Маладзёвы сэмінар у Нью ЁркуВіталь ЗАЙКАІмкненьне наладзіць працу з маладымі людзямі зь Беларусі, якія прыяжджаюць у ЗША, нарэшце пачало набываць канкрэтныя рысы. 28 студзеня ў Фундацыі імя П. Крэчэўскага ў Нью Ёрку адбыўся маладзёвы сэмінар, прысьвечаны пытаньням кансалідацыі беларускай моладзі ў ЗША. Сэмінар меў форму таварыскай гутаркі, цягам якой былі абмеркаваныя надзённыя справы моладзі, у тым ліку патрэба аднаўленьня маладзёвай арганізацыі пры БАЗА. У абмеркаваньні прынялі ўдзел каля 30 хлопцаў і дзяўчат з штатаў Нью Ёрк, Нью Джэрзі, Масачусэтс, Пэнсыльванія, Вашынгтон (ДК).
Напачатку з кароткім уступным словам выступіў старшыня Нью Ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка, які коратка накрэсьліў гісторыю і сёньнешні стан беларускай грамады ў Амэрыцы і выказаў патрэбу аднаўленьня беларускага маладзёвага руху.
Затым счн. Гражына Залеўская выказалася аб патрэбе яднаньня маладых людзей і аб перайманьні досьведу маладзёвых арганізацыяў іншых этнічных групаў у ЗША, такіх як палякі, украінцы, гэбраі. Важны таксама абмен інфармацыяй і ўзаемадапамога сярод маладых беларусаў у розных пытаньнях, ад пошуку жытла да інфармаваньня пра магчымасьці працы, парады адносна адвакатаў, і, што таксама вельмі істотна, асабістыя знаёмствы хлопцаў і дзяўчат. Яскравым прыкладам магчымасьцяў кансалідацыі маладых беларусаў прамоўца назвала мінулагоднія канцэрты сьпевака й музыкі Лявона Вольскага ў Дэлавэры, Нью Ёрку, Нью Джэрзі й Кліўлендзе, якія былі сапраўднымі сьвятамі беларускасьці, і на якіх зьбіралася рэкордная колькасьць прадстаўнікоў беларускай моладзі, якія потым падтрымлівалі навязаныя сувязі. “Было-б добра, каб мы маглі запрашаць музыкаў зь Беларусі, ладзіць розныя іншыя культурніцкія й грамадзкія імпрэзы, прыцягваць больш і больш моладзі, даваць ёй магчымасьць знаёміцца, арганізоўвацца, дапамагаць сваім аднагодкам.”

Іншыя прысутныя выказаліся пра дадатковыя кірункі ўзаемадапамогі й інфармаваньня — зьвесткі пра вучобу, атрыманьне крэдытаў і грантаў, інфармацыя пра страхаваньне і г. д.
Прагучала думка, што паколькі дзеля аб’ектыўных гістарычных фактараў беларуская дыяспара зьяўляецца менш кансалідаванай і таму слабейшай, чым дыяспары нашых эўрапейскіх сусядзяў, то трэба пакуль ставіць невялікія рэальныя мэты й дасягаць іх. Трэба найперш даведацца больш адзін пра аднаго, зрабіцца сябрамі, стварыць калектыў, стаць асяродкам. Неабходна вузейшая група людзей у выглядзе абранай Рады, якая магла-б вырашаць канкрэтныя пытаньні.
Была закранутая тэма “цякучасьці” сярод моладзі. Шмат хто наладжвалі кантакт зь Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем, атрымлівалі ад яго дапамогу й інфармацыю, а пасьля спынялі кантакты. Было заўважана, што відаць ёсьць некалькі тыпаў людзй — адным цікава й неабходна быць сярод землякоў, бавіць час у беларускім асяродзьдзі, іншым цікава толькі атрымаць канкрэтную інфармацыю і залатвіць свае пытаньні, зьвязаныя са статусам у Амэрыцы. У кожным разе, неабходная мэтанакіраваная праца па дапамозе і першай, і другой катэгорыям людзей, і намаганьне зацікавіць другую катэгорыю рэчамі больш шырокімі, чым, скажам, атрыманьне парадаў адносна адваката або пасьведчаньняў.
Праблему інфармаваньня магла-б вырашыць эфэктыўная старонка ў сеціве, якая-б рэгулярна абнаўляляся і мела форум, даведачную старонку і г. д. Было прапанавана дапрацаваць існуючую вэб-старонку БАЗА, дадаць маладзёвую старонку й актыўна дзеючы форум. Праз інтэрнэт можна было-б інфармаваць шматлікіх маладых беларусаў у іншых штатах, навязваць сувязі, прыцягваць іх да агульнай справы.
Былі абмеркаваныя таксама падзеі ў Беларусі, надыходзячыя прэзыдэнцкія выбары й спосабы, у якія можна было-б дапамагчы дэмакратычным сілам на Бацькаўшчыне.
У канцы сэмінару была абраная Рада беларускай маладзевай арганізацыі ў складзе 13 чалавек, праведзены абмен кантактнымі тэлефонамі й адрасамі. Першай самастойнай імпрэзай Рады стане сьвяткаваньне Дня Сьвятога Валентына, што пастаноўлена правесьці 12-га лютага ў грамадзкай залі пры Саборы Сьв. К. Тураўскага.
Пасьля афіцыйнай часткі моладзь мела магчымасьць бліжэй пазнаёміцца, пагутарыць пры каве і пачастунках. Усе, хто потым выказваўся прыватна аб выніках сэмінару, лічаць яго посьпехам, які трэба падтрымоўваць далейшаю супольнаю працаю.

Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.