Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Зьмены Крымінальнага кадэксу Рэспублікі Беларусь

Рада БНР разглядае прыняцьце Палатаю прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь паправак да Крымінальнага Кодэксу як чарговы крок у легалізацыі тэрору, скіраванага супроць усякай палітычнай, рэлігійнай, грамадзкай ці культурнай ініцыятывы, калі такая ініцыятыва непадкантрольная афіцыйнай уладзе.

Крыміналізацыя грамадзянаў за гэтак званую “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” і за іхні ўдзел у грамадзкім жыцьці нішчыць права грамадзянаў на свабоду слова і свабоду асацыяцыі ды вяртае Беларусь у злачынную практыку часоў сталіншчыны. Папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі таксама груба супярэчаць Канстытуцыі Беларусі 1994 году і міжнародным забавязаньням, узятым на сябе Беларусьсю пры ўступленьні ў міжнародныя арганізацыі, як АБСЭ.

Рада БНР не прызнае права за нелегітымнымі органамі ўлады ў Беларусі прымаць любыя заканадаўчыя і выканаўчыя крокі, якія супярэчаць Канстытуцыі краіны 1994 году і скіраваныя супроць інтарэсаў незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Рада БНР таксама нагадвае, што любая спроба ўзурпацыі ўлады ў Беларусі, абмежаваньне правоў грамадзян і дзейнасьць, скіраваная на страту дзяржаўнай незалежнасьці, немінуча прывядуць да крымінальнай і маральнай адказнасьці цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.


РЭЗАЛЮЦЫЯ
25-й Сэсіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі


5 лістапада 2005 году, Нью Ёрк

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы ўнутраную й міжнародную палітычную сытуацыю ў дачыненьні да Беларусі, адзначае, што:

Пагроза для незалежнасьці Бацькаўшчыны, ня гледзечы на гераічныя высілкі беларускіх патрыётаў, застаецца рэальнаю. Масква актыўна рэалізуе стратэгію паглынаньня Беларусі. Два гады назад расейскі прэзыдэнт Пуцін прапанаваў, каб Беларусь наўпрост увайшла ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Хоць Крэмль пакінуў цяпер падобныя заявы сваім палітыкам ніжэйшага ўзроўню, аднак намеры падпісаньня так званага “Канстытуцыйнага Акту Саюзнай Дзяржавы” прымушаюць усе незалежніцкія сілы ў Беларусі й у замежжы, а таксама міжнародную супольнасьць, паставіцца да небясьпекі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі з усёй сур’ёзнасьцю.

Гэтыя засьцярогі знаходзяць падмацаваньне ў тых фактах, што:

- ад рэтарычных заяваў Крэмль перайшоў да паглыбленьня палітыкі пасьлядоўнага замацаваньня Беларусі ў сфэры свайго вайскова-прамысловага комплексу. Расея ўцягвае Беларусь у адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны пад сваім кантролем, скіраваную супраць краінаў Захаду. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца і ўмацоўваюцца расейскія вайсковыя базы;

- Беларусь уцягваецца ў так званую “адзіную” мытную і памежную сыстэму, праводзіцца “ўніфікацыя” беларускага заканадаўства адпаведна з расейскімі інтарэсамі. Пляны ліквідацыі беларускай нацыянальнай валюты і ўвядзеньня расейскага рубля не скасаваныя, і прынцыповая “слушнасьць” гэтага ня ставіцца пад пытаньне ані Крамлём, ані рэжымам, які пануе ў Беларусі;

- Крэмль пасьлядоўна блякуе спробы міжнароднай супольнасьці дамагчыся ад беларускага рэжыму крокаў у бок дэмакратызацыі, аднаўленьня прававых нормаў і ўмацаваньня незалежнасьці.

- Спрыяючы маскоўскім памкненьням, лукашэнкаўскі рэжым нішчыць у Беларусі ўсё беларускае. Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё пераведзеныя на расейскую мову, ліквідуюцца беларускамоўныя выданьні, нацыянальна арыентаваныя пісьменьнікі пазбаўленыя магчымасьці друкавацца ў дзяржаўных выдавецтвах. У шмат якіх населеных пунктах дзеці пазбаўленыя магчымасьці вучыцца па-беларуску, бо беларускамоўныя клясы ліквідаваныя. Русыфікацыя сёньня ў Беларусі праводзіцца гэтак інтэнсіўна ўпершыню пасьля правядзеньня зьнішчальнай палітыкі расейскага царызму ў 19-м стагодзьдзі.

У такіх умовах Рада БНР:

- Зьвяртае ўвагу кіраўніцтва эўрапейскіх інстытуцыяў, урадаў і парлямэнтараў эўрапейскіх краінаў, а таксама ЗША і Канады, да факту, што дасягненьне дэмакратыі ў Беларусі немагчыма без належнага забясьпечаньня нацыянальна-дзяржаўных правоў беларускага народу, зьберажэньня яго нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай культуры, найважнейшым фактарам якой ёсьць беларуская мова;

- Заяўляе, што ўсе двухбаковыя “інтэграцыйныя” пагадненьні, заключаныя ў мінулым або ў будучым паміж пануючай сёньня ў Беларусі антыдэмакратычнай і неканстытуцыйнай уладай ды Расейскай Фэдэрацыяй—пазбаўленыя легітымнасьці й праўнай сілы. Гэтаксама ўдзел дзейснага кіраўніка гэтай улады ў маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі—пазбаўлены канстытуцыйнай падставы;

- Зазначае, што ў такіх умовах падвышаецца роля дыяспары як захавальніка беларускай ідэі, ідэалаў нацыянальнай дзяржаўнасьці Акту 25 Сакавіка. Гэтую яе ролю, нажаль, дагэтуль ня цалкам усьведамляюць пэўныя сэгмэнты палітычнай супольнасьці ў Беларусі. Тымчасам яе добра разумее рэжым Лукашэнкі, які праз сваіх прадстаўнікоў імкнецца раскалоць беларускія арганізацыі ў замежжы. Гэтая сытуацыя накладае на беларускія арганізацыі замежжа надзвычайную палітычную і маральную адказнасьць.

Рада БНР застаецца легітымным выразьнікам сувэрэнных правоў беларускага народу, выяўленых у Акце 25 Сакавіка 1918 году, і пацьвярджае сваю рашучасьць бараніць Незалежнасьць Беларусі ўсімі магчымымі й даступнымі спосабамі.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы