Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Гадавы зьезд ЗБВБ

Сыльвэстар БУТКЕВІЧ

Агульны гадавы Зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі, 60-ы па ліку, адбыўся ў суботу 3-га траўня 2006 году.

Зьезд пачаўся, згодна праграмы, падрыхтаванай Галоўнай Управай ЗБВБ, а 14-й гадзіне ў залі Беларускага культурна-грамадзкага цэнтру ў Лёндане.

Старшыня ўступаючай управы спн. Лёля Міхалюк прывітала прысутных, сярод іх і трох новых сяброў, і адкрыла зьезд. Яна папрасілі а. Аляксандра Надсона памаліцца за посьпех. Ён разам з новавысьвечаным айцом дыяканам Сяргеем Стасевічам памаліліся і пажадалі ўсім посьпеху ў працы.

Выбарчая мандатная камісія: Міхась Баяроўскі, Янка Ясьвіловіч, і Сыльвэстар Буткевіч, правёўшы падлікі, пастанавіла, што кворум ёсьць, і зьезд будзе правамоцным.

У прэзыдыюм зьезду былі абраныя: старшыня Міхась Швэдзюк, сакратары Сяржук Вінаградаў і Мікола Пачкаеў.

Справаздачу ўступаючай управы здала спн. Л. Міхалюк. Яна адзначыла, што ўправа на працягу апошняга году працавала вельмі актыўна. Яе сябры рэпрэзэнтавалі ЗБВБ на зьездах у Бэльгіі, Летуве і Чэхіі, а таксама ў Лёндане ў справе абароны дэмакратыі ў Беларусі. Управа арганізоўвала імпрэзы на беларускія сьвяты, высылала віншаваньні ў дзяржаўныя ўстановы й беларускія арганізацыі. Дзякуючы стараньням сябраў управы беларускае пытаньне дыскутавалася ў брытанскім парлямэнце.

Скарбнік уступаючай управы сп. Сяргей Пяткевіч распавёў пра фінансавы стан арганізацыі. Шмат сродкаў было выдаткавана на рамонт беларускага дому ў Лёндане, а таксама гаражоў. З-за гэтых выдаткаў грошай у касе застаецца няшмат.

Дыскусія над справаздачамі была нядоўгая, і ўсе яны былі аднагалосна прынятыя.

Выбары новай Галоўнай управы далі наступныя вынікі: старшыня – Л. Міхалюк; заступнік старшыні - М. Пачкаеў; сакратар-скарбнік С. Пяткевіч; сябры ўправы: Павал Шаўцоў, Сяржук Вінаградаў, Андрэй Вышадак; наглядная рада: сп. Калінін, Алена Сенька і Джон Ясьвіловіч.

Спн. Л. Міхалюк падзякавала сябрам за давер і прапанавала закончыць зьезд адсьпяваньнем нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Смачны пачастунак прыгатавалі сяброўкі ЗБВБ Алена Сенька і Джын Дзейка. Дзякуй ім вялікі! Пры чарцы віна час праляцеў хутка, і дэлегаты зьезду разьехаліся ў розныя куткі Англіі.

Жыве Беларусь!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы