Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Акупацыйная палітыка
(Разьдзел з артыкулу “Прамаскоўскі рэжым”)

Зянон Пазьняк

Акупацыйная палітыка, незалежна ад таго, ці яна ўсталяваная зьнешнім чынам шляхам агрэсіі з выкарыстаньнем войска і зброі, ці ўнутраным чынам, шляхам маніпуляцыяў улады з выкарыстаньнем разьведкі і калябарацыі, характарызуецца аднолькавымі чыньнікамі: падрывам нацыянальных інтарэсаў і зьнішчэньнем кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі.

Паўсюднымі кансалідуючымі каштоўнасьцямі нацыі ёсьць мова, народ, дзяржава, тэрыторыя, незалежнасьць. Могуць імі быць таксама сымболі, традыцыі, асобы, падзеі ды іншыя сакральныя зьявы. Калі нацыянальнае грамадзтва мае і ўсьведамляе свае кансалідуючыя каштоўнасьці – яно моцнае, яно здольнае да культурнага і грамадзкага разьвіцьця. Калі грамадзтва ўсьведамляе, разьвівае і абараняе свае нацыянальныя інтарэсы – яно самадастатковае, здольнае да цывілізаванага самаўдасканаленьня і павышэньня ўзроўню існаваньня.

Першаснае палітычнае дзеяньне, якое Масква стала праз сваю разьведку (і Лукашэнку) рабіць ў Беларусі, – гэта зьнішчэньне як раз кансалідуючых каштоўнасьцяў нацыі ва ўжытку і ў сьведамасьці грамадзтва. Так былі ліквідаваныя нацыянальныя сымболі Беларусі – дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і герб Пагоня. (Пачытайце іхныя цяперашнія афіцыйна-рэжымныя “праваслаўныя” рэляцыі: Пагоню там ужо называюць “езьдзец”.) Гэтак (праз палітыку “двухмоўя”) была, фактычна, пазбаўлена дзяржаўнага статусу беларуская мова і падважаны сувэрэнітэт нацыі.

Наступны этап – зьнішчэньне носьбітаў аб’яднаўчых ідэяў, аб’яднаўчых словаў, паняцьцяў, кансалідуючых зьяваў і аб’ектаў, адлучэньне маладога пакаленьня ад сутнасных каштоўнасьцяў народу.

Гэтак напачатку было забароненае слова “народны”, потым – “беларускі” і “нацыянальны”. Усё беларускае, нацыянальнае (па лёгіцы акупацыйнага рэжыму) павінна зьнікаць, выкрэсьлівацца з ужытку, выключацца з жыцьця. Найперш робіцца гукавы вакуум, паняцьце “беларускае” павінна перастаць шырока існаваць у грамадзтве і ў сьвеце, мусіць, па задуме русыфікатараў, сьцірацца зь сьведамасьці. Гэта адпрацаваны прыём расейскіх душыцеляў ужываўся яшчэ ў ХІХ-м стагодзьдзі ў палітыцы розных цароў, сатрапаў мураўёвых ды карнілавых, пазьней ім карысталіся расейскія камуністы.

Самымі ненавіснымі для акупантаў зьяўляюцца кансалідуючыя носьбіты нацыянальных зьяваў, вобразаў і народных ідэяў, ці гэта жывыя людзі (палітыкі, мастакі), ці сакральныя асобы – ўвасабленьне духу і культуры нацыі. Іх перасьледуюць і стараюцца зьнішчыць у першую чаргу. Гэтак акупацыйны рэжым Лукашэнкі аплёўваў вялікага Васіля Быкава, па-хамску зьдзекваўся зь ягонай выдатнай творчасьці, выгнаў яго зь Беларусі ды загнаў у магілу (заўчасная сьмерць Быкава на рахунку лукашысцкага рэжыму).

Гэтак перасьледуецца вялікі Скарына. Чужому чалавеку, які не разумее прычыны зьяваў, усё гэта здаецца абсурдам ці нейкай дурнотай рэжыму. Але на справе – рэжым не “дурны”, зьнішчэньне беларускай нацыі адбываецца вельмі рацыянальна, тэхналягічна прадумана і пасьлядоўна, крок за крокам, прытым сплянаваны нават канец (завяршальны этап).

Праспэкт Скарыны быў перайменаваны, з пункту гледжаньня нішчыцеляў, тэхналягічна “правільна” – без тлумачэньняў. Скарына ня толькі відавочна і штодзённа ілюстраваў культурную эўрапейскую веліч беларусаў, але ўскосна паказваў на адсталасьць Масквы. Імя Скарыны пачынаюць мэтаскіравана звужаць ва ўжытку, выкрэсьліваць з памяці. Наступны этап – забарона штогодніх Скарынаўскіх чытаньняў ля помніка Скарыну ў Полацку (ізноў-жа, без тлумачэньняў). Чарговы факт – на Дзень беларускага пісьменства ў Камянцы не запрашаюць беларускіх пісьменьнікаў і г. д. Беларускую літаратуру, як важнейшы чыньнік нацыі, даўно і скіравана вынішчаюць, штучна ствараюць неспрыяльныя ўмовы для яе існаваньня, беларускія пісьменьнікі, па задуме пляніроўшчыкаў этнацыду, не павінны фігураваць у народзе, на віду, у грамадзтве.

Беларусы павінны зразумець, што ўсе гэтакія антыбеларускія факты ня ёсьць толькі хаатычным адлюстраваньнем пазыцыі ці вынікам антыбеларускай настроенасьці рэжыму. Гэта ёсьць праявы сыстэмнай разбуральнай працы па вынішчэньні нацыі, якая робіцца прадумана, плянава і пасьлядоўна.

З усіх камуністычных сатрапаў ніхто не зрабіў столькі шкоды беларускай нацыі як П. Машэраў. (Галоўныя яго злачынствы: ліквідацыя беларускай школы, нішчэньне беларускай мовы, русыфікацыя, меліарацыя, пачатак зьнішчэньня беларускай вёскі.) Рэжым Лукашэнкі працягвае гэтую разбуральную палітыку. Машэраў для Лукашэнкі павінен-бы стаць гэтак, як Андропаў для Пуціна. І тым ня менш, побач з Скарынам нішчыцца і памяць пра сатрапа. Абсурд. У чым-жа прычына, дзе лёгіка?

Лёгіка ў тым-жа – у акупацыйнай палітыцы зьнішчэньня народу. За часы Кебіча пра Машэрава быў створаны міт “чэснага камуніста”, які нібыта падняў Беларусь. Людзей пераконвалі, што Кебіч, рыхтуючыся на прэзыдэнта, бярэ, маўляў, з Машэрава прыклад і стане другім Машэравым. Прапаганда правалілася, а міт прыжыўся. Для савецкіх людзей у Беларусі, былых камуністаў і старэйшага пакаленьня, імя Машэрава стала чыньнікам мясцовай беларускай кансалідацыі зьлева, фактарам нацыянальнага яднаньня на ілюзіі, на міталягічным мінулым, якое супрацьставіцца цяпершчыне і Лукашэнку. Машэраў робіцца “пакутнікам” за лепшую долю Беларусі, якога нібыта забіла брэжнеўская Масква (што таксама вынік фантазіі). Па лёгіцы акупацыйнай палітыкі, міт пра Машэрава для Масквы шкодны, бо набывае нацыянальна-кансалідацыйныя рысы ў асяродзьдзі прамаскоўскай часткі беларускага грамадзтва. Тым больш непатрэбны ён папулісту Лукашэнку.

У гэтую-ж катэгорыю зьнішчэньня ўваходзіць нацыянальная памяць, сакральныя зьявы, месцы і аб’екты. Найбольш уражваюць спроба разбурыць Курапаты (пракладка аўтастрады праз пахаваньні, месца расстрэлаў і масавага генацыду), будаўніцтва гатэля ў Менску на месцы будынка тэатру, дзе ў 1852 годзе адбылася пастаноўка “Ідыліі” В. Дуніна-Марцінкевіча, і разбурэньне старога Менску (Верхні горад, Няміга). Гэтак працягваецца акупацыйная палітыка расейскіх цароў і камуністаў.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы