| | | | Нашая фанатэкаПаэзія Ларысы Геніюш: новае прачытаньнеАнатоль МЯЛЬГУЙ, музычны аналітык Беларуская нацыянальная дыскаграфія папоўнілася альбомам, які створаны беларускімі выканаўцамі на вершы Ларысы Геніюш. Упэўнены, што сярод мноства дыскаў з музычнымі запісамі слухачы заўважаць гэтую кружэлку адразу. Бо сьвятое для кожнага сьведамага беларуса імя Ларысы Геніюш – своеасаблівы пароль у сьвет вялікай Паэзіі, нечуванай чалавечай стойкасьці і веры ў сваю родную Беларусь, яе будучыню як эўрапейскай дзяржавы.
Летась нацыянальна-дэмакратычнае і незалежніцкае беларускае грамадзтва адзначыла 95-я ўгодкі з дня народзінаў Ларысы Геніюш. І гэты дыск зьяўляецца першаю ў Беларусі, а, магчыма, і ў Эўропе, спробаю стварыць, карыстаючыся сучаснай тэрміналёгіяй, трыб’ют (tribute — прысьвячэньне, даніна памяці) паэтцы, чыя творчасьць і сёньня, нават пасьля фізычнай сьмерці, знаходзіцца на перадавой змаганьня за незалежнасьць і эўрапейскасьць краіны. Выдаўцы назвалі дыск паводле аднаго зь вершаў Л. Геніюш “Жыць для Беларусі”.
Вядомы беларускі пісьменьнік Барыс Сачанка ў прадмове да зборніка вершаў і паэмаў Л. Геніюш “Белы сон” (1990) заўважыў: “Моцная сувязь у Ларысы Геніюш і з фальклёрам. Яна ня толькі ў мэтафарах і пэрыфразах, але і ва ўсёй вобразнай структуры верша, у ладзе творчасьці і думаньня, у самім духу кожнага паэтычнага радка.” Так, сувязь паэзіі Л. Геніюш і народнай творчасьці стварае своеасаблівую мэлёдыку вершаваных радкоў, іх прыдатнасьць да музычнай творчасьці. Ды і сама паэтка ніякім іншым чынам, як толькі песьняй, не успрымала сваю лірыку:
Ляці мая песьня, дзе нашы дзяўчаты, калінавы цьвет у вянкі зь імі ві ды чорнай разорай ідзі за аратым, тугою за волей на Нёмне плыві.
Акрэсьлены мэлядызм вершаў Ларысы Геніюш заўсёды прывабліваў да сутворчасьці беларускіх кампазытараў і, у прыватнасьці, эміграцыйных (М. Куліковіча-Шчаглова, А. Карповіча, П. Карузу), якія не адчувалі на сабе прэса ідэалягічных забаронаў і таму шмат зрабілі для папулярызацыі яе паэзіі за межамі Беларусі. На згаданым дыску твор А. Карповіча на верш Л. Геніюш “Вечаровая містэрыя” прадстаўляе Віктар Скарабагатаў (на адмысловым відэа-файле), а Ларыса Сімаковіч – творчасьць Міколы Куліковіча-Шчаглова і яго варыянт геніюшаўскай “Роднай мовы”.
Вяртаньне-ж Ларысы Геніюш у нацыянальны культурніцкі кантэкст на Радзіме працягвалася пасьля выхаду зборніка “На чаборы настоена” (1982) ўжо з дапамогаю незаангажаваных выканаўцаў, якіх можна сьмела адносіць да прадстаўнікоў масавага музычнага мастацтва Беларусі: бардаў, поп- і рок-музыкаў і гуртоў. І піянэрам у гэтай пачэснай справе сталі такія знакамітыя выканаўцы, як Алесь Камоцкі і Вальжына Цярэшчанка.
Калісьці пра творчасьць Алеся Камоцкага ў беларускай прэсе можна было прачытаць наступнае: “У сваіх песьнях з дапамогаю пераканаўчага паэтычнага слова Алесь Камоцкі прымушае задумацца кожнага, ці не госьцем ён жыве на гэтай зямлі:
На роднай зямельцы ўсе мы ня госьці – Усе мы чыесьці, усе мы кагосьці. І хоць спарахнелі дзядоў нашых косьці У нашай натуры ёсьць іхняе штосьці.
Гэты ўрывак зь песьні на верш Ларысы Геніюш вельмі трапна характарызуе сэнс творчасьці Камоцкага: паказаць сувязь часоў, сувязь сыноўскага і бацькоўскага лёсаў і іх духоўных каштоўнасьцяў.” (“Чырвоная Зьмена” М. Супрановіч, “Сяброўка гітара” №116, 1985).
Тое, што аўтар у сваім матар’яле меў рацыю, і Алесь Камоцкі дасягнуў сапраўднай гармоніі мэлёдыі і паэзіі Л. Геніюш, мне, у той час старшыні менскага рок-клюбу “Няміга”, давялося ўпэўніцца на адным зь ягоных мерапрыемстваў”. Алесь тады даваў свой канцэрт перад слухачамі, якія прыйшлі ў Палац чыгуначнікаў, перад выступам легендарнай “Бонды”. Пасьля эмацыйнага і вельмі ўзрушаючага выступу Камоцкага, да ўсіх прыйшло разуменьне таго, што зрабіць песьню (бардаўскую ці рок-кампазыцыю) сапраўды беларускай можна будзе калі, як мінімум, яна будзе гучаць на беларускай мове! Бо толькі так было магчымым адкрыць і “ажывіць” той музычны генатып, які рабіў-бы музыку сапраўды глыбінна беларускай, а таму – нацыянальнай. І Камоцкі пераканаўча дэманстраваў магчымасьці музыкі, якая абапіраецца на лірыку вялікай Паэткі.
Падтрымкаю гэтай здагадкі, таксама ў зьвязе з паэзіяй Ларысы Геніюш, стала знаёмства з творчасьцю Вальжыны Цярэшчанкі з Гомля. Яе песьня на верш Геніюш “Запяі мне песьню...” ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя літаральна ўскалыхнула беларусаў як ў мэтраполіі, так і на эміграцыі, стала іх гімнам, бо прымушала трымцець самыя тонкія струны беларускай душы. “Запяі мне песьню...”— фэнамэнальны твор сучаснага музычнага мастацтва – мне толькі аднойчы давялося чуць “у жывую”. І той, хто чуў гэты твор ці на запісу, ці “жыўцом”, могуць пацьвердзіць: голас, мэлёдыя, радкі Ларысы Геніюш пранікалі ў самыя патаемныя пласты беларускай душы і сьвядомасьці, а таму твор застаўся са слухачамі на ўсё жыцьцё...
Гэты твор, а таксама кампазыцыі бардаў Алеся Камоцкага “Ноч з марозікам”, Віктара Шалкевіча “Песьня пра касу”, Зьмітра Бартосіка “Калямбіна і П’еро” сталі стрыжнявымі на новым дыску.
Своеасаблівы сюрпрыз слухачам згаданага дыску прэзэнтаваў вядомы беларускі поп-выканаўца Валік Грышко, які прадставіў на дыску сваю вельмі пачуцьцёвую і ўзьнёслую песьню на верш Л. Геніюш “Ня веру”. Не здарма, Валіка ў Беларусі клічуць “апошнім рамантыкам беларускай поп-сцэны”. І на гэтым дыску Грышко апраўдвае гэтае пачэснае для любога музыкі азначэньне...
Дзякуючы беларускім бардам творчасьць Ларысы Геніюш усё больш станавілася набыткам іншых прадстаўнікоў сучаснай беларускай музычнай культуры. Адны выканаўцы знаходзілі ў творах паэткі лірызм тонкай жаночай душы, а многія – стаіцызм палымянай патрыёткі і прыхільніцы незалежнасьці Бацькаўшчыны. І таму так адбывалася, што беластоцкі гурт “Белы Сон” прапанаваў на альбоме “Жыць для Беларусі” сваё бачаньне лірыкі Ларысы Геніюш (“У песьнях ёсьць хлеб”), а музыка “Песьняроў” Аляксандар Кацікаў у альбоме “Жывём” (2003) прыадчыніў слухачам іншы пласт яе паэзіі – шматграннасьць і поліфанічную расьпеўнасьць паэтычнай мовы. Трэк з гэтага альбому можна праслухаць на дыску “Краю мой родны” ў пранікнёным выкананьні Ўладзімера Мулявіна...
Іншыя музыкі, што стварылі свае кампазыцыі паводле творчасьці Ларысы Геніюш, імкнуліся прадставіць сваё бачаньне яе паэтычнага сьвету. Гэтае бачаньне трохі нязвычнае, але пазнавальнае, і яно дало падставу для выяўленьня сучаснага ў паэзіі Ларысы Геніюш. Маю на ўвазе творчасьць вядомага менскага музыкі Яраша Малішэўскага, які ў дуэце з “энэрэмаўскім” гітарыстам Пітам Паўлавым прадставіў на суд слухачоў незвычайную і запамінальную па мэлёдыцы і гармоніі кампазыцыю на верш “Нехта ноччу”. Таксама і гурт “P.L.A.N.”, якія песьняй “Русалчын вэлюм” выявілі ўнівэрсальнасьць паэзіі Л. Геніюш для сучаснай музычнай творчасьці. Названыя кампазыцыі былі створаныя адмыслова для гэтага альбомў ня так даўно. І гэты факт сьведчыць пра тое, што паэзія Геніюш і да гэтых дзён хвалюе сучасных музыкаў...
Такія станоўчыя прыклады давалі штуршок для больш незвычайнага пераасэнсаваньня геніюшаўскіх радкоў. Напрыклад, гурт “Deadmarsh”, што славіцца сваімі “цяжкімі” кампазыцыямі, таксама, зьвяртаецца да творчасьці паэткі-змагаркі, стварыўшы кампазыцыю на верш “Родны кут”. Праўда, некаторыя могуць паціснуць плячыма, маўляў: ці варта сумяшчаць лірыку Геніюш з “мэталічным” рокам? Каб знайсьці адказ на гэтыя сумненьні, зьвернемся да развагаў Вітаўта Мартыненкі, які ў рэцэнзіі на альбом “Грані” гурту “Deadmarsh” заўважае: “Здаецца, тонкая лірыка Л. Геніюш больш прыдатная “Песьнярам”, чым для “мэталю” “Deadmarsh”.
Але калі вы ўспомніце “Родны кут” зь “песьняроўскага” альбому “Жывём”, а пасьля параўнаем з “Родным кутом” “Deadmarsh”, то зьдзівімся тонкаму нэрву і глыбіні як раз “мэталічнай” вэрсіі твора. (“Музыкальная газета” №17, 2.09.2003). Традыцыю прачытаньня паэзіі сродкамі рок-музыкі працягнуў і гурт “ZigZag”. Нягледзячы на відавочна рытмізаваны строй рок-кампазыцыі “Неяк сумна” ў ёй захоўваюцца давяральны тон лірыкі Ларысы Геніюш.
Так, канцэртнае “цяжкое” гучаньне – не зусім у духу Ларысы Геніюш, якая ў сваёй творчасьці, усё-ж, цягнулася да песень “не з вялікіх сцэнаў і эстрад…” Я-ж ўпэўнены, калі-б яна дажыла да нашых часоў, то зразумела-б вытокі сёньняшняй нацыянальнай здрады, што запанавала ў краіне, і блаславіла-б усіх выканаўцаў на адстойваньне правоў роднай мовы ўсімі магчымымі сучаснымі музычнымі сродкамі!
Свой ўнёсак у стварэньне сучаснай геніюшыяны ўнесьлі і маладыя беларускія гурты “Жаба ў каляіне” і “Ростра”. Іх імпэт і нестандартнасьць музычнага мысьленьня праявіліся ў музычнай трактоўцы такіх вершаў Геніюш, як “Ужо даволі” і “Куфар”. Названыя выканаўцы вельмі дарэчы ўнесьлі сьвежую ноту ў хаду канцэрту і прэзэнтацыі дыска “Жыць для Беларусі” і кнігі эпісталярнай спадчыны Л. Геніюш “Каб вы ведалі”, якая з посьпехам прайшла ў менскім Доме літаратара 18 студзеня сёлета.
Але ня толькі музычнымі нумарамі на вершы паэткі была адзначаная гэтая запамінальная імпрэза ў Доме літаратара. Слухачы змаглі пачуць гучаньне вечна маладога голасу Ларысы Геніюш, запісы якога прадставіў выдаўцам дыску паэт Сяргей Панізьнік. Гэтыя запісы шырока прадстаўленыя на дыску “Жыць для Беларусі” і сталі пазыўным лейтматывам гэтай імпрэзы.
Эстафэту ўспамінаў падхапілі тыя беларускія пісьменьнікі і мастакі, якія ў свой час шматкроць былі гасьцямі Зэльвы і яе знакамітай насельніцы. Сваімі незабыўнымі ўспамінамі пра гутаркі з Паэткаю падзяліліся пісьменьнікі Міхась Чарняўскі і Валянціна Коўтун, мастак Аляксей Марачкін, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч...
Музычнае аздабленьне прэзэнтацыі дыска працягнулі госьці імпрэзы – гурт “P.L.A.N.”, дуэт Яраш Малішэўскі & Піт Паўлаў, а таксама агульны ўлюбёнец – гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. Іх выступы былі ўспрынятыя як адкрыцьцё: упершыню многія прыхільнікі творчасьці Ларысы Геніюш слухалі бардаўскія і рок-кампазыцыі на яе вершы і сваімі няспыннымі авацыямі і воклічамі “брава!” прызналі іх мастацкую вартасьць. Значыць, беларуская культура, абапіраючыся на дасягненьні творцаў мінулага, ідзе наперад у сваім разьвіцьці. І ў гэты неспрыяльны для нацыянальнага Адраджэньня час нясе беларусам цікавыя адкрыцьці, стварае агульнанацыянальныя каштоўнасьці.
Таксама трэба адзначыць той станоўчы факт, што праекты агульнанацыянальнага кшталту ўсё часьцей знаходзяць падтрымку і сярод эмігранцкіх колаў. Вось і выданьне дыска “Жыць для Беларусі” было патрыятычна падтрымана кіраўніцтвам O.R.Cultural & Educational Foundation і асабіста спн. Аллай Орса-Романо, якой выдаўцы выказваюць шчырую падзяку.
Дыск “Жыць для Беларусі” да 95-х угодкаў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш, на якім зьмешчаныя рознастылёвыя музычныя кампазыцыі, адлюстроўваюць як раз новае прачытаньне вершаў Паэткі ва ўмовах сёньняшняй складанай беларускай рэчаіснасьці. І апошняя старонка гэтай нацыянальнай скарбонкі далёка не перагорнутая…


На здымках: на прэзэнтацыі дыску сярод іншых выступілі гурт “P.L.A.N.” і бард Віктар Шалкевіч. Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |