Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Канфлікт на маскоўскай дарозе

Зянон ПАЗЬНЯК

Казуліна засудзілі канчаткова. Пяць з паловай гадоў – абсалютна несувымерны прысуд за дробнае парушэньне (разьбіў партрэт Лукашэнкі ў міліцыі, астатнія абвінавачваньні несур’ёзныя і цалкам палітыканскія). Максімум, што па закону маглі-б прысудзіць Казуліну, – гэта 15 сутак арышту альбо штраф. Але атрымаў неверагодны тэрмін.

З гэтай нагоды я хацеў-бы нагадаць пэўным грамадзянам Беларусі некалькі істотных палажэньняў.

Людзі, якія ўваходзяць у палітыку з жаданьнем лёгка навесьці там парадак, павінны ведаць як мінімум два правілы.

Правіла агульнае:

Палітыка ёсьць найвышэйшая і асаблівая грамадзкая сфэра дзейнасьці людзей, дзе трэба быць палітыкам. Калі ім ня быць, то ні розум, ні адукацыя, ні грошы, ні навуковыя званьні не дапамогуць. (У палітыцы, дарэчы, нямала абмежаваных і малаадукаваных людзей, неінтэлектуалаў і псыхічна непрадказальных, якія няблага, тым ня менш, спраўляюцца са сваімі, на іх думку, галоўнымі задачамі – ўтрыманьня пасады і ўплыву на грамадзтва.)

Правіла дастасаванае:

Ніколі беларускія нацыянальныя інтарэсы не дасягаліся, не дасягаюцца і ня будуць дасягацца пры дапамозе Расеі і расейскай палітыкі. Бо гэта супярэчыць прыродзе дачыненьняў.

Пяцісотгадовая вайна паміж Масковіяй і Вялікай Літвой была вайной цывілізацыйнай і не на жыцьцё, а на сьмерць. (Паўтаруся: гэта не канфлікт інтарэсаў, гэта вайна на сьмерць.) Па ўсіх плянах, дэклярацыях, дактрынах і дзеяньнях расейцаў, іхняга царызму, бальшавізму, сацыялізму, гэбізму-пуцінізму мы, ліцьвіны-беларусы, павінны зьнікнуць з палітычнай і культурнай мапы сьвету. Расейцы адкрыта, нястомна і ўвесь час пра гэта кажуць (а гісторыя вынішчэньня пацьвярджае).

Беларусы, якія ідуць у палітыку і ігнаруюць гэтую прыроду рэчаў, як правіла, у выніку прыносяць шкоду Беларусі і асабіста сабе. Бо наіўнымі і абсурднымі ёсьць думачкі скарыстаць расейцаў (і найперш расейскія грошы) супраць прарасейскага Лукашэнкі (у той час калі ён патрэбны Расеі).

Тым часам НКВД-КГБ-ФСБ ад сваіх мэтадаў ніколі не адступаецца: скарыстаць наіўнячкоў і, пасьля зрабленьня імі справы, “выплюнуць” іх (а калі ўзьнікнуць “праблемы”, то і забіць).

Лёсы Карпенкі, Ганчара, Чыгіра, Марыніча, Казуліна нічаму, аднак, не навучаюць. Аматары сыграць у “апазыцыю” і абдурыць маскоўцаў на мякіне не пераводзяцца. У выніку – абдурваюць самых сябе, бо сьляпы не заблудзіць відушчага.

У дачыненьнях з Расеяй (дакладней, у вечным канфлікце з Расеяй) ёсьць два шляхі – гэта дарожка Лукашэнкі (прамаскоўская палітыка) і – шлях нацыянальна-незалежніцкі (палітыка Беларускага Адраджэньня). Іншых шляхоў (“трэціх”, “чацьвертых” і т. п.) не існуе. Казуліны, Карпенкі, Чыгіры, Ганчары, Марынічы і ім падобныя хадзілі дарожкай Лукашэнкі супраць Лукашэнкі (які, паўтараю, Маскве выгадны). У выніку гэтыя асобы былі скарыстаныя ў маскоўскіх палітычных інтрыгах у Беларусі і потым (пасьля выкарыстаньня) кінутыя на волю лёсу (дакладней, на волю Лукашэнкі) альбо зьнішчаныя.

Аналізуючы выказваньні гэтых людзей і датычных да іх (В. Лявонава, А. Мілінкевіча і г. д.), відаць, што ніхто зь іх па сутнасьці глыбока не ўсьведамляе падзеяў і зьместу расейска-лукашэнкаўскай палітыкі. Ніхто не зьбіраецца адмаўляцца ад “дарожкі Лукашэнкі” ў нібыта “змаганьні” з Лукашэнкам. Ніхто не гатовы ісьці дарогай барацьбы супраць расейскай антыбеларускай палітыкі, стаць на нацыянальна-незалежніцкі шлях Беларускага Адраджэньня, бо гэта ня тыя людзі.

Гэта добра ілюструе, дарэчы, нядаўняя (20.09.2006) заява А. Казуліна. Тут поўна пустых прапановаў і пустапарожніх фразаў пра “правы чалавека”, “рэжым” і “аб’яднаньне” ўсіх супраць рэжыму, апэляцыя да Захаду і г. д. Але ні слова няма пра галоўнае: пра лёс Беларускай незалежнасьці перад палітычнай і эканамічнай агрэсіяй Расеі, пра тое, супраць чаго і за што беларусам трэба змагацца, каб захаваць сваю дзяржаву, мову, культуру, народ і незалежнасьць.

Пішацца, што “А. Лукашэнка разьвязаў халодную грамадзянскую вайну супраць свайго народу”, але не гаворыцца, у чым-жа сутнасьць гэтай вайны. Бо і фармулёўка няправільная. Не “грамадзянскую вайну” вядзе Лукашэнка, а антынацыянальную, антыбеларускую, (па прыкметах тыпова акупацыйную са зьнешнімі палітычнымі прывязкамі), перасьледуе нацыянальную беларускую моладзь, нацыянальныя сымбалі, мову, культуру, фальсыфікуе нацыянальную гісторыю, зьнішчае нацыянальную літаратуру, нацыянальную навуку, нацыянальны беларускі друк, беларускі інтэрнэт, ліквідуе беларускую школу і выкладаньне па-беларуску, публічна зьдзекуецца з нацыянальнай мовы і блюзьнерыць над памяцьцю Васіля Быкава і Францыска Скарыны.

Гэта ашаламляльная зьява ў ХХІ стагодзьдзі. Прамаскоўскай уладай у Беларусі і ад імя ўлады праводзіцца агрэсіўная палітыка этнацыду і вынішчэньня беларускай культуры. Робіцца гэта адкрыта і нахабна. Але маўчаць тут вандроўнікі па маскоўскіх сьцежках, і нічога ня піша Казулін.

Чаму яны маўчаць? Таму што яны самыя русыфікатары, якія канфліктуюць з Лукашэнкам па непрынцыповых для нацыі пытаньнях.

Не бывае дэмакратыі без нацыі і не існуе дэмакратыя без незалежнай дзяржавы. Дэмакратыя ёсьць зьява вытворная ад нацыі і дзяржавы. Тым часам цяпер беларуская нацыя і незалежнасьць пад пагрозай зьнішчэньня.

Дык чаму яны ўвесь час гучна плачуць па валасах, трацячы галаву? Таму што гэты лямант зацямняе людзям розум і адводзіць ад разуменьня галоўнай небясьпекі. Масква ўмела падтрымоўвае і накіроўвае гэтую палітычную дэмагогію. ГэБэ падтрымоўвае – Караганаў (выраблены вораг беларушчыны) занепакоены, бачыце, дэмакратыяй і “правамі чалавека” (рускіх обіжают) у Беларусі.

Дыктатура, этнацыд, інкарпарацыя ёсьць узаемазьвязаныя зьявы. Таму відавочна, што русыфікатары ня могуць мабілізаваць нацыю на барацьбу з дыктатурай, якіх-бы філіпік супраць яе яны не ўжывалі. Урэшце рэшт яны стануць, як і рэжым, душыць беларускую мову, Беларускую нацыянальную ідэю і Беларускае Адраджэньне. Некаторыя з такіх “дэмакратаў” займаюцца гэтым даўно.

Фальшывыя адносіны да Беларусі і незалежнасьці добра выяўленыя ў наступных словах з заявы Казуліна: “Мы сваечасова не змаглі ацаніць сваю свабоду: у 1991 годзе мы яе, як і незалежнасьць краіны, атрымалі без барацьбы, быццам падарунак зь нябёсаў.”

Вось у гэтым і ўся гнюснасьць такіх “дэмакратаў”. Напляваць ім на ўсё нашае змаганьне, на ўсе лёсы нашых змагароў, якія яны – нашы героі – паклалі на алтар Беларусі, волі і незалежнасьці, начхаць ім на ўсю нашу нялёгкую барацьбу за незалежнасьць і на ўсё нашае пакаленьне, якое вярнула сабе і ўсім незалежную Беларусь, волю, мову і гісторыю, начхаць на ахвяры, на страты і пакуты і на вялікую нашую перамогу, якой можам ганарыцца ня толькі мы, яшчэ жывыя яе ўдзельнікі, але і ўся Беларусь. Ім напляваць. Яны паўтараюць рэжымныя лукашысцкія прыдумачкі для цяперашніх людзей, што “незалежнасьць звалілася зь неба”. Але папярэдне лукашысты вытапталі ўсё, што можна, усе веды пра барацьбу Беларускага Народнага Фронту і пра вяртаньне незалежнасьці, пра гераічнае змаганьне дэпутацкай Апазыцыі БНФ у парлямэнце за свабоду і сувэрэнітэт Беларусі, ліквідавалі афіцыйную дакумэнтацыю, інфармацыю, друк і нават людзей, зацямнілі і замаўчалі яшчэ помныя і нядаўнія падзеі, наклалі табу на ўспамін аб нацыянальнай рэвалюцыі ў жніўні 1991 году, калі была вернутая незалежнасьць і аб наступным змаганьні.

Чаму такія людзі, як Казулін, паўтараюць цяпер гэтую прымітыўную антыбеларускую прапаганду пра незалежнасьць “без барацьбы” (за якую на справе цэлыя пакаленьні беларусаў аддалі тысячы жыцьцяў)? Яны-ж не маладзёны – ўсё памятаюць і ведаюць. А паўтараюць таму, што былі не на нашым, не на адраджэнскім баку. Бо падтрымлівалі расейскую КПСС ды ВЛКСМ, ды Маскву, ды Ельцына, ды КГБ, а некаторыя такія, як Лябедзька, Булахаў, Ганчар, Сініцын, Паўлаў і іншая партыйна-камсамольская намэнклятура (Фядута і т. п.) выступілі адкрыта супраць незалежнасьці і падтрымалі потым Лукашэнку.

Так што нічога дзіўнага ў фармулёўках Казуліна няма. Ён адпаведны сам сабе.

Што датычыць асобы грамадзяніна Казуліна і ягонага незаконнага асуджэньня на несувымерны тэрмін, то я цалкам далучаюся да тых, хто патрабуе ягонага вызваленьня і перагляду справы, выказваю спачуваньне ягонай сям’і.

Адказнасьць за помсьлівасьць, жорсткасьць і выкарыстаньне судовай машыны супраць гэтага чалавека нясе, безумоўна, Лукашэнка. Думаю, што прыйдзе час, і кожны адкажа за сваё. Судзімасьць з А. Казуліна будзе зьнятая, а пакуты кампэнсаваныя за кошт судоў і судзьдзяў, што тварылі беззаконьне.

У вольнай беларускай дэмакратычнай дзяржаве, перш за ўсё, будуць адноўленыя законнасьць і справядлівасьць.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы