Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Маладзёвы погляд
Змаганьне за Твой Колер

Яўген ШЫЛОВІЧ

Шаноўныя чытачы, друкуем гэты артыкул з надзеяй працягнуць дыскусію і пачуць вашыя меркаваньні наконт колеру маладзёвага змаганьня за свабоду ў Беларусі. Ці трэба шукаць альтэрнатыву традыцыйнаму бел-чырвона-беламу колеру беларускай незалежнасьці й свабоды?

Кожнае пакаленьне выбірае свой “кіч”. Пад гэтым паняцьцем разумеюць масавае мастацтва для абраных, дзе кожная дэталь напоўненая сэнсам і разьлічаная на падрыхтаванага гледача. Дапасаваўшы сэнс кіча да беларускай рэальнасьці, бачым, што “абраныя” ў нашым выпадку “неабыякавыя” людзі, якія выбіраюць сваё “мастацтва” ці грамадзянскую пазыцыю. Свой выбыр яны выказваюць праз “колер”, які й ператвараецца ў кіч. За апошні год нават самы палітычна нэйтральны беларус засвоіў навуку сымболікі колераў. Толькі сэнс іх каардынальна зьмяніўся. Чырвоная ружа перастала быць сымбалем палымянага каханьня. Цяпер яна азначае любоў да свабоды. Аранжавы таксама больш ня толькі колер апельсіна і вясёлага настрою – за ім змаганьне і перамога.

На шэрыя, засьнежаныя вуліцы беларускіх гарадоў ўварваліся колеры, якія імкнуцца перайначыць жыцьцё. Як самы мабільны й энэргічны слой грамадзтва моладзь мамэнтальна адрэагавала на новую каляровую палітру. Маладое пакаленьне бесперапынна намагаецца падкрэсьліць сваю адметнасьць праз пэўную “фішку”: музыку, слэнг, вопротку альбо жыцьцёвы стыль ўвогуле. Прадоўжвае гэты пералік канцэпт колеру, які цудоўна ўпісаўся ў маладзёвую моду. Паглядзім на беларускую моладзь. Нехта жыве сабе, вучыцца, бавіць час з сябрамі, па-просту “тусуецца”. Ён праходзіць, людзі не вылучаюць яго сярод натоўпу. Другі, зусім падобны да першага, апранае джынсы й белую футболку з надпісам у восем чырвоных літараў, якія ён вымушан хаваць за курткаю, павязвае джынсавую тканіну на заплечнік, выходзіць на вуліцу. Ён ідзе зь сябрамі. Не прамовіўшы ні слова, яго разумеюць мінакі. Маючы колер, словы не патрэбныя.

Размова пра каляровыя рэвалюцыі вядзецца ня першы месяц. Ружовы, памаранчавы, бел-чырвона-белы колеры для кожна сымбалі змаганьня і незалежнасьці. Побач зь імі зьявіліся новыя колеры: блакітны, васільковы, джынсавы. Блакітны – колер аб’яднанай Эўропы, а значыць і пэрспэктывы, якая згубілася сярод “чырвона-зялёных плямаў”. Васільковы быў прапанаваны як альтэрнатыва бел-чырвона-беламу з мэтаю зрабіць моладзь больш мадэрновай. Ня вытрымаўшы націску з боку традыцыйнай “палітры”, ён адыйшоў убок. Яму на зьмену прыйшоў джынс. Фэномэн джынсу грунтуецца ў ягонай геніяльнай простасьці й неспадзявана адкрытай канспэратыўнасьці. Амаль стагодзьдзе сьвет апранае джынсавую вопратку. Апрануць джынсы, што можа быць прасьцей. Толькі апрануць джынсы. Кантрастным джынсу па канспэратыўнасьці зьяўляецца спалучэньне белага і чырвонага. У сучасных жорсткіх умовах такую каляровую гамму значна складаней вынесьці на вуліцы. Натуральна, што джынс прыходзіць на дапамогу. Яго апрынаюць адкрыта нават самыя заўзятыя канспэратары, толькі шматкі джынсавай тканіны пачалі лічыць рэвалюцыйнай. Існуюць меркаваньні, што джынс выціскае аўтэнтычны колер вольнай Беларусі, але з гэтым можна паспрачацца. Ён хутчэй дазваляе выказаць пазыцыю нязгоды, неабыякавасьці, гатоўнасьці для барацьбы больш шырокаму колу моладзі, якая не адважваецца актыўна ўдзельнічаць у змаганьні. Джынс зарабіў вялікі плюс тым, што любы юнак можа выказаць сваю грамадзянскую салідарнасьць.

На фоне каляровай разнастайнасьці нельга забывацца на сымболіку. За кожным сымбалем прыхаваны кантэкст і ідэал. У апошнім нумары часопіса “Arche” Сяргей Богдан трапна прыкмеціў: “Ідэалы – гэта ня доступ да вопраткі і фільмаў, ідэалы – гэта тое, дзеля чаго ахвяруюць, дзеля чаго салідарызуюцца мільёны. Ідэал – гэта калі нехта гатовы нават загінуць, каб пракласьці дарогу іншым”. Хочацца спадзявацца, што беларуская моладзь будзе адстойваць свой колер як непахісны ідэал.

Вось ты ідзеш на маладзёвую вечарыну ў джынсах, апранаеш белую кашулю з чырвонай палоскай, нацягваеш на вушы аранжавую шапку, вакол тваёй шыі разьваецца блакітны шалік, ў руках пламянеюць ружы. Ты з гонарам ідзеш па вуліцы. Людзі праходзяць побач, яны ўжо добра разумеюць, што ты хочам ім сказаць.

Ты выбраў колер свайго змаганьня! Ты ведаеш, куды ідзеш!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы