Аплот беларушчыны ў ЗША:Беларускаму Кангрэсаваму Камітэту Амэрыкі — 55 гадоўАлег ГАРДЗІЕНКА, Менск55 гадоў таму, у лютым 1951 году, быў заснаваны Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі. Побач з праваслаўным прыходам Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, БІНІМам і БАЗА, БККА зьяўляецца адным з стаўпоў беларушчыны ў ЗША.
Нацыянальна сьвядомыя прадстаўнікі беларускай эміграцыі 1940-х былі падзеленыя паводле сваіх палітычных прыхільнасьцяў — на прыхільнікаў Рады БНР (Мікола Абрамчык) і Беларускай Цэнтральнай Рады на чале з Радаславам Астроўскім. Раскол, што ўзьнік у нямецкіх лягерох Ды-Пі, быў перанесены і на амэрыканскую глебу. І новаствораныя арганізацыі таксама ядналі людзей паводле палітычных перакананьняў. Так, першай арганізацыяй, створанай новай хваляй, стаў Злучаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамогавы Камітэт (ЗБАДК), заснаваны ў лістападзе 1948 году доктарам Іванам Ермачэнкам. Мэтай ЗБАДК была дапамога беларусам у працэсе эміграцыі і ў першых кроках у новай краіне. Палітычна камітэт падтрымліваў плятформу БЦР.
Але ЗБАДК быў заснаваны як сацыяльна-дапаможная арганізацыя, таму празь нейкі час насьпела неабходнасьць стварэньне грамадзкай арганізацыі, якая-б непасрэдна займалася культурніцкімі праектамі, ладзіла спатканьні беларусаў, літаратурныя вечарыны, друкавала кнігі. Аналягічную ўстанову стварылі прыхільнікі Рады БНР — у 1949 годзе паўстала Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне.
Сябры арганізацый, што з палітычных меркаваньняў не падтрымалі БАЗА, пастанавілі склікаць Кангрэс беларусаў Амэрыкі. Зварот да беларусаў быў падрыхтаваны ЗБАДК, Беларускім Цэнтральным Прадстаўніцтвам (старш. — Аляксандар Русак) ды Згуртаваньнем Беларускіх Жанчынаў (старш. — Лёнгіна Брылеўская) і распаўсюджаны па этнічных асяродках ад усходняга ўзьбярэжжа да Каліфорніі. 1 лютага 1951 году (І. Касяк у сваёй частцы кнігі “Беларусь учора й сяньня” называе дату — 11 лютага) у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі) сабраліся прадстаўнікі такіх беларускіх арганізацый. Згодна з прынятай удзельнікамі зьезду пастановай, мэтамі Кангрэсу былі “Падтрымліваць імкненьне беларускага народу да вызваленьня ад савецка-расейскай акупацыі”.
Выканаўчым органам Кангрэсу й стаў Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі, які мусіў дзеяць у пэрыяд паміж Кангрэсамі, што склікаліся прыкладна раз у тры гады. Першым старшынём БККА быў абраны доктар Мікола Шчорс (1951—1957), вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў 1930-40-ыя. Трэба зазначыць, што доктар Шчорс паходзіць з знакамітай беларускай сям’і, ягоны бацька і браты — Барыс і Ігар — таксама бралі актыўны ўдзел у нацыянальным руху як на радзіме, так і на эміграцыі. Заступнікамі старшыні БККА былі Ігнат Лабач і Барыс Кіт, сакратаром — Іван Хіхлуша, у склад рады ўвайшлі М. Філіповіч, С. Коўш, М. Сенька, А. Сабалеўская, С. Жамойда. Друкаваным органам БККА стала газэта “Беларуская Трыбуна”, якую рэдагаваў сам М. Шчорс.
Пазьней пры БККА было заснаванае Беларускае Выдавецкае Таварыства (старшыня — Барыс Шчорс), галоўным праектам якога стала стварэньне ў 1960 годзе часапісу “Беларуская Думка”, што выдаецца й па сёньня (выйшла 55 нумароў).
І БККА, і БАЗА прарабілі шмат працы ў кірунку папулярызацыі беларускай справы ў амэрыканскім асяродзьдзі. Так, дзеячы БККА шмат супрацоўнічалі з рознымі амэрыканскімі арганізацыямі, кантактуючы з прадстаўнікамі амэрыканскага парлямэнту і падаючы мэмарыялы аб становішчы ў Беларусі. Гэта потым пацьвердзіў у артыкуле “За дзесяць год” М. Панямонскі (М. Шчорс?) (“Беларуская думка”, №1, 1960): “гэтую карысную работу заініцыяваў і з посьпехам праводзіў спачатку БККА, а апошнім часам больш у гэтым напрамку ўкладае працы і энэргіі БАЗА”. Прадстаўнікі БККА — першымі зь беларусаў — узялі ўдзел у 1953 годзе ў амэрыканскай Канфэрэнцыі міру й свабоды, а ў 1954 годзе — у працы спэцыяльнай камісіі Кангрэсу ЗША пад старшынствам Чарлза Керстана, што займалася вывучэньнем злачынстваў камуністаў адносна нерасейскіх народаў. Амэрыканскі Кангрэс выдаў потым сьведчаньні асобнай брашурай (“Communist takeover and occupation of Byellorussia”, 1955), гістарычныя разьдзелы якіх напісалі Леанід Галяк, Мікола Шчорс, Іван Касяк. Дзейнасьць камісіі Керстана ў далейшым спрычынілася да прыняцьця Закону аб паняволеных народах, у лік якіх уключылі й беларусаў.
У 1957 годзе пасаду старшыні БККА заняў Іван Касяк, які ўзначальваў арганізацыю на працягу 32 гадоў. Пры І. Касяку дзейнасьць БККА выйшла на міжнародную арэну, а старшыня Камітэту браў удзел у працы Сусьветнай антыкамуністычнай лігі. У 1993 годзе, у час старшынства Расьціслава Завістовіча (1990—2000), БККА увайшоў у Кааліцыю Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — аб’яднаньне этнічных групаў у ЗША. У ліпені 1993 году адбылося “прызнаньне” БККА і ў Беларусі. Р. Завістовіч узяў удзел у І Зьезьдзе беларусаў сьвету ў Менску.
Дзейнасьць і Міколы Шчорса, і Івана Касяка, і Расьціслава Завістовіча ў арганізацыі, як і сёньняшні дзень БККА, якім кіруе Робэрт Цупрык, заслугоўвае спэцыяльнага, больш грунтоўнага дасьледаваньня.
На здымку: першы старшыня Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі — доктар Мікола Шчорс.
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.