Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Зь беларускага жыцьця ў Саўт Рывэры, Нью Джэрзі

Я. З.

Удзел у парадзе

У Дзень Памяці (апошні панядзелак травеня) беларуска-амэрыканская грамада Саўт-Рывэру бярэ ўдзел у традыцыйным парадзе, які ладзяць амэрыканскія вэтэраны. Сёлета, як і папярэднімі гадамі, ініцыятарамі такога ўдзелу былі прыхаджане царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай і кіраўніцтва Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру.

Вялікі парад, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі гарадзкой улады, школьнікі, вэтэраны ды розныя арганізацыі й клюбы, прайшоў вуліцамі гораду са сьцягамі, транспарантамі, музыкай і песьнямі. Беларуская група несла транспарант “Царква Cьв. Еўфрасіньні”, а таксама амэрыканскі й беларускі сьцягі. З мабільнага дыскагалосьніка раздаваліся беларускія песьні.

Ля помнікаў загінулым войскоўцам з часоў Першай і Другой cусьветных войнаў вэтэраны ўсклалі вянкі. Прамоўцы гаварылі пра памяць аб палеглых у абароне свабоды.

Фэстываль

Сястрыцтва й прыхаджане царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай (юрысдыкцыя Канстантынопальскага патрыяряхату, настаяцель – а. Міхаіл) ушаноўваюць дзень патронкі свае царквы ладжаньнем фэсту. Сёлетняе сьвяткаваньне адбылося ў суботу 3-га чэрвеня. Хоць неба было хмарнае, зь перапынным дажджом, заля Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру гудзела ад народу. Было што выпіць, смачна паесьці ды на што паглядзець на сталох, густа застаўленых мноствам ахвяраваных фантаў. Кожны меў нагоду паспрабаваць лятарэйнага шчасьця. І, трэба сказаць, шмат хто шырока адчыняў свой кашалёк. Арганізатаркі з дапамогаю дабраахвотнікаў старанна папрацавалі над падрыхтоўкай фэсту. Задзейнічана было ў ягоным правядзеньні некалькі дзясяткаў асобаў, якія завіхаліся ў адмыслова зробленых чырвоных кашульках на кухні й каля сталоў. Наведнікам, якіх налічвалася, бадай, больш за трыста, былі забясьпечаныя парадак і выдатная абслуга. Прадбачаючы мокрае надвор’е, арганізатары расставілі намёты, пад якімі стаяла музычная апаратура, прадаваліся рэлігійныя прадметы, вітамінізаваныя напоі, жарылася сьвініна.

Канцэртную праграму арганізавалі спарарства Валентын і Тацьцяна Дзямешчыкі. Песьнямі ды інструмэнтальнай музыкай забаўлялі слухачоў у залі, пад акампанімэнт Т. Дзямешчык, салісты Лідзія Кано, Аляксандар Балотнік, Анастасія Стралец, а таксама Таня й Валянтын Дзямешчыкі ды ансамбль музыкаў пад кіраўніцтвам Дзімітра Бычкоўскага.

Танцавальная група, падрыхтаваная Віталіяй (Вілачкай) Ляўчук, управілася ў добры час паміж дожджыкамі пратанцаваць народныя танцы. Таксама прывабілі гледачоў гішпанскім нумарам дзьве танцаўніцы, маці з дачкой, Натальля й Сьвятлана Храновіч, яны былі апранутыя ў шыкоўныя шматкаляровыя спадніцы-вееры.

На фэстывалі добра правялі час госьці зь Беларусі: віцэ-консуль РБ у Нью-Ёрку сп. Віктар Чараховіч з жонкай, а таксама мянчане сп. Мікола Матрунчык і Насьця Крывіцкая, удзельнікі Генэральнай Асамблеі ААН па пытаньнях СНІДу (AIDS).


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы