Беларусь за месяцУласны карэспандэнтПрэзыдэнцкая кампанія
16—19 лютага мае прайсьці рэгістрацыя кандыдатаў, якія змагаюцца за пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. З васьмі чалавек, што заявілі ў сьнежні пра намер балятавацца, да прамежкавага фінішу (здачы подпісаў у ЦВК) дабраліся чацьвёра. Экс-дэпутат Сяргей Скрабец зьняў кандыдатуру на карысьць старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Грамада”) Аляксандра Казуліна. Экс-прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч яшчэ ў пачатку студзеня зьняўся з дыстанцыі ды заклікаў да байкоту, катэгарычна адмовіўшыся падтрымаць Казуліна. Не сабраў патрэбных 100 тысячаў подпісаў і генэрал Валер Фралоў. Чальцы ягонай ініцыятыўнай групы сабралі толькі 58 тыс. Генэрал падтрымаў Казуліна.
Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, плянку ў 100 тыс. пераадолелі чатыры кандыдаты: за Аляксандра Лукашэнку сабралі 1 млн 905,6 тыс. подпісаў, за старшыню Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча — 150 тыс., кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Алеся Мілінкевіча — 198,8 тыс., Аляксандра Казуліна — 158 тыс.
Лідэр КХП—БНФ Зянон Пазьняк у самым канцы збору подпісаў заявіў, што ня будзе перадаваць подпісы ў выбарчыя камісіі. У лісьце, дасланым у ЦВК, Пазьняк так вытлумачыў рашэньне: “Затрыманьні і арышты міліцыі працягваліся зь дня ў дзень [...] Пры дапамозе міліцыі ЦВК стварыла штучную аргумэнтацыю для нерэгістрацыі маёй кандыдатуры. Я бачу бяссэнсавасьць здачы сабраных подпісаў у такую камісію”. Паводле чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы, за лідэра КХП—БНФ было сабрана 135 тыс. подпісаў, але некаторыя экспэрты мяркуюць, што ініцыятыўная група сп. Пазьняка не сабрала патрэбных 100 тыс.
У першай палове лютага пазасталыя кандыдаты маюць падаваць у ЦВК дэклярацыі аб сваіх даходах ды займацца шэрагам іншых тэхнічных справаў.
Лукашэнка палохае
У канцы студзеня Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію кіраўнікам беларускіх тэлеканалаў — БТ, ОНТ, СТВ. Кіраўнік дзяржавы выказаў свае думкі наконт эканомікі (цана на газ будзе павышацца незалежна ад таго, каго выберуць прэзыдэнтам 19 сакавіка), а таксама наконт магчымасьці рэвалюцыі 19 сакавіка. “Ня думаю, што хтосьці пойдзе пасьля выбараў, калі апазыцыя прайграе, на барыкады…У нас няма такіх плошчаў, дзе можна намёты [як у Кіеве] ставіць”.
“Любы рух у напрамку дэстабілізацыі становішча — адкруцім галаву тым, хто будзе рабіць альбо заахвочваць і фінансаваць... Вы ведаеце маю рашучасьць. Тут я не спынюся ні перад чым. Любы рух супраць нашага чалавека, госьця, які прыяжджае ў Беларусь як стабільную краіну, будзе спыняцца адразу і рашуча”.
Мілінкевіч кліча на барыкады
Падчас наведваньня рэгіёнаў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў стаў “прапаноўваць” патэнцыйным выбарцам наступны альгарытм дзеяньняў на дзень выбараў, 19 сакавіка. Паколькі надзеяў на сумленны падлік галасоў з кожным днём усё менее, то, паводле Аляксандра Мілінкевіча, ягоныя прыхільнікі мусяць прагаласаваць з 12 па 14-ю гадзіну, пасьля чаго сядаць на цягнік ці іншы транспарт і рушыць у Менск:
“Мы выйдзем на плошчу, і нас будзе багата, у руках будуць таблічкі з назвамі розных гарадоў і мястэчак — хто адкуль прыехаў. Толькі так мы здолеем адстаяць свой выбар”.
Мілінкевіч у Эўропе
У канцы студзеня — пачатку лютага Аляксандар Мілінкевіч наведаў з візытам краіны Эўропы. Ён выступіў з дакладам на сэсіі Рады Эўропы ў Страсбуры, у Брусэлі правёў перамовы са старшынём Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Дурао Барозу, старшынём Эўрапарлямэнту Хасэпам Барэлем, вярхоўным камісарам па вонкавай палітыцы Хаўерам Салянам, даў інтэрвію найбуйнейшым сродкам масавай інфармацыі.
2 лютага ў Бэрліне Мілінкевіч сустрэўся з фэдэральным канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель. Прыём, пра які невыязны Лукашэнка, здавалася-б, мог толькі марыць. Але, як слушна адзначыў чытач Уладзімер Паўловіч у “Нашай Ніве” (№5, 3 лютага 2006), Мэркель магла-б і пачакаць.”Дальбог, дадатковыя сустрэчы з актывістамі ў праблемных раёнах — Брагіне, Гарадку ці Лунінцы — прынесьлі б адзінаму больш карысьці [...] За апошнія дзесяць гадоў статусныя апазыцыянеры аб’езьдзілі сьвет уздоўж і упоперак. З майго гледзішча, эфэкт ад сукупнасьці іхных ваяжоў хутчэй адмоўны [...]. Тым лепш-бы быў успрыняты выбарцамі адказ накшталт: “Шаноўная пані, з прыемнасьцю наведаю вашу цудоўную краіну. Пасьля перамогі”.

БНФ могуць ліквідаваць
Міністэрства юстыцыі 26 студзеня вынесла паўторнае папярэджаньне Партыі БНФ, што можа стаць падставаю для ліквідацыі партыі. Папярэджаньне было вынесенае за невыкананьне патрабаваньняў да Закону аб палітычных партыях. Паводле яго, усе партыі мусяць мець абласныя структуры ў большасьці абласьцей і Менску. А БНФ апошнім часам пазбавілася юрыдычных адрасоў на Гарадзеншчыне, Магілёўшчыне і Берасьцейшчыне, што й стала падставаю для зьняцьця іх з уліку ў мясцовых упраўленьнях юстыцыі. Для “выпраўленьня” сытуацыі Мін’юст адвёў Партыі БНФ тэрмін да 1 сакавіка. Але як выправіць такое становішча, калі юрыдычны адрас у жылым фондзе мець нельга, а ў адміністрацыйным корпусе чыноўнікі не даюць? Зачараванае кола.
Аналягічнае паўторнае папярэджаньне атрымала і апазыцыйная Партыя камуністаў (беларускія “эўракамуністы”).
Паводле закону палітычную партыю нельга ліквідаваць падчас выбарчых кампаній. Дзень “Ч” можа наступіць для партый пасьля выбараў. Вядома, калі Лукашэнка пераможа на выбарах.
Прэмія А. Бяляцкаму
Нарвэскі Гэльсынскі камітэт ўзнагародзіў кіраўніка зьліквідаванага праваабрончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага прэміяй Андрэя Сахарава “За праўную, палітычную і практычную дапамогу ахвярам аўтарытарнага рэжыму”. Праўда, у інтэрвію радыё “Свабода” сп. Бяляцкі заявіў, што лепей такую прэмію не атрымліваць — маўляў, няма чым ганарыцца.
Падвышэньне заробкаў
Беларусь, відаць, — адзіная краіна ў Эўропе, дзе заробак падвышаецца ўласнаручна кіраўніком дзяржавы. 28 студзеня Лукашэнка падпісаў указ №54 “Аб усталяваньні мінімальных памераў заробкаў” — з 1 студзеня мінімальная месячная заработная плата складае 156,9 тыс. рублёў (73 амэрыканскія даляры). Прыкладна столькі складае ў Беларусі і бюджэт пражытачнага мінімуму — лічбы, якія часам бяруцца са столі.
Мінімальны пагадзінавы заробак цяпер складае 930 руб. (43 цэнты).
Заробкі й пэнсіі падвышаюцца, звычайна, перад выбарамі.
Радыё Рацыя вяртаецца
15 лютага мусіць аднавіцца праца Радыё Рацыя, што будзе вяшчаць з Польшчы на Беларусь. Напачатку плянуецца вяшчаць адну-дзьве гадзіны ў суткі. Жыхары цэнтральнай і ўсходняй Беларусі могуць яго лавіць на сярэдніх хвалях, заходняй — на УКВ. Былое Радыё Рацыя, што мела папулярнасьць у беларускай інтэлігенцыі, спыніла вяшчаньне некалькі гадоў таму праз фінансавыя праблемы.
Жыхар Магілёўшчыны трымаў рабоў
Адразу дзесяць чалавек заявілі, што жыхар Чэрыкаўскага раёну (Магілёўская вобласьць) — грамадзянін Расеі, трымаў іх цягам двух гадоў у рабстве. Заяву ў міліцыю перадаў праз супрацоўніка сельскага савету адзін з паднявольных. Падазраваны ўжо чакае суду. Ён для працы на сваім участку наймаў людзей або з псыхічнымі асаблівасьцямі, або раней асуджаных. Апошніх палохаў тым, што ў выпадку пабегу сам зьвернецца ў міліцыю з скаргаю пра нібы ўчынены крадзеж. На людзей з псыхічнымі асаблівасьцямі аказваў псыхалягічны і маральны ціск. З “рабоў” нярэдка зьдзекваўся, караючы за драбнейшае злачынства. Цікава, што бацькі гора-рабаўладаньніка былі моцна зьдзіўленыя такімі весткамі — сын расказваў адваротнае, маўляў, сам мусіў падпрацоўваць у аднавяскоўцаў.
З кім гуляць беларусам
Пры канцы студзеня ў швайцарскім горадзе Мантро прашло лёсаваньне адборачных групаў да чэмпіянату Эўропы па футболу – 2008, што пройдзе ў Аўстрыі й Швайцарыі. 50 краінаў былі разьбітыя на сем групаў (шэсьць — па сем камандаў, у адной групе — восем камандаў).
Беларусы трапілі ў групу разам са зборнымі Галяндыі, Румыніі, Баўгарыі, Славеніі, Альбаніі, Люксэмбургу. Пропуск на чэмпіянат атрымліваюць зборныя, што занялі першыя два месцы. Гульні пачнуцца ў верасьні, каляндар “зьвярстаецца” ў лютым.
Таксама прайшло лёсаваньне моладзёвага чэмпіянату Эўропы-2007 (век гульцоў — да 21 году). Беларуская зборная трапіла ў адну групу з камандамі Чэхіі (матч у гасьцях) і Кіпру (матч — дома). Пераможца групы потым згуляе яшчэ стыкавы матч — за права выхаду на чэмпіянат.
Кнігі пра эміграцыю
У “Бібліятэчцы “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ў лютым пабачылі сьвет два выданьні. Восьмай кнігай — сумесным праектам ЗБС “Бацькаўшчыны” і Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва — стала манаграфія супрацоўніка Нью-Ёрскай Публічнай Бібліятэкі, дасьледчыка эміграцыі Лявона Юрэвіча “Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: гісторыя газэтаў “Бацькаўшчына” й “Беларус” (1947—2000).
У кнізе аўтар ня толькі паказаў гісторыю газэтаў, але й лёсы сяброў рэдакцыі, кола ідэяў і тэмаў, што абмяркоўваліся на бачынах пэрыёдыкаў. Друкуюцца ўспаміны чальцоў рэдакцый, напісаныя адмыслова для кнігі, бібліяграфія тэматычных артыкулаў. Упершыню друкуецца “Слоўнік псэўдонімаў і крыптонімаў” дзеячаў эміграцыі.
Кніга каштоўная тым, што зьяўляецца фактычна біяграфіяй галоўнага рэдактара “Бацькаўшчыны” (1949—1961) і “Беларуса” (1962—1980) Станіслава Станкевіча. Так, за ягоным кіраўніцтвам “Беларус” ператварыўся ў высокапрафэсыйную газэту, якая гуртавала беларусаў незалежна ад іх палітычных і рэлігійных перакананьняў. Таму манаграфія — гэта і выдатны помнік Станіславу Станкевічу, 100-годзьдзе якога мы будзем адзначаць праз год, 23 лютага.
Дзевятаю кнігаю ў “Бібліятэчцы ЗБС “Бацькаўшчына” стаў зборнік акупацыйнай прозы “Каханы горад”, які ўключыў у сябе творы беларускіх пісьменьнікаў, створаныя ў час нямецкай акупацыі.
У зборніку — апавяданьне Антона Адамовіча “Каханы горад”, ягоныя вершы ў прозе, аповесьць Янкі Юхнаўца “Яно”, “Дзёньнік Ів. Ів. Чужынінава” Лявона Савёнка.
Даведкі па тэлефонах у Менску: (375-17)-289-31-94, (375-17)-226-87-37, альбо праз E-mail: zbsb@lingvo.minsk.by.
Супэрмадэль сьвету
Адзінацаціклясьніца менскай гімназіі Кацярына Даманкова перамагла ў Нью-Ёрку ў прэстыжным 25-м юбілейным конкурсе манэкеншчыц “Супэрмадэль сьвету”. Дзяўчына абышла 38 суперніцаў ды атрымала першы ў сваім жыцьці прыз — кантракт на чвэрць мільёна даляраў з агенцыяй “Ford Models”.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.