Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Купальле ў Нью Ёрку

Мікола ЦІМАШЭНКА

У рэзэрвацыі Ward Pound Ridge у штатце Нью Ёрк 25–26 чэрвеня адбылося сьвяткаваньне Купальля. Беларуская справа – цяжкая ноша, і трымаецца яна на плячох сумленных беларускіх нацыяналістаў, якія нястомна кіруюцца сьветлай любоўю да Беларусі і яе сьвятых традыцыяў праз усё жыцьцё! Адразу трэба падзякаваць тым людзям, якія арганізавалі гэтае цудоўнае мерапрыемства Пятру і Алене Рыжым! Асобны дзякуй спадарыні Валі Якімовіч.

Надвор’е не спрыяла ахвочым адзначыць Купальле: большую частку дня ліў дождж, але-ж сабралася значная колькасьць людзей. Было больш за 30 хлопцаў і дзяўчат з блізкіх і далейшых ваколіцаў Нью Ёрку (у бальшыні гэтыя маладыя людзі прайшлі праз паседжаньні БАЗА і сходаў моладзёвай арганізацыі БАЗА). Таксама было каля 10 чалавек больш сталага веку. Павага людзям, якім дождж не перашкодзіў адзначыць народнае сьвята. Трэба дадаць, што напачатку выказалі жаданьне прыехаць каля 80 чалавек.

Да вечара надвор’е ўсё-ж зьлітасьцівілася над “купальцамі”, і дождж перастаў! Па водгуках ранейшых удзельнікаў сьвята, дождж толькі пайшоў на карысьць: не было страшэннай звычайнай для гэтай пары году духаты й вільготнасьці. Разам з тым надвор’ем прайшла праверку на трываласьць беларускасьці тых, хто на сьвята не прыехаў.

Як сьцямнела, расклалі вогнішча, над якім было замацавана кола. Пачалося сьвята. Вадзілі карагоды, пелі народныя песьні, гулялі ў традыцыйныя гульні. Валя Якімовіч так захапіла гэтым прысутных, што ўсе паставіліся да гэтага з надзвычайнай адказнасьцю і сур’ёзнасьцю. Як зачараваныя хадзілі мы вакол агню, пяючы, як і нашыя слаўныя продкі тысячагодзьдзі таму. Так мацавалася тая нябачная сувязь паміж мінулым і сучаснасьцю, у цьвёрдай хадзе вакол ачышчальнага жывога вогнішча нараджаліся новыя беларусы.

Ёсьць сьвяты агульнанацыянальныя, для нас гэта 25 Сакавіка, Дзень вайсковай славы 8 верасьня, Угодкі Слуцкага Збройнага Чыну, 27 жніўня – гэта сьвяты найноўшае гісторыі. Сьвяткуючы іх, мы дэманструем усьведамленьне ролі, якую гэтыя падзеі адыгралі у лёсе нашай краіны. Купальле-ж – гэта традыцыйнае агульнанароднае сьвята, якое дайшло да нас праз тасячагодзьдзі. І адзначаючы яго, мы дэманстравалі моцны духоўны і культурны падмурак, што закладзены ў аснову нашае нацыі.

Прыемна было, што вакол панавала чыстая беларуская гаворка. Па ўспамінах ранейшых удзельнікаў Купальля, так было не заўседы. Нават ужываньне пасьля карагодаў і гулень традыцыйнага купальскага напою крупніку, ( некаторыя пачалі сьвята і да гульняў), панаваньню нашай мовы не перашкаджала.

26 чэрвеня ранкам людзі павольна, размаўляючы між сабой, зьбіраліся дахаты... Усе глядзелі адзін на аднаго ўжо неяк па-іншаму. Шмат з тых, для каго беларускасьць раней была нечым незразумелым, ужо зьмяніўся назаўсёды...


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы