Выказьнікам волі гэтых людзей ёсьць дэмакратычная апазыцыя, што працуе ва ўмовах, блізкіх да абставінаў сталінскіх часоў і паваеннага камуністычнага тэрору ў Эўропе. Аб’яднаная Эўропа, вызваленая ад таталітарызму, нажаль, сёньня робіць для Беларусі значна менш, чым магла-б зрабіць. Дзеля гэтага мы, беларусы Паўночнай Амэрыкі, ускладаем спадзяваньні на ўрады нашых краінаў — ЗША і Канады, у справе дапамогі Беларусі дзеля дэмакратычных зьменаў і ў справе падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі.
Заклікаем урады ЗША, Канады й краінаў Эўропы заявяць аб недапушчальнасьці незаконнага рэфэрэндуму пра так званы “канстытуцыйны акт” незаконнай так званай “саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі”. Таксама заклікаем урад ЗША гарантаваць выкананьне прынцыпаў Будапэшцкай дэклярацыі 1994 году аб гарантыях сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.
Заклікаем усіх беларусаў і выхадцаў зь Беларусі ў ЗША і Канадзе, амэрыканцаў і канадыйцаў з каранямі ў Беларусі, дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне і краіне продкаў аднавіць дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць. Зрабіць гэта можна праз дапамогу дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ў выглядзе збору фінансавых сродкаў, удзел ў кампаніях салідарнасьці й пратэсту, падтрымку заканадаўчых ініцыятываў датычных Беларусі, працу з сваімі сэнатарамі й кангрэсмэнамі, інфармаваньне парлямэнтароў і прадстаўнікоў урадаў пра становішча ў Беларусі, адзначэньне адмоўнай ролі Расеі ў беларускім пытаньні, прыцягненьне ўвагі да непасьлядоўнай пазыцыі Эўразьвязу да рэжыму Лукашэнкі (асуджэньне на словах і актыўны гандаль). Разам, аб’яднаўшыся, мы ўсе — каму дарагая Беларусь і ейная будучыня — зможам дабіцца пералому сёнешняга становішча ў Беларусі, зможам справай дапамагчы дэмакратычнай апазыцыі, зможам наблізіць дзень краху рэжыму, які называюць апошняй дыктатурай Эўропы.
3 верасьня 2006 г.,
Нью Брансуік, Нью Джэрзі
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.