Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Паўсталым на папялішчы
(эсэ)

Сяржук СОКАЛАЎ-ВОЮШ

“Прафінансавала выданьне Культурна-адукацыйная фундацыя Орса Романо”.

Прачытаўшы гэтыя словы на другой старонцы кнігі Вінцэся Мудрова “Ператвораныя ў попел”* я ўжо каторы раз падумаў пра тое, як шмат робяць нашыя жанчыны для Беларускай справы, і як мала яны ўшанаваныя нашай літаратурай. Пра гэта даўно хацелася напісаць, але й цяпер, як тыповы Беларускі мужчына, я адклаў тэму да іншага зручнага моманту, які, спадзяюся, мусіць надарыцца ў бліжэйшым часе.

І ўсё-ж, сёньняшняя гаворка будзе йсьці пад знакам спадарыні Аллы, без якой згаданая ўжо кніжка наўрад ці пабачыла-б сьвет так хутка.

Кіруючыся прынцыпам адваротнае сувязі, сьвет таксама мусіў-бы заўважыць і ўбачыць кніжку Вінцэся. Здаецца, пакуль што гэтага не адбылося. Нажаль… паколькі аўтар – асоба далёка не шараговая як у нацыянальным, гэдак і ў літаратурным жыцьці краіны. Пра першае можна здагадацца прачытаўшы ўспаміны, якія склалі частку выданьня, другое трэба адчуць чытаючы першае. А яно, на тле шматлікай эсэістыкі-мэмуарыстыкі найперш (апрача зьместу) вылучаецца ўнутранай арганізаванасьцю тэксту, адносна новымі, для нашай літаратуры, кампазыцыйнымі будовамі, моўнай сьмеласьцю. Зрэшты, пакінем літаратурныя вартасьці на суд чытачоў і крытыкаў, бо гаворка, уласна, пра іншае.

“Нешматлікія чытачы маіх аповедаў раз за разам упікаюць аўтара за несучаснасьць, часавую закамплексаванасьць і прасторавую абмежаванасьць, – піша Вінцэсь і, пагаджаючыся са сваімі крытыкамі, дадае: І сапраўды”.

Маё вока зачапілася за гэтыя радкі й “нечакана за левым вухам (…) штосьці шчоўкнула, мазгі прасьвятлелі, і я гучна прамовіў:” “Гамэр!” Геніяльны сьляпак, вялікі невідушчы таксама быў закамплексаваны ў часе й прасторава абмежаваны. А Марсэль Пруст, а Хведар Дастоеўскі, а… зрэшты – усё гэта мана. Нават часавая шырыня й прасторавая вольніца кожнага аўтара ёсьць ягоным часам і ягонай прасторай. Вінцэсь Мудроў паказвае праз малое цэлую эпоху, праз прыватнае – вялікае агульнае. Зрабіць іначай амаль немагчыма, бо ягоная асноўная тэма – нацыянальнае ў здэнацыяналізаванай дзяржаве. Да сёньня ніхто яшчэ ў нашай літаратуры ня йшоў гэтым шляхам так упэўнена як Вінцэсь, ніхто не пісаў гэтак шчыра пра свае пакручастыя шляхі да самога сябе. Калі аўтара й можна ў нечым упікнуць, дык гэта ў малой колькасьці (дзевятнаццаць на сто трыццаць старонак) твораў. Вядома, чытаньне можна расьцягнуць на тыдзень, на два. Можна адкласьці кніжку й чытаць па старонцы ў дзень. Але чытаць у гэткі спосаб Вінцэся Мудрова – тое-ж самае, што зь дня ў дзень хадзіць у карцінную галерэю на фрагмэнтарны прагляд якога-небудзь аднаго абраза й толькі ў апошні прыход, калі з памяці выпетрыліся шмат якія заўважаныя раней дэталі, паглядзець яго цалкам.

У мяне так не атрымалася. Кніжка была прачытаная за адзін раз і ўжо потым, цягам некалькіх дзён пераглядалася й перачытвалася. Перачытвалася не таму, што некаторыя героі кнігі мае знаёмыя, і не таму, што мая асоба засьвяцілася там у некалькіх эпізодах. Маладзейшы ад Вінцэся на чатыры гады я няблага памятаю часы, пра якія ён піша, добра ведаю й савецкую школу і сыстэму савецкага выхаваньня і бясконцыя змаганьні супраць “імпэрыялістычнага Захаду”. Я ведаю як праходзілі праз усё гэта мае сябры, як выходзілі на нацыянальны шлях маючы за папярэднікаў даўна загіблых і спляжаных савецкай прапагандай нацыянальных герояў. Я выразна бачу апісанае Вінцэсем мінулае й разумею прапанаваную ім будучыню. Для мяне гэта неперарыўны працэс, у якім я маю сваю пазыцыю, сваё месца. Але чым больш я пагаджаюся з аўтарам кнігі, тым больш пэсымізму нараджаецца ў маёй душы, калі я гляджу на нашую моладзь. Нават нацыянальна сьведамыя, нават найбольш адданыя справе часта выглядаюць самотнымі на сваім Беларускім падмурку, бо не карыстаюць з досьведу папярэднікаў, бо ня ведаюць гэтага досьведу, а значыць рызыкуюць патрапіць у пройдзеныя ўжо варункі.

Пішу пра гэта, згадваючы выпадак, які колькі гадоў таму здарыўся ў Менску. Тады, як і цяпер, ішла падрыхтоўка да выбараў. Я апынуўся на зборцы прыхільнікаў Сямёна Домаша, якія абмяркоўвалі кандыдатуры на кіраўнічыя пасады адной няўрадавай арганізацыі. За выняткам мяне й яшчэ двух чалавек, рэшту складала моладзь. І вось, пры абвешчаньні прозьвішча аднаго з кандыдатаў мой стары сябра выступіў супраць. Выступіў каротка, выразна, зразумела. На тое яму спатрэбілася ўсяго толькі адно слова: “Камсамолец”. “Ну і што?” – Запярэчылі некаторыя маладыя, і мы сьцямілі, што ім нават прыблізна не зразумелы сэнс, які мы, старэйшыя, укладаем у гэткую характарыстыку чалавека.

Вось-жа тут ім і спатрэбілася-б кніжка-падручнік. І зусім ня йстотна, што ў “Ператвораных у попел” ні разу ня ўжытае слова камсамолец. Істотна, што ў ёй гранічна праўдзіва перадаецца атмасфэра камуна-камсамольскай мінуўшчыны, бяздушнай душы таго грамадзтва, у якім нараджаліся й высьпявалі сапраўдныя душы Беларускіх патрыётаў, высьпявалі, найперш, не на яскравых прыкладах мінуўшчыны, а паводле разуменьня праўды, сумленьня, справядлівасьці й людзкасьці.

Каб усё гэта зразумець, каб адчуць пад нагамі не самотны нацыянальны падмурак, а бясконцыя пласты й узроўні гэтага пастамэнту, мы маем першую ластаўку – кнігу Вінцэся Мудрова.

Заканамерна паўстае пытаньне: чаму іншыя нацыянальныя дзеячы не напісалі нічога падобнага? Сьмешна спасылацца на брак часу, калі мы, набыўшы пакаленьне, адразу-ж пачынаем губляць яго праз сваю ўпэўненасьць, што ўсё йдзе належным чынам, што ёсьць больш важкія справы, а досьвед нашага жыцьця нікуды не падзенецца. “Падзенецца,” – адгукнулася звыклае толькі да паўтору апошняга слова рэха.

Менавіта таму я зьвяртаюся да вас, сьведамыя Беларусы старэйшага веку. Пішыце эсэ, успаміны, фантасмагорыі. Стварайце трывалы падмурак для нашчадкаў. Абірайце найбольш зручную для вас літаратурную форму й перадавайце нашчадкам свой досьвед. Іначай нічога ня будзе! Іначай ніколі расейскамоўны маладзён, які прыйшоў на нашыя зборкі, не загаворыць па-Беларуску, а калі й загаворыць – ня стане як мае быць на нацыянальныя пазыцыі, бо апірышча будзе слабым, нетрывалым, кволым.

Першая ластаўка ў гэтым працэсе ёсьць, але, прыпамінаючы йзноў душу Беларускага мужчыны, падазраю, што гэтая першая можа стацца й апошняй. І гэта ня гледзячы на тое, што Фундацыя Аллы Орса-Романо напэўна-ж прафінансуе новае падобнае выданьне… А можа гэткія кніжкі напішуць тыя самыя, ня ўлашчаныя нацыянальнай літаратурай, Беларускія жанчыны? Яны-ж заўсёды цягнулі на сабе воз, у якім на першым месцы, колькасна й якасна пераважаючы словы й паняткі мужчынскага роду: край ды родны кут, стаяць словы й паняткі роду жаночага: матчына мова, родная зямля, краіна, Айчына, Бацькаўшчына, Беларусь.

P. S. Неўзабаве кніжку Вінцэся Мудрова “Ператвораныя ў попел” можна будзе набыць у Нью-Ёрку. Зацікаўленыя могуць зьвязацца са спадарыняй Аллай Орса-Романо або з аўтарам гэтага эсэ.


* Вінцэсь Мудроў. “Ператвораныя ў попел” (эсэ, фантасмагорыі, успаміны). Логвінаў. Менск 2005. Наклад 700 асобнікаў.


Вытрымкі з кнігі “Ператвораныя ў попел”

Гэтым разам чэкіст пачаў “прафіляктыку” з аналізу нашай творчасьці.
“Гэта вы напісалі: “Я цягнуся у кастрычніцкае раньне / Дзе ты, мой вясёлы, цёплы май? / А навокал толькі ветру скавытаньне / І дарогі бруднай шчэ ня бачны край”?
Я моўчкі кіўнуў галавой.
“Ёсьць тэкст і падтэкст, і параўноўваць вялікі Кастрычнік з бруднай дарогай мы вам не дазволім”.
Я паспрабаваў быў апраўдацца, але суразмоўца перагарнуў старонкі альманагу і працытаваў рыбікаўскі верш: “Нехта нечым ноты грае / Ўсё крычыць бясконца. / Як раней мужык наш мае / Ўсё у плямах сонца”.
---------------------------------
– А чым за часамі Лукашэнкі займаўся?
– Вучыўся… ва ўнівэрсытэце. Тры курсы ў Менску скончыў, потым у Бостане, state Massachusetts, давучваўся.
– Ну і як вы, студэнты… – падшыванец крутнуў пальцамі абодвух рук, – змагаліся?
Ня ведаючы, што адказаць, Пархвен ізноўку заплюшчыў вочы. “Якое там змаганьне… ну пасядзеў разам з сябрамі на Валадарцы, аднаго разу атрымаў падчас дэманстрацыі дручком у лабешнік і потым стаў кепска чуць левым вухам. Але ж якое гэта змаганьне…”
---------------------------------
Першай прачыналася маці. Спуджанай птушкай, у сваёй падзертай начной кашулі, яна кідалася да прыймача. “Бітлз!” – выдыхаў я голасам асуджанага на сьмерць чалавека, абхопліваў радыёлу, і маці, налаўчыўшыся, вышморгвала вілку з разэткі.
Абуджаны валтузьнёй, бацька рыпеў спружынамі канапы, здушана кашляў, кожнага разу прамаўляючы адну і тую ж фразу: “Вот уродилось дитятко!”
---------------------------------
Дзьве душы – беларуская ды расейская – жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая – беларуская – забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам”.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы