Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Я яшчэ ў пошуку
(інтэрвію)

Юлія Вінакурава-Шатэрнік нарадзілася ў 1982 годзе ў Менску, у сям’і вядомага скульптара й мастака Алеся Шатэрніка. У 2004 годзе скончыла мастацкі факультэт Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Культуры. Апрача жывапісу, захапляецца працай з калажам, ткацтвам і вышыўкай.

Творы Юліі Вінкуравай-Шатэрнік выстаўляліся ў Беларускім Нацыянальным Палацы Культуры, Музэі рускага сучаснага мастацтва Аляксандара Глэйзера ў Джэрзі-Сіці (Нью Джэрзі), International Stella Gallery (Парыж), Nectar Gallery (Лонг-Айленд), Vanderplas Gallery (Нью Ёрк) і інш. Шмат якія працы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у розных краінах сьвету.

1 чэрвеня сёлета, у месьце Рыджвуд (Нью Джэрзі) у Рыджвудзкай публічнай бібліятэцы адчынілася першая пэрсанальная выстава мастачкі. Гэтая падзея сталася падставаю для гутаркі паміж Юліяй Вінакуравай-Шатэрнік і Сержуком Сокалавым-Воюшам.


– Наўрад ці ёсьць у Беларусі мастакоўская сям’я, у якой дзеці цураюцца пэндзаля ці алоўка. Зразумела, ня ўсе яны вырастаюць у самастойных прафэсыйных творцаў, і далёка ня ўсе ў 24 гады могуць пахваліцца гэткай геаграфічна шырокай прысутнасьцю ва ўсясьветным мастацкім працэсе. На тое трэба адпаведныя ўмовы, драбочак шанцаваньня, але, перад усім, своечасова заўважаны й разьвіты талент. Як-жа ўсё пачыналася? Які твой першы ўспамін пра ўласную творчасьць?

– Зь дзяцінства любіла маляваць (пераважна алоўкамі й гуашшу) а таксама рабіць маленькія скульптурныя кампазыцыі з плястыліну (кветкі, грыбы, хатнія жывёлы). У майго бацькі была майстэрня на Дзімітрава, і я выразна памятаю, як ён часта браў мяне й маю сяброўку Машку (яна цяпер таксама мастачка, скончыла Акадэмію Мастацтваў як мастак-мадэльер) з сабою ў майстэрню, і мы ляпілі маленькія плястылінавыя скульптуркі. Памятаю таксама, як спрабавала дапамагчы бацьку ў ягонай працы (падкарэктаваць нос, лоб ці вочы у ягоных барэльефах). Але асаблівае захапленьне мела да стварэньня апраткі для лялек і самых лялек, што, дарэчы, атрымлівалася досыць добра.

З трынаццаці гадоў я пачала хадзіць у гурток мадэляваньня й канструяваньня адзеньня, у якім займалася чатыры гады й нават атрымала сэртыфікат. Там мы стваралі, шылі, а потым самыя паказвалі зробленае адзеньне на розных конкурсах... Гэта адзін з найлепшых успамінаў на ўсё жыцьцё...

Мой бацька быу зацікаўлены ў тым, каб я займалася мастацтвам. Ён бачыў ўва мне імкненьне да творчасьці, бачыў талент, разумеў, што па характару мне вельмі пасуе прафэсія мастачкі. У выніку мы вырашылі, што я буду паступаць ва Ўнівэрсытэт Культуры на факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нажаль, я не была дастаткова прафэсійна падрыхтаваная (малюнак, жывапіс) каб паступіць у Акадэмію Мастацтваў, а вось для Ўнівэрсытэту Культуры бацька падрыхтаваў мяне ня кепска. І вось на працягу пяці гадоў я прафэсійна вывучала ткацтва, вышываньне, а таксама жывапіс, малюнак, кампазыцыю, дызайн...

– Калі ты ўжо закранула асобу бацькі, варта было-б сказаць шырэй пра ягонае месца на тваім мастакоўскім шляху...

– На маім мастакоўскім шляху творчасць і асоба бацькі займае самае галоўнае месца. Па-першае, я перакананая, што талент маляваць у мяне – ад яго. Мой бацька вельмі таленавіты. Апрача скульптуры, якой ён шмат гадоў займаецца прафэсійна, апошнія 15 гадоў у ягонай твочасьці знайшлі сваё месца напісаныя алейнымі фарбамі карціны, а таксама вершы ды імпрэсіі. Іх, пад назваю “Сонца-крыж”, можна пачытаць у сьвежым нумары часапісу “Arche”.

Бацькавы творы заўседы ўражвалі мяне. Ён вельмі добра адчувае колер і гармонію шматколернасьці. Тон ягоных карцінаў пераважна пастэльны. Калі я гляджу на ягоныя імпрэсіяністычныя краявіды нашай Бацькаўшчыны, я адчуваю цеплыню, спакой, а самае галоўнае – яны натхняюць мяне, клічуць да пэндзля, да працы.

Я атрымала мастацкую адукацыю ў Беларускім Унівэрсытэце Культуры, але ўзьдзеяньне майго бацькі дапамагае авалодваць сакрэтамі выяўленчага мастацтва.

Вядома, на станаўленьне мяне як мастачкі, паўплывала таксама й тое, што бацька часта браў мяне на адкрыцьці выставаў, пленэры, мастацкія тусоўкі... Можна скончыць якую заўгодна мастацкую навучальную ўстанову, можна самому гадамі спасьцігаць сакрэты выяўленчага мастацтва й почасту знаходзіць даўно знойдзеныя Амэрыкі, а можна мець побач майстра, які словам і творчасьцю дапамагае авалодаць згаданымі ўжо сакрэтамі.

– Хто з мастакоў найбольш уражваў раней, і хто цяпер? Чаму?

– Найбольш мяне ўражвае Беларускае мастацтва. У нас ёсьць лецішча, якое знаходзіцца ў найпрыгажэйшым месцы краіны – у вёсцы Вайшхуны, што на Блакітных азёрах, там, дзе мяжуюць Менская й Віцебская вобласці. Гэта вёска знакамітая беларускімі мастакамі, такімі як Сулкоўскі, Маркавец, Баталёнак, Назарчук, Шатэрнік. Зразумела, мастакі заўсёды зьбіраліся, абмяркоўвалі свае творы, эцюды, і мяне вельмі ўражвалі тыя цудоўныя працы з краявідамі нашых Блакітных азёраў. Таксама мяне захапляе талент нашага вядомага мастака, старшыні суполкі “Пагоня” і добрага сябра майго бацькі Алеся Марачкіна. Алесь – цудоўны шматпрофільны мастак. Ён працуе ў розных жанрах жывапісу, графіцы. Ягоная творчасьць вылучаецца асацыятыўна-алегарычным мысьленьнем, асэнсаваньнем беларускай гісторыі і традыцыі. Усё гэта ня толькі ўражвае мяне, але й натхняе на стварэньне сваіх уласных твораў.

– Згаданыя табою мастакі належаць да розных мастацкіх плыняў, розных школаў. А да якой школы сябе адносіш ты?

– Я яшчэ ў пошуку. Мне падабаюцца розныя стылі: імпрэсія, мадэрн, абстракцыя, клясычныя нацюрморты. Стылі ў мяне ўзаемадзейнічаюць: магу злучаць іх, напрыклад, імпрэсію з мадэрнам. Люблю экспэрымэнтаваць у форме: пісаць ці пастозна-вялікім мазком, адначасна выяўляючы рытмы, формы і фактуры рэчы, ці лірычным, пастэльным колерам, стараючыся не губляць гармоніі. Вельмі важна ў жывапісе, каб колер узаемадзейнічаў і ў гэтым мне дапамагла Беларуская школа, мае настаўнікі па жывапісу і кампазыцыі, за што я ім вельмі ўдзячная. А мая цяга да імпрэсіі – гэта, вядома-ж, ад бацькі.

– А што ты думаеш пра вольную творчасьць у сёньняшняй Беларусі? Як мастакі твайго тыпу адчуваюць і разумеюць волю й няволю ў мастацтве?

– Воля ў мастацтве існавала заўсёды. Галоўнае, каб мастак быў вольны духам, і тады ніякія абмежаваньні на яго не паўплываюць. Мастацтва – гэта ўнутраннае жыцьцё чалавека, ягоны сьветагляд, ягонае стаўленьне да падзеяў, ягоная духовасьць. Вось-жа гэты ягоны ўнутранны сьвет і ўплывае на ягоную творчасьць.

– 31 чэрвеня зачынілася твая пэрсанальная выстава ў Рыджвудзе. Якія працы пабачылі там наведнікі?

– Выстава складалася з 22 твораў. Гэта характэрныя для мяне працы: імпрэсіяністычныя алейныя нацюрморты й фігуратыўныя (таксама алейныя) кампазыцыі ў стылі мадэрн, якімі так багатае амэрыканскае мастацтва. Зрэшты, ня будзем забывацца, што ў разьвіцьцё сучаснага выяўленчага мастацтва наагул, і амэрыканскага ў прыватнасьці, значны ўнёсак зрабілі мастакі знакамітай “віцебскай школы”, такія як Марк Шагал ды Казімер Малевіч.

– А чым адрозьніваецца працэс арганізацыі выставы ў Беларусі ад таго-ж самага працэсу ў іншых краінах?

– Працэс арганізаціі выставы ў Беларусі й за мяжой падобны тым, што як дома, так і тут існуюць калектыўныя, тэматычныя, пэрсанальныя, канцэптуальныя выставы. Але ў Амэрыцы: мастак вольны ў сваіх думках і выказваньнях, у сваёй мастацкай дзейнасці, што не заўсёды ёсьць у Беларусі.

Тут вельмі шмат мастакоў, і прадаць свае працы зусім ня проста, павінна быць рэкляма, раскрутка... І ўсё-ж тут мастацтва запатрабаванае больш, Магчыма таму, што тут больш матар’яльна забясьпечаных людзей.

У Беларусі зрабіць пэрсанальную выставу складаней. Гэта зьвязана й зь невялікай колькасьцю заляў і з матар’яльным станам наведнікаў. Таму беларускія мастакі імкнуцца выставіцца за мяжою, асабліва моладзь. Вельмі ня кепска выстаўляюцца ў Эўропе маладыя мастакі, якія толькі атрымалі вышэйшую мастацкую адукацыю. Можна выставіцца ў бібліятэках.

– А ці малюеш ты карціны на замову?

– Я малюю ўсё... У любым стылі. А яшчэ вучу маляваць іншых. Прыкладам, цяпер у мяне вучыцца малюнку й жывапісу дзесяцігадовая дзяўчынка.

На заканчэньне нашай размовы я папрасіў Юлю згадаць які-небудзь цікавы выпадак з мастакоўскага жыцьця. У выніку атрымаўся абразок, які мая суразмоўніца назвала:

Адным словам мастакі

Гады са тры таму мы, гэта значыць я з мужам Алесем і мой бацька, удзельнічалі ў пленэры, прысьвечаным Язэпу Драздовічу. Справа была на вялікім Богінскім возеры, што на Браслаўшчыне.

Мы з Алесем крыху спазьніліся, але затое прыехалі падрыхтаванымі як мае быць, сур’ёзна: мелі вялікі намёт, рыбацкія прылады для падводнага лову, ежу ды моцнае надзейнае адзеньне, якое не пакідала камарам аніякіх шанцаў, апрача як памерці з галадухі. Мой муж – зацяты рыбак, добра ведае, што такое начоўка на беразе возера.

А вось нашыя сябры-мастакі хоць і ведаюць прыроду ня горш за нас, конча пазбаўленыя практычнасьці. Іхнае адзеньне – кароткія (да калена) штаны й кашулі без рукавоў, напэўна, уратавалі ў той вечар ад скананьня цэлую камарыную генэрацыю. Зь ежы яны ўзялі з сабою пераважна пярлоўку, спадзеючыся навудзіць рыбы для каралеўскай вячэры. Ну й навудзілі! Пяць рыбінак-сялявак за дзень! Але нічога. Паставілі мы намёт, паабедалі ўсе разам, адпачылі...

Надыйшоў вечар, заварушылася камарынае каралеўства так, што ні сядзець, ні стаяць, ні хадзіць ня можна. Адно толькі польку скакаць, каб табе ногі да каленяў не паад’ядалі ці да вушэй ня зьелі. І сьмех, і грэх, але неяк перажылі і нават раніцай многія на пленэр выйшлі (дзеля таго-ж і ехалі!).

Тыя-ж, хто меў пры сабе вуды, альбо моцна пацярпеў ад камароў і ня мог цьвёрда трымаць пэндзаля, падаліся вудзіць. Ну, зразумела, і мой Алесь зь імі, толькі ня з вудай, а ў адпаведнай экіпіроўцы для падводнага лову. Зьдзівіліся мастакі, паўсьміхаліся, маўляў, давай-давай... Але прайшло некалькі хвілінаў, і кплівыя ўсьмешкі зьмяліся на ўсьмешкі зьдзіўленьня, а потым і захапленьня: раз – шчупак, два – шчупак, тры – шчупак, ды й чатыры таксама...

Абед атрымаўся сапраўды каралеўскі: юшка, рыбка печаная з цыбуляй, ну й да рыбкі... Як згадаю, аж есьці хочацца.

Да абеду-ж пасьпелі й тыя, хто маляваў. Яны ўражана глядзелі на наш агульны стол, а мы – на іхныя творы й чыё ўражаньне было большым – сказаць не бяруся. Адно толькі камары, напэўна, злосна пазіралі са сваіх узьбярэжных сховаў ані не разумеючы, дзеля чаго ўсё гэтае мастацтва, калі так есьці хочацца.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы