Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
З гісторыі беларускай эміграцыі
Запозьненае, але вельмі патрэбнае знаёмства
(трэба абавязкова выдаць зборнік прозы Аўгена Кавалеўскага)


Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

Даручыўшы складаць зборнік “Беларуская драматургія на эміграцыі”, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва даў мне магчымасьць пазнаёміцца з многімі рукапісамі й матар’яламі, што захоўваюцца ў архіве гэтай установы. Меркавалася, што спадчына актора, рэжысэра і пісьменьніка Аўгена Кавалеўскага – гэта, у асноўным, драматургічныя творы (шматактовыя, аднаактоўкі, скетчы, жарты, п’есы для дзяцей). Але якое было мае шчасьлівае зьдзіўленьне, калі сярод сьпісаных атрамантам на абодвух бакох выцьвілых да гэтага часу аркушаў паперы я убачыў і прачытаў зусім не драматургічныя творы, а некалькі невялікіх апавяданьняў, прычым апавяданьняў найвышэйшай, на мой погляд, мастацкай якасьці, сапраўдных, нажаль, невядомых дагэтуль чытачам, пярлінаў беларускай прозы.

Пра Аўгена Кавалеўскага мы ведаем параўнаўча мала. Ён нарадзіўся 7 студзеня 1921 году, выхоўваўся ў дзіцячым садку, дзе выхавацелькай была Ўладыслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. Зь дзяцінства ён захапляўся тэатрам, удзельнічаў у спэктаклях Тэатра юнага гледача. Рана страціў бацьку, якога сталінскія сатрапы абвінавацілі ў “нацдэмаўшчыне”. Займаўся ў школе пры Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры, іграў у спэктаклях гэтага тэатру. З 1944 году Аўген Кавалеўскі жыў у Нямеччыне, арганізоўваў у беларускіх лягерох драматычныя і эстрадныя гурткі, ставіў спэктаклі і тэматычныя вечарыны, супрацоўнічаў зь беларускімі часапісамі, пісаў п’есы (некаторыя зь іх павінны быць апублікаваныя ў складзеным мною зборніку “Беларуская драматургія дыяспары”). Потым Аўген Кавалеўскі пераехаў у Парыж, працягваў пісаць п’есы і наладжваць сцэнічныя гурткі, быў адным з кіраўнікоў Беларускай незалежніцкай арганізацыі ў Францыі. 27 лістапада 1955 году ў залі Salle Iena ў Парыжы адбылася прэм’ера спэктакля па драме Аўгена Кавалеўскага “Асуджаныя”. Ён сам паставіў гэты спэктакль і выконваў у ім адну з галоўных роляў. Пастаноўка выклікала вялікі рэзананс у французскай сталіцы. Памёр Аўген Кавалеўскі ў гарадку Раян у Францыі 13 жніўня 1963 году пасьля цяжкой хваробы.

Няма сумненьня ў тым, што многія рэаліі прозы Аўгена Кавалеўскага навеяныя аўтабіяграфічнымі матывамі. Але вартасьць яе зусім ня ў гэтым. Зьдзіўляе, уражвае перш за ўсе яе высокаякасная мастакоўская фактура: як пісьменьнік валодае словам і стварае вобразную і сымбалічную структуру, як па-майстэрску прымушае чытача адчуць і міжволі ўвайсьці ў створаны ім, пісьменьнікам, адметны рытм (найскладанейшая якасьць у майстэрстве сапраўднай прозы) і інтанацыю, дзе на дзіва ўдала спалучыўся эмацыянальны і рацыянальны пачатак. Беларуская мова гучыць у Аўгена Кавалеўскага на ўзроўні іншых эўрапейскіх моваў у сацыялягічным і мастакоўскім кантэксьце; калі нашая адметнасьць і нашая сувэрэннасьць – літаратура, дык творы Аўгена Кавалеўскага – значны фактар гэтага разуменьня.

У аснове ягоных апавяданьняў – споведзь, але не завузка суб’ектыўная; у падтэксце кожнага твору адчувальны няспынны працэс мастацкага аналізу і абагульненьня. Адсюль, магчыма, і амаль бясспрэчная ўзорная кампазыцыйная завершанасьць апавяданьняў Аўгена Кавалеўскага. Можна шмат цытаваць зь ягонай прозы і дзівіцца натуральнасьцю і нязмушанасьцю ягонай вобразна-рытмічнай плыні і адначасова ўмельствам трымаць нутраную сюжэтна-фабульную напружанасьць.

Але, як мне здаецца, ня толькі моўна-вобразнае багацьце прыцягне ўвагу сёньняшніх чытачоу да гэтай прозы. Надзвычай актуальны яе адраджэнскі матыў, яе сугучча многаму, што хвалюе нас сёньня. Аўген Кавалеўскі ў гісторыі нашай літаратуры бачыцца папярэднікам Брыля, Быкава, Пташнікава, Казько, Стральцова. Упэўнены, што беларуская літаратура ня толькі ў нацыянальным кантэксьце можа ганарыцца такой навэлістыкай; чытаючы яе, узьнікаюць асацыятыўныя паралелі з асобнымі апавяданьнямі заходнеэўрапейскіх і лацінаамэрыканскіх майстроў... Адразу зьнікае і “ружовы туман”, і ўсе развагі пра нібыта “несамадастатковасьць” беларускай літаратуры ў 20-м стагодзьдзі. Праблема толькі ў тым, што мы, нажаль, ня ўсё яшчэ ведаем, – такое было жыцьце. Можа, іх ня так і шмат, выдатных дасягненьняў беларускай літаратуры і мастацтва, але яны, як сказаў яшчэ Максім Багдановіч, “ня толькі свайму народу, але і ўсясьветнай культуры... нясуць свой дар”.

На пачатак знаёмства з творчасьцю Аўгена Кавалеўскага прапаную адно зь лепшых ягоных апавяданьняў – “Я мушу жыць!”, якое мае філязофскі падтэкст, што ня страціў сваёй актуальнасьці й сёньня.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы