Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
“Канадыйцы за Музэй Генацыду”
Тыдзень памяці ахвяраў генацыду

З жыцьця беларусаў Канады

У Доме Ўраду штату Антарыё ў Таронта, Канада, 28 сакавіка сёлета адбылася чарговая імпрэза ў рамках Тыдню памяці ахвяраў генацыду.

Гэтыя імпрэзы штогод ладзіць арганізацыя “Канадыйцы за Музэй генацыду”, у склад якой уваходзяць больш за 40 розных нацыянальных суполак Канады. Мэтаю арганізацыі ёсьць яднаньне ўсіх міралюбных сілаў з тым, каб пакончыць з гвалтам на нашай плянэце, а таксама асьветніцкая праца па вызначэньню сапраўдных і справядлівых – агульных для ўсяго чалавецтва – паглядаў на расізм, дыскрымінацыю й генацыд.

На імпрэзе з расповедам аб генацыдзе беларускай нацыі выступіла пісьменьніца Ірына Варабей, якая ў арганізацыі “Канадыйцы за Музэй генацыду” прадстаўляе Згуртаваньне Беларусаў Канады. Вялікую цікавасьць сярод прысутных выклікаў стэнд з фатаздымкамі “рэвалюцыйнага” тыдня ў Беларусі, які Ірына прынесла з сабою.

Ірына АКСЁНАВА, сябра ЗБК


Выступ Ірыны ВАРАБЕЙ

Добры дзень, ледзі й джэнтльмэны!

Мяне завуць Ірына Варабей. Я – пісьменьніца.

Я канадыйка беларускага паходжаньня.

Мая краіна Беларусь – гэта краіна ў цэнтры Эўропы, ейнымі суседзямі ёсьць Польшча, Украіна, Расея, Летува. Памерам яна блізу Англіі, з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек.

Я патрыётка сваёй нацыі – нацыяналістка – бо прысьвяціла талент і творчасьць сваёй нацыянальнай культуры. І таму я вымушаная жыць за мяжой.

Чаму? Проста таму, што ў маёй пост-каляніяльнай, пост-савецкай краіне ўсё перавернута з ног на галаву.

Калі расейцы чуюць, як я кажу: “Я – нацыяналістка”, яны проста спалохана бягуць ад мяне. Бо ў Савецкім Саюзе слова “нацыяналіст” ставілася ў адзін рад са словамі “фашыст”, “бандыт”, “тэрарыст”. Але адзіным страшэнным зладзействам гэтых людзей было тое, што яны хацелі парушыць “великую, единую, неделимую семью” CCCР, ўсталяваўшы собскую незалежную дзяржаву. І ўжо не бралося пад увагу тое, што гэта Расея 200 год таму заваявала нашую краіну, разбурыла яе, акупавала нашыя землі, прыгнятала наш народ.

Да гэтага стагодзьдзямі расейскія цары вялі крывавыя зьнішчальныя войны, каб завалодаць нашым краем. Ненавідзячы нашую адметнасьць, нашую незалежнасьць, яны заяўлялі, што іхнай мэтай ёсьць зьяднаць славянскія народы ў адно так званае “славянскае братэрства” пад маскоўскім кіраўніцтвам.

Але ні агульныя культурныя карані, ні агульная праваслаўная вера не спынілі нашых братоў-суседзяў ад разбурэньня дашчэнту нашых гарадоў, рабаўніцтва нашых цэркваў, крадзяжу нашых сьвятыняў, як і ад забойства мільёнаў і мільёнаў нявінных людзей.

Таму што гвалт і генацыд ня маюць нацыянальнасьці. Яны ёсьць толькі мэтаю ў самой сабе. Сутнасьць яе – нішчэньне.

Сутнасьць нацыяў – творчасьць і разьвіцьцё шляхам этнакультуры.

Ці ня ёсьць гэта самым вытанчаным генацыдам пасьля ўсяго гэтага? – Усе нашыя нацыянальныя школы, унівэрсытэты, выданьні былі зачыненыя, мова забарoненая, і нават забаронены наш гістарычны назоў Літва (Вялікае Княства Літоўскае) – і на ўвесь сьвет абвешчана: “Няма такой краіны. Няма такога народу. Забудзьце пра яго. Ёсьць толькі паўночна-заходнія тэрыторыі Расеі.”

Наш народ паўставаў супраць Расеі тры разы на працягу ХІХ стагодзьдзя. Як можна здагадацца, паўстанцы былі названыя “бандытамі” й “рабаўнікамі”, а паўстаньні патопленыя ў крыві.

Падчас Першай сусьветнай вайны Нямеччына й Расея ваявалі паміж сабой, але на нашай зямлі, карыстаючы нашых людзей у якасьці “пушачнага мяса”.

У 1917 годзе ў Расеі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая абвесьціла “права нацыяў на самавызначэньне”. Добра. Паводле гэтага права дэлегаты ад беларускага народу сабраліся на Ўсебеларускі сход і ўсталявалі Беларускую Народную Рэспубліку.

І што?

Немцы й расейцы сустрэліся для перамоваў на тэрыторыі Беларусі, не запрасіўшы туды нават прадстаўнікоў ураду БНР, і падпісалі мірную дамову, падзяліўшы нашую краіну. Савецкая Чырвоная Армія зноў акупавала ўсходнюю частку Беларусі, пазабівала ўдзельнікаў Сходу і сябраў Рады БНР. Тыя, хто пазьбеглі рэпрэсіяў, эмігравалі і захавалі Раду БНР, якая існуе да гэтае пары на выгнаньні.

Замест Беларускай Народнай Рэспублікі была ўсталяваная БССР, залежная ад СССР, г. зн. Крамля.

Рэвалюцыя 1917 году абвесьціла “свабоду, роўнасьць, братэрства”. Добра.

На працягу 1930-х гадоў, былі расстраляныя больш за 220 беларускіх пісьменьнікаў. Тысячы прадстаўнікоў інтэлігенцыі, работнікаў навукі й культуры, былі замардаваныя ў вастрогах і канцэнтрацыйных лягерох.

У чым была іхная віна? Яны працавалі над стварэньнем інстытуцыяў беларускае культуры: унівэрсытэтаў, школаў, сродкаў масавай інфармацыі, распрацоўвалі сучасную тэрміналёгію для навукі й культуры... Яны былі нацыяналістамі. Але “нацыяналіст” – гэта тое самае, што “фашыст” ці “тэрарыст”, паводле савецкага вызначэньня. Нават СЛОВА, асьветніцтва, было пагрозьлівым для імпэрыі.

Гэта ня ўсё. Нядаўна былі знойдзеныя месцы масавых пахаваньняў побач зь вялікімі гарадамі ў нашай краіне. Адно зь іх – Курапаты побач зь Менскам. 250 тысяч забітых, расстраляных КГБ на працягу 1930-39 гадоў. Хто ляжыць у тых магілах? Рабочыя й сяляне. У чым іхная віна? Яны проста былі беларусамі й ня выракліся сваёй нацыі. Колькі такіх пахаваньняў па ўсёй краіне? Мы яшчэ ня ведаем дакладна.

Другая сусьветная вайна. Зноў Нямеччына з Расеяй ваююць паміж сабой на нашай зямлі, карыстаючы нашых людзей. Масква арганізуе партызанскія атрады. Яны пускаюць пад адхон ваенныя цягнікі й рабуюць тутэйшае насельніцтва для свайго забесьпячэньня. У помсту, няздольныя ўправіцца з узброенымі атрадамі, нямецкія фашысты робяць простую рэч: яны называюць сялян “бандытамі” і паляць вёскі. Яны паляць іх РАЗАМ з ЖЫХАРАМІ. Хто гэтыя “бандыты”? Жанчыны, дзеці, старыя.

Амаль 350 беларускіх вёсак былі спаленыя разам з жыхарамі. Тысячы беларускіх вёсак і гарадоў былі зруйнаваны. Сталіца Менск зруйнаваная цалкам.

Беларусы згубілі траціну свайго насельніцтва у гэтай вайне.

І ці ня ёсьць гэта апошнім і найгоршым аспэктам поўнага генацыду? – Савецкая імпэрыя выхавала новае пакаленьне – не беларусаў, а так званы “савецкі народ”, – што і было ейнай мэтай! – якое нічога ня ведае з таго, што я тут расказала. Таму што нашыя людзі атрымлівалі савецкую адукацыю, зь якой беларуская гісторыя і культура былі поўнасьцю выключаныя ці перапісаныя. А камуністычая прапаганда актыўна займалася “прамыўкай мазгоў” народу. Гэта вельмі выгодная справа – прамывай мазгі людзям – і яны ня будуць паўставаць.

“Няма такой краіны, няма такога народу”. І сьвет нават нічога ня ведае аб нашым існаваньні. Як шмат вы ведалі аб беларусах дагэтуль?

І нават самі беларусы часам ўсьведамляюць сябе не асобнай адметнай нацыяй, а часткай “братняга” расейскага народу.

...Я расказала вам пакутную гісторыю свайго народу. Вельмі коратка.

Я нават не ўзгадалая яшчэ пра Чарнобыльскую катастрофу, 70% наступстваў якой ляглі на беларускія плечы.

Сьвет мусіць ведаць, што нашая нацыя існуе, але крывавіць і памірае.

І мы будзем крывавіць, пакуль не пазбавімся нашай апошняй бяды. Найноўшай трагедыяй нашага народу ёсьць урад, якім кіруе прэзыдэнт – маскоўскі стаўленік, “апошні дыктатар Эўропы”, які нішчыць беларускую культуру, працягваючы палітыку русыфікацыі маскоўскіх цароў і савецкай імпэрыі, намагаецца зноў зьяднаць нас з Расеяй.

Але сьвет мусіць ведаць, што мы – нацыя, якая ўваскрашаецца, нацыя, якая змагаецца за сваю адметнасьць і сваё існаваньне.

Мы хочам, каб увесь сьвет, як і ўвесь наш народ, успомнілі, што некалі гэта была вялікая нацыя, адна з самых прагрэсіўных і заможных дзяржаваў Эўропы – Вялікае Княства Літоўскае.

Успомнілі, што гэтая нацыя, якая спыніла Залатую Арду і захіліла Эўропу ад ейнага нашэсьця. Якая ў той-жа час спыніла нашэсьце крыжакоў і захіліла ад іх цэнтральную й усходнюю Эўропу.

Нацыя, якая яшчэ ў 1588 годзе стварыла першы дасканалы звод законаў – фактычна дэмакратычную канстытуцыю – прынцыпам якой сьледовала ўся Эўропа.

Нацыя, якая адной зь першых у Эўропе надрукавала Біблію на роднай мове.

Нацыя, якая дала сьвету й іншым народам мысьляроў і герояў: такіх як герой ЗША генэрал Тадэвуш Касьцюшка (помнік яму стаіць недалёка ад Белага Дому), ці нацыянальны герой Чылі навуковец Ігнат Дамейка.

Гэтак будзе. Таму што сутнасьць нацыяў – творчасьць і разьвіцьцё шляхам этнакультуры і далучэньне сваіх прагрэсіўных крокаў да ўсяго чалавецтва.

P.S. Я падрыхтавала гэтую прамову кoлькі месяцаў таму, яшчэ ня ведаючы, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі. Нядаўна беларускі дыктатар Лукашэнка зноў падмануў увесь сьвет, сфальсыфікаваў вынікі выбараў, аб’явіўшы сваю “элегантную перамогу”. Першай краінай, якая прызнала гэтыя так званыя “выбары” сапраўднымі, стала Расея. З ухваленьня расейскага прэзыдэнта Лукашэнка распачаў жорсткія рэпрэсіі супраць мірных масавых пратэстаў, тых людзей, хто паўстаў супраць гэтай хлусьні. Іх аб’явілі “тэрарыстамі”. Гэтыя “тэрарысты” – нашае новае пакаленьне, моладзь, якая ня хоча жыць пад гвалтам. Гэта – цьвет нашае нацыі, якую Лукашэнка зноў брутальна нішчыць.

Я хачу зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што гвалт і генацыд беларускага народу працягваецца і адбываецца літаральна ў гэтыя дні.

І змаганьне беларусаў за свабоду і чалавечыя правы працягваецца там і цяпер.

Дзякуй за ўвагу.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы