Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Гарвард вачымі беларускай студэнткі

Гутарыла Дамініка КНЯЖНІНА

Алена БІБЕРМАН вучыцца ў асьпірантуры ў Гарвардзкім унівэрсытэце. Яна зьяўляецца адною зь нешматлікіх беларускіх студэнтаў, якім пашанцавала вучыцца ў гэтай прэстыжнай навучальнай ўстанове. У мінулым сэмэстры Алена стала першаю студэнкаю, якая пачала вывучаць там беларускую мову. Нагадаем, што курс беларускай мовы ў выкладаньні прафэсара Вулгайзэра, вядомага беларусаведа, быў упершыню ўведзены восеньню мінулага году. Я пагутарыла з Аленаю пра яе ўражаньні ад вучобы ў Гарвардзе.

Алена, па-першае, хацелася-б пачуць крышачку пра цябе, дзе вучылася раней.

Нарадзілася я ў Бабруйску. У ЗША жыву ўжо 13 гадоў. Ступень бакаляўра я атрымала ў Каледжы Вэлеслі ў штаце Масачусэц. На трэцім курсе мне пашанцавала год вучыцца ў Оксфардзкім унівэрсытэце ў межах праграмы навучаньня за мяжою. Прыкметна, што Каледж Вэлеслі лічыцца справедвечна жаночым. У ім вучыліся Гілары Клінтан і Мадэлін Альбрайт. У час вучобы ў Оксфардзе я сур’ёзна зацікавілася міжнароднымі адносінамі і па вяртаньню паступіла на Ганаровую праграму міжнародных адносінаў. У яе межах я займалася вывучэньнем зьнешняй палітыкі Амэрыкі й Расеі.

Чаму ты вырашыла вучыцца менавіта ў Гарвардзе, які славіцца як выключнай адукацыяй, так і высокімі патрабаваньнямі ў прыёме студэнтаў? Цяжка было туды паступіць?

Прызнацца, у мяне была мара паступіць у Гарвард. У юнацтве думка пра гэта была для мяне больш сымбалічнай, чымся рэальнай мэтай. Гарвард успрымаўся як сымбаль інтэлектуальнага посьпеху і сапраўднай магчымасьці разьвіцьця асобы. Гэта была высокая мэта, да якой можна было імкнуцца. Пасьля Вэлеслі я вырашыла выпрабаваць свае магчымасьці – і паступіла ў Гарвард. Дзень, калі я даведалася аб гэтай радаснай навіне, быў адзін з самых шчасьлівых у маім жыцьці.

Ты гаворыш, што паступленьне ў Гарвард стала зьдзяйсьненьнем тваёй мары, але гэта не абыйшлося без стараннай вучобы. Сярод моладзі бытуе стэрэатып, што ў такіх унівэрсытэтах як Оксфард, Гарвард, вучацца толькі геніі. Ці лічыш ты сябе геніяльнай? Не магла-б ты падрабязьней распавесьці нашым чытачам, што неабходна, каб паступіць у Гарвард? Якія крэтэрыі заліку студэнтаў?

Калі буду лічыць сябе геніяльнай, выяўлю сваю неразумнасьць. У Амэрыцы цэняць працавітых і тых, хто, пераадольваючы перашкоды, дабіваецца сваёй мэты. Я адношу сябе да людзей гэтай катэгорыі. Мне здаецца, што пытаньне ўвогуле ня ў тым, ці геніяльны чалавек, а які ўнёсак ён можа зрабіць у будучыню грамадзтва.

Для паступленьня ў Гарвард, як у асьпірантуру, так і дактарантуру, неабходныя выдатныя адзнакі, рэкамэндацыі ад выкладчыкаў і ўяўленьне пра навуковую мэту. Пажадана, каб быў вопыт па тэме, у межах якой будуць праходзіць навуковыя дасьледваньні. Я-б параіла паразмаўляць непасрэдна з выкладчыкамі ўнівэрсытэту, якія спэцыялізуюцца ў тых-жа студыях. Адным з галоўных момантаў, канешне, зьяўляюцца іспыты TEFFEL і GRE. Мне здаецца, што, ня гледзячы на ўсе папярэднія акалічнасьці, вельмі шмат залежыць ад самаго студэнта, ад таго, як напісанае сачыненьне ў анкеце, дзе ён прызэнтуе сябе.

Алена, якія твае ўражаньні ад вучобы ў Гарвардзе?

Гарвард спалучае з сабе выдатных выкладчыкаў і рэсурсы. Некалі мне казалі, што студэнт такой установы павінен выбраць два сярод трох: сябрамі, вучобаю і сном. Я адразу зразумела, што людзі праўду казалі.

На інтэрнэт-старонцы беларускага студэнцтва зьявіўся артыкул, у якім прапаноўваецца прыняць удзел у апытаньні, якое ты праводзіш сярод моладзі. Гэта датычыцца толькі беларускай моладзі, ці ты адначасова праводзіш апытаньне сярод прадстаўнікоў іншых краінаў Усходняй Эўропы? Як гэтае апытаньне ўкладваецца ў кантэкст тваёй навуковай працы?

У межах свайго дасьледваньня Ўсходняй Эўропы я параўноўваю моладзь Беларусі, Украіны й Расеі. Увага акцэнтуецца на такіх асьпэктах як рысы, якія адрозьніваюць прадстаўнікоў розных краінаў, як моладзь адрозьніваецца ад папярэдняга пакаленьня, якое іх стаўленьне да палітыкі, і якой яны бычаць сваю ролю ў будучым краіны. На маю думку, першае пост-савецкае пакаленьне зараз становіцца самым уплывовым палітычным пластом. Скарыстае маладое пакаленьне свой патэнцыял ці “ўвойдзе ў агульную каляіну” – адзін з галоўнейшых чыньнікаў будучыні кожнай з краінаў.

Са словаў сп. Вулгайзэра, курс беларускай мовы быў уведзена толькі ў мінулым сэмэстры. Як табе спадабаўся гэты прадмет?

Беларусь – адная з краінаў, па якой я маю намер спэцыялізавацца. Беларуская мова пераважна выкарыстоўваецца апазыцыяй, а мяне асабліва цікавяць інтарэсы гэтай сацыяльнай групы. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што замежніку нельга зразумець Беларусь бяз веданьня беларускай мовы.

Я не ўпэўненая, ці была я першаю студэнткаю, якая вывучала беларускую мову ў прафэсара Вулгайзэра. Тым ня менш, на сёньня я адзіная, хто займаецца беларускаю моваю ў гэтым ўнівэрсытэце. Што датычыцца прафэсара Вулгайзэра, ён выдатна валодае моваю. Разам мы ўзяліся за тарашкевіцу. Яшчэ жывучы ў Беларусі, я вывучала беларускую мову да пятай клясы, але толькі цяпер я зразумела наколькі гэта багатая, калярытная мова. Прафэсар Вулгайзэр па-сапраўднаму любіць беларускую культуру, і ягоная энэргія надала імпэту і мне. Ягоны курс скіраваны на студэнтаў майго ўзроўню, таму прадмет атрымоўваецца асабліва карысным.

Ці ёсьць у гарвардзкім студэнцкім асяродзьдзі беларуская моладзь?

Мне-б вельмі хацелася, каб такое асяродзьдзе зьявілася, але пакуль да гэтага яшчэ далёка.

Якія твае пляны на будучыню?

Спадзяюся прымаць актыўны удзел у палітыцы. Зараз пляную працягваць вучобу на ўзроўні дактарантуры. Таксама спадзяюся зьезьдзіць у Беларусь у наступным годзе, каб працягваць там сваю працу і папрактыкавацца ў беларускай мове.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы