Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Да гісторыі ангельска-беларускага слоўніка

Янка ЗАПРУДНІК

Свой пачатак гэты слоўнік бярэ з картатэкі ангельскіх словаў і беларускіх перакладаў, якую склала сьв. пам. Валентына Пашкевіч, шматгадовая настаўніца беларускай мовы. Картатэка была вынікам ейнай працы над падручнікам “Fundamental Byelorussian. Беларуская мова”. Падручнік выйшаў у дзьвюх частках у Таронта (Канада), дзе жыла аўтарка – першая частка ў 1974 годзе, а другая ў 1978-м. Кожная кніга мела беларуска-ангельскі й ангельска-беларускі слоўнікі (vocabularies): у першай кнізе налічвалася адпаведна 9.256 і 7.650 слоўнікавых артыкулаў, а ў другой, адпаведна — 5.128 і 4.411. Рэдагаваў абедзьве кнігі сьв. пам. Антон Адамовіч. Яны носяць на сабе сьляды моўнага выбару аўтаркі й рэдактара.

У прадмове да падручніка сказана: “Пры складаньні кнігі “Беларуская мова” за аснову ўзятая граматыка Браніслава Тарашкевіча, цібо тая, што была падставаю для ўсіх іншых граматыкаў (у іх ліку і граматыкі Язэпа Лёсіка) на прасторы ўсёй Беларусі да савецкае рэформы 1933 году” (кн. 1, ст. ІУ). Той самы правапісны прынцып (зь некаторымі адхіленьнямі) рэдакцыя захавала і ў гэтым слоўніку.

Падручнік “Fundamental Byelorussian. Беларуская мова” выйшаў за грошы, ахвяраваныя беларускім грамадзтвам ды з канадыйскай дзяржаўнай дапамогай. Былі спадзяваньні на фінансаваньне з тае самае крыніцы выданьня й ангельска-беларускага слоўніка, але яны не збыліся. Картатэка засталася нявыкарыстанай. У 1987 годзе спн. Пашкевіч перадала яе супрацоўнікам Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, Вітаўту й Зоры Кіпелям – усіх недзе каля 20 тысячаў картак (рознага памеру). На некаторых было зьмешчана па два-тры ангельскія словы зь беларускім перакладам. Сьв. пам. Зора Кіпель перапісала ўсе карткі большага фармату на меншыя – так, каб на кожнай было па адным ангельскім слове. А Вітаўт, які ў тым часе працуючы ў Нью Ёрскай Публічнай Бібліятэцы, быў таксама вольным супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” (якая знаходзілася паблізу), зрабіў на ксэракснай машыне радыё паміж 1987-м і 1990-м гадамі па дзьве копіі кожнае карткі.

Картатэка, калі яе ўзялі ад В. Пашкевіч, была даведзеная да літары “R” уключна. У 1987 годзе Юрка Станкевіч згадзіўся за сымбалічную плату рабіць кампутарны набор слоўніка. Праца была няпростай: даводзілася расшыфроўваць рукапіс, не заўсёды чытэльны. Але на гэта ў наборшчыка была ўжо практыка. Ён укладаў і выдаваў малыя падручнікі беларускай мовы зь беларуска-ангельскімі слоўнічкамі для беларускіх нядзельных школак у Амэрыцы й Канадзе і выявіў вялікае зацікаўленьне ў выданьні грунтоўнага ангельска-беларускага слоўніка.

Адзін камплект картачак Вітаўт з Зорай высылалі Юрку, а другі пакідалі для праверкі набранага ўжо тэксту. Наборшчык працаваў зь вялікай акуратнасьцяй і любоўю да гэтага праекту. Тым часам сп-ня Пашкевіч дапрацоўвала далейшыя карткі і дасылала Станкевічу беспасрэдна з Канады. У міжчасе намаганьнямі Вітаўта й Зоры Кіпеляў была створаная зь людзей у Нью-Ёрку й ваколіцах рэдкалегія слоўніка ды пачалася сыстэматычная рэдактарская й дадаткова перакладніцкая праца над кампутарным наборам. Шмат каму зь сяброў працоўнай групы былі раздадзеныя карткі аднае літары ці часткі яе на перагляд і дапаўненьні. Трэба зазначыць, што для кожнага з удзельнікаў гэта было заданьне, зь якім ніколі раней не даводзілася сустракацца. Пасьля кароткага часу індывідуальнай працы кожнага над сваёй літарай пачаліся супольныя абмяркоўваньні.

У розным часе у склад працоўнай групы ўваходзілі: Антон Адамовіч, Міхась Бахар, Томас Бэрд, Вера Запруднік, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель, Алла О. Романо, Васіль Русак, Юрка Рапецкі, Зьміцер Саўка, Аляксандар Сільвановіч, Юрка Станкевіч, Джон Стэнлі, Антон Шукелойць, Сяргей Шупа, Алена Юрэвіч, Лявон Юрэвіч. Моўныя кансультацыі даваў Сяргей Запрудскі. Зборкі працоўнай групы адбываліся менш-больш рэгулярна раз або два разы на тыдзень, найчасьцей у залі царквы Жыровіцкай Маці Божай (БАПЦ) у Гайленд-Парку ў штаце Нью-Джэрзі. Апошнімі двума гадамі рэдкалегія ў складзе Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля й Аляксандра Сільвановіча зьбіралася ў доме Янкі й Надзі Запруднікаў. На працягу ўсяго часу апрацоўваньне матар’ялу адбывалася павольна, бо ніхто зь сяброў рэдкалегіі ня быў прафэсіяналам у галіне моваведы й лексыкаграфіі. Апрача таго, кожны быў заняты сваёй справай. Праца над слоўнікам трымалася на энтузіязме, на жаданьні бачыць апублікаваным вельмі патрэбны дапаможнік для вывучэньня ў Беларусі найбольш прэстыжнае й патрэбнае замежнае мовы.

З часам былі ўзгодненыя папраўкі й дапаўненьні ўсіх літараў слоўніка, апрача трох апошніх (X, Y, Z). Зьмест будучай публікацыі павялічыўся недзе на 20-25 адсоткаў. Рэдкалегія дадала англамоўныя скароты, кампутарную тэрміналёгію, некаторыя мэдычныя, эканамічныя, спартовыя тэрміны, пабольшыла колькасьць ілюстрацыйных фразаў.

У 1995 годзе кампутарны набор слоўніка пераняў ад Юркі Станкевіча, які быў ужо перабраўшыся ў Прагу, Сяргей Шупа, таксама ў Празе. Шупа зьмяніў трансьлітарацыю вымаўленьня, дапасоўваючы яе да менскай практыкі, дапоўніў слоўнікавы запас, дадаў слоўнік геаграфічных назоваў. У ходзе ўсяе паступова мянялася і ўдасканальвалася структура слоўнікавых артыкулаў і графіка. Калі ўся праца была менш-больш закончана, вычытку ангельскай часткі слоўніка прарабілі праф. Томас Бэрд зь Вітаўтам Кіпелем у Кўінскім каледжы ў Нью-Ёрку.

На працягу апошніх гадоў працы лік сяброў рэдкалегіі рэзка зьнізіўся. Адыйшлі ў вечнасьць Антон Адамовіч (1998 г.), Васіль Русак (2001 г.), Зора Кіпель (2003 г.) Валентына Пашкевіч (2004), а некаторыя іншыя сябры ў моц розных акалічнасьцяў пакінулі ўдзельнічаць у працы над слоўнікам. Рэдкалегію ачольвала да вясны 2003 году сьв. пам. Зора Кіпель, а далей – Янка Запруднік. Ад восені 2003 году папаўняньне слоўнікавага запасу й рэдагаваньне рабілі Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Аляксандар Сільвановіч і Сяргей Шупа.

Зборам ахвяраваньняў на выданьне слоўніка займаўся ўвесь час Вітаўт Кіпель. З гэтых грошай быў аплачаны кампутар для набору слоўніка.

Варта зазначыць, што нікому зь сяброў рэдкалегіі ніякай платы за працу давалася. Наадварот, яны самі пакрывалі немалыя выдаткі на аплату транспарту, паперы, капіяваньня ды іншага.

Што да моўных і правапісных асаблівасьцяў слоўніка, дык ён, бясспрэчна, аўтарскі, але ня цалкам. Няўхільна рэдкалегія рабіла зьмены й дапаўненьні.


Па інфармацыю аб слоўніку зьвяртайцеся на адрас:

J. Zaprudnik
42 Deerfield Rd.
Somerset, NJ 08873
janzap@aol.com


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы