| | | | 27 Сустрэча Беларусаў Паўночнай АмэрыкіВіталь ЗАЙКАУ Нью Брансуіку, штат Нью Джэрзі, 2-4 верасьня сёлета прайшла 27-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі – традыцыйны форум беларусаў ЗША і Канады, а таксама з Бацькаўшчыны ды іншых краінаў, што адбываецца раз на два гады у адной зь мясьцінаў Паўночнай Амэрыкі. Традыцыя Сустрэчаў бярэ свой пачатак з 1952 году, калі ў ліпені месяцы ў мястэчку Ніягара Фолз па ініцыятыве Задзіночаньня Беларускай Моладзі адбылася першая Сустрэча, мэта якой была сабраць прадстаўнікоў беларускай грамады Паўночнай Амэрыкі для вырашэньня надзённых арганізацыйных пытаньняў, каардынацыі дзейнасьці, а таксама правядзеньня таварыскіх і забаўляльных імпрэзаў. З таго часу Сустрэчы праводзяцца пад нейкай адмысловай тэмай і ўлучаюць сэмінары й круглыя сталы, а пад канец удзельнікі Сустрэчы прымаюць рэзалюцыю, што рассылаецца па беларускіх асяродках у сьвеце, а таксама ў належныя афіцыйныя ўстановы ЗША і Канады.
Гэтым разам тэма Сустрэчы й Сымпозіюму пры ёй была наступная: “У абарону дэмакратыі ў Беларусі”; у яе праграму былі ўлучаныя паседжаньні круглых сталоў па пытаньнях становішча ў Беларусі, а таксама спосабах, у якія беларуская грамада Паўночнай Амэрыкі, беларусы па ўсім сьвеце, змаглі-б дапамагчы змаганьню за свабоду, дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць Беларусі супраць дыктатуры пра-маскоўскіх антынацыянальных сілаў.
Напачатку сустрэчы ў гатэлі Гаят-Рыджэнсі з уступным словам выступіў кіраўнік арганізацыйнага камітэту Сустрэчы і старшыня аддзелу БАЗА ў Нью Джэрзы сп. Юрка Азарка. Былі прачытаныя праклямацыя ад губэрнатара штату Нью Джэрзі Джона Корзайна і прывітаньне ад кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта. Затым прысутныя падзяліліся на дыскусійныя групы, што ўзялі ўдзел у працы круглых сталоў па тэмах: “Ушанаваньне ахвяраў лукашэнкавага тэрору” (мадэратары — Алеся Кіпель і Юрка Азарка); “Роля беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў забясьпечаньні дапамогі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі” (мадэратары Вячка Станкевіч і Віталь Зайка); “Аналіз прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі, і шанцы апазыцыі на зьмену вынікаў гэтых выбараў” (мадэратары Зянон Пазьняк і Алеся Сёмуха).
У працы першага круглага стала, нажаль, не змагла ўзяць удзел спн. Ірына Красоўская, жонка зьніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, якая мелася быць ганаровай кіраўнічкай дыскусійнай групы. На гэтым круглым стале былі абмеркаваныя пытаньні, зьвязаныя з справамі зьніклых у 1999-2000 гг., пэрспэктывы аднаўленьня вышуку ў гэтых справах, а таксама ўжыцьцё тэрору супраць свайго народу рэжымам Лукашэнкі. Абмяркоўваліся таксама спосабы, у якія можна найбольш эфэктыўнага аказваць дапамогу пацярпелым ад лукашэнкавага тэрору.
На другім круглым стале былі разгледжаныя падзеі апошніх шасьці месяцаў у Беларусі, уключна з прэзыдэнцкімі выбарамі, і дадзены аналіз цяперашняга стану справаў у апазыцыйных колах у Беларусі. Былі абмеркаваныя шляхі найбольш выніковай дапамогі для апазыцыйных сілаў, а таксама дзеяньні, неабходныя для мабілізацыі беларускай грамады Паўночнай Амэрыкі для дапамогі Бацькаўшчыне, і спосабы, у якія трэба інфармаваць належныя ўлады й інстытуцыі пра становішча ў Беларусі, і ў якія трэба аказваць уплыў на фармаваньне палітыкі ў адносінах да рэжыму ў Беларусі.
Удзельнікі дыскусійнай групы на трэцім круглым стале прааналізавалі падрыхтоўку, ход і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і падзеі “гарачага сакавіка”. Былі разгледжаныя таксама стан і рэсурсы апазыцыйных сілаў і магчымыя кірункі, у якіх мусіла-б разьвівацца дзейнасьць апазыцыі дзела перагляду вынікаў выбараў, якія не былі прызнаныя ўрадамі краінаў вольнага сьвету.
Па выніках працы круглых сталоў адбылося пленарнае паседжаньне ўдзельнікаў Сустрэчы, на якім былі прадстаўленыя падсумаваньні дыскусыяў на трох круглых сталах і рэкамэндаваныя пункты для ўлучэньня ў рэзалюцыю Сустрэчы.
Пазьней увечары ў вялікай залі гатэлю Гаят-Рыджэнсы адбылася баль-сустрэча ўдзельнікаў імпрэзы.
Назаўтра, 3 верасьня, удзельнікі Сустрэчы наведалі набажэнства ў царкве Жыровіцкае Божае Маці Беларукай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Гайленд Парку. Потым адбыўся банкет, на якім прагучэлі прывітаньні ўдзельнікам Сустрэчы і выступілі ганаровыя госьці. Усьлед за банкетам прайшоў канцэрт з удзелам славутай Валянціны Пархоменка і трыё сям’і Казакоў. Па выніках працы Сустрэчы была прынятая рэзалюцыя і зварот.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |