| | | | Пікет у БрусэліБЭЗ-ІНФОУ Брусэлі 30 студзеня ў Радзе Эўразьвязу адбылася нарада наконт санкцыяў супраць ўлады ў Беларусі. Эўрапейскія палітыкі яшчэ маюць марную надзею, што ў краіне, якая знаходзіцца пад палітычнай акупацыяй спэцслужбаў імпэрскае Расеі, могуць адбыцца дэмакратычныя выбары.
У сувязі з гэтым паседжаньнем, а таксама ў знак пратэсту супраць беспрэцэндэнтнага ўмяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі, перад палацам Рады Эўразьвязу адбыўся амаль пяцігадзінны пікет беларускіх палітычных уцекачоў, які прыцягнуў увагу сродкаў масавай інфармацыі такіх краінаў, як Бэльгіі, Канады, Эстоніі, Летувы, Польшчы ды інш. Акцыя была зарганізаваная Беларуска-Эўрапейскім Задзіночаньнем і падтрыманая іншымі беларускімі арганізацыямі, якія прыслалі сваіх прадстаўнікоў.
На пікеце Старшыня БЭЗу сп. Зьміцер Піменаў, між іншага, сказаў: “Абурае той факт, што ў працэс вырашэньня беларускіх праблемаў ўмешваюцца расейская прапуцінская хеўры, якая зацікаўленая ў чарговым аншлюсе Беларусі. На працягу свайго існаваньня лукашэнкаўская дыктатура пасьлядоўна здае незалежнасьць Бацькаўшыны ў абмен на ляяльнасьць да сябе кіраўнікоў Крамля. Беларусы павінны добра зразумець, што толькі захаваўшы незалежнасьць сваёй краіны, яны могуць разьлічваць на чалавечыя правы і годнае жыцьцё, і таму павінны ў часе выбараў згуртавацца вакол палітыка, які цьверда стаіць на груньце захаваньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі.”
Да пікетоўшчыкаў далучыліся беларускія палітыкі, якія былі ў той дзень у Брусэлі на паседжаньні Рады Эўропы: сп. сп. Мілінкевіч, Вячорка, Калякін і Лябедзька. Яны выказалі падзяку за салідарнасьць і падтрымку ў барацьбе за вольную Беларусь. 
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |