Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Лісты ў рэдакцыю
Выдатная кніга аб выдатных беларусах

Валянціна ЯКІМОВІЧ

Мінула ўжо два гады, як зьявілася кніга Зянона Пазьняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”. Цяжка ўявіць, колькі працы давялося ўкласьці, каб з асобных “расказаў у нясьпешнай гаворцы” нарадзіўся гэткі твор.

Гэтая кніжка пра чалавека, якога мала ведаюць на Бацькаўшчыне, але на эміграцыі ведаюць ўсе, пра нашага ўсімі паважанага і любімага Старшыню Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антона Шукелойця, пра ягонае цікавае жыцьцё, поўнае незвычайных падзеяў і складанага змаганьня за незалежнасьць Беларусі, якое ён цалкам прысьвяціў Ёй адзінай.

Але разам з тым гэты твор аб супрацьстаяньні і гераізме цэлага беларускага пакаленьня, якое ў цяжкіх умовах змагалася супраць польскай, расейскай і нямецкай акупацыі, каб здабыць Волю і шчасьце свайму народу.

Мы, маладзейшыя, нічога ня ведалі пра тую даволі нядаўнюю пару палітычнага змаганьня, удзельнікаў і сьведкаў якога ўжо амаль не засталося.

А тут у кнізе З. Пазьняка з успамінаў відавочцы і ўдзельніка адкрыўся цэлы пласт невядомых нам раней падзеяў і людзей, якія паклалі свае жыцьці за нашую Волю і лепшую долю, каля трохсот імёнаў і, вядома-ж, гэта толькі часьцінка з тых, каго абылгалі й расстралялі ў Курапатах, саслалі ў Сібір, згнаілі ў турмах, Гулагу й выгналі ў эміграцыю, абвясьціўшы іх здраднікамі й ворагамі народу.

А. Варабей з узнагародаюПачатак 1940-га году. У вёсцы Гай былой Віленскай вобласьці, дзе насельніцтва ў асноўным складалася з старавераў, сакратар партыі, пры якім, як інспэктар школаў, прысутнічаў Антон Шукелойць, прапанаваў стварыць расейскую школу. Жыхары спыталі: “А якая гэта дзяржава?” Партыец сказаў, што “гэта ёсьць Беларусь, БССР.” –“Ну, як Беларусь – дык мы патрабуем беларускай школы.” – быў адказ старавераў.

Беларусы заўжды паважліва ставіліся да нацыянальных меншасьцяў на сваёй зямлі. І школы некалі ўтвараліся ў прапарцыйных суадносінах з нацыянальным складам насельніцтва. А расейскія бальшавікі, на чале з НКВД, рабілі ўсё, каб зьнішчыць нацыянальныя школы і насадзіць паўсюдна расейскія, каб русыфікаваць моладзь і тым зьнішчыць нацыю.

У кнізе выкладзеныя надзвычай цікавыя факты. У першы-ж год нямецкай акупацыі беларускія патрыёты, якія вельмі добра разумелі, што немцы ня ёсць прыяцеліямі Беларусі, пайшлі на адміністрацыйныя пасады, бо гэта было неабходна дзеля беларускай справы, дзеля будучыні краіны й народу. Інакш пасады занялі-б чужынцы з захаду - палякі ці з усходу - расейцы.

Беларуская адміністрацыя ў часы акупацыі складалася з патрыятычна настроеных і адукаваных людзей. Яны займаліся ўпарадкаваньнем жыльля, архіваў ЗАГСу, праблемамі экспанатаў Беларускага музэю, аднаўлялі цэрквы й касьцёлы, стваралі беларускія выдавецтвы й школы, ратавалі моладзь ад вывазу на працу ў Нямеччыну.

У кнізе зусім па-іншаму выяўляецца і паўстае перад намі постаць гаўляйтэра акругі Беларусь Вільгельма Кубэ. З успамінаў Антона Шукелойця, Кубэ меў пэўную сымпатыю да беларускага народу. Ён раскрываецца перад намі як цывільная асоба, інтэлігентны чалавек і пісьменьнік, які “адыйшоў ад генэральнай лініі фашызму “. Калі пачалі масава зьнішчаць жыдоў, Кубэ выклікаў да сябе шэфа СД і вельмі рэзка выказаў свае адмоўныя адносіны, сказаўшы, што “гэта ёсьць кампрамэтацыя народу, які вырасьціў Гётэ і Шылера і г. д.”

Таксама даведваемся, што ў 1941-м годзе тыя дзеячы, якія працавалі ў беларускай адміністрацыі, стварылі падпольную арганізацыю супраціву. А ў 1942 годзе ў падпольлі паўстала Беларуская Незалежніцкая Партыя, якая ставіла мэтаю незалежнасьць Беларусі.

Мы даведаліся, што пры Кубэ ў 1942-м годзе быў вялікі зьезд настаўнікаў і інспэктараў школаў. Уся адукацыя была пераведзеная на беларускую мову. Рыхтаваліся падручнікі.

Зразумела, немцы не прадугледжвалі агульнай адукацыі акупаванага насельніцтва, але ім былі патрэбныя адукаваныя прафэсыяналы. Таму створанае беларускай адміністрацыяй мноства сярэдніх агульнаадукацыйных школаў прыкрываліся прафэсыйнымі назовамі: “мэдычная”, “гандлёвая” і г. д. Удалося нават стварыць мэдычны інстытут і настаўніцкую школу. Гэтыя школы баранілі моладзь ад вывазу ў Нямеччыну.

З кнігі мы даведаліся, што Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ніколі не супрацоўнічала зь нямецкай фашыстоўскай адміністрацыяй і, што яна ня стала на заганныя пазыцыі “непрадрашэнства”.

Ня мае сэнсу пераказваць зьмест кнігі, якая выйшла накладам 1150 асобнікаў і ёсьць на інтэрнэце па адрасу: zianonpa niak.de/ Кніга пабудаваная ў форме пытаньняў і адказаў і чытаецца на адным дыханьні і ўспрымаецца як цэласнае апавяданьне, як нясьпешная гутарка двух аднадумцаў і ствараецца ільлюзія, што і мы, чытачы, знаходзімся побач зь імі, удзельнічаем у іхнай нетаропкай гаворцы. І дасягаецца гэта, на маю думку, прадуманымі й лягічна выстраенымі пытаньням аўтара, якія скіроўваюць гаворку ў пэўнае русла, не разьменьваючыся на дробязнае. Размаўляюць два разумныя чалавекі. Адзін – па-майстэрску ўмее “разгаварыць” свайго старэйшага сябру, выказваючы пры гэтым ўласныя глыбокія думкі і разважаньні, другі – шчыра апавядае пра падзеі, сьведкам і ўдзельнікам якіх яму давялося быць. Кніга праілюстраваная шматлікімі фатаздымкамі, шмат зь іх друкуюцца ўпершыню.

Кніга ня толькі пралівае сьвятло на падзеі тых гадоў, але й падказвае, што нашую шчасьлівую долю цяпер павінны вырашаць і будаваць не чужыя “добрыя дзядзькі” з Нямеччыны, Польшчы, ЗША, а мы самыя, бо чужынцы зацікаўлены ў сваёй карысьці, а не ў нашым дабрабыце.

Хочацца падзякаваць за зьяўленьне гэтай кнігі ў сьвет, за сьветлы розум, памяць і самаахвярнае жыцьцё на карысьць Беларусі й нашаму народу Антону Шукелойцю і Зянону Пазьняку.


Ірына ВАРАБЕЙ

Прайшоў год ад таго часу, як у нашую сямью прыйшло гора, калі майму сыну Антону паставілі дыягназ: рак лімфатычнай сыстэмы, і перавярнуўся сьвет, і зямля пайшла з-пад ног...

Прайшоў год, і цяпер, аглянуўшыся, можна асэнсаваць, які гэта быў іспыт для нас усіх: і для Антона, і для мяне, для нашых сяброў і атачэньня, усёй нашай суполкі. Год мы правялі ў атачэньні ўвагі, малітваў, дапамогі й пытаньняў пры кожнай сустрэчы: “Як там Антось?” – сябры блізкія й дальнія, знаёмыя й незнаёмыя шчыра дапамагалі нам і маральна, і матар’яльна. Справа ў тым, што падчас хваробы Антона перад нашай сямьёю паўстала яшчэ адная праблема: па стану здароў’я я таксама не магу працаваць, і Антон быў адзіным кармільцам у сям’і. Мы апынуліся тады ў тупіку.

На дапамогу прыйшла нашая суполка: Рада парафіі Сьв. К. Тураўскага ў Таронта, а менавіта Марыя Ганько, потым далучылася й Управа ЗБК – так зьявіўся ліст з просьбаю аб дапамозе нашай сям’і ў газэце “Беларус”.

Мы дзякуем усім, хто адгукнуўся, хто дапамагаў, хто суперажываў і маліўся за Антося!

Дзякуючы Богу, канадыйскай мэдыцыне і вашым малітвам, Антон ачуняў і пераадолеў хваробу.

Антон ужо 5 месяцаў, як поўнасьцю здаровы. У добрым фізычным стане і настроі. Усім падаецца, што ён нават яшчэ падрос (рост у яго 1.90... мо й падрос – ня мерылі...). Даўно ўжо да яго вярнуліся і валасы, і жыцьцярадасны бляск у вачох. Зараз ён у Гуэльфе – навучаецца ляндшафтнай архітэктуры ў тамашнім унівэрсытэце. Збылася ягоная мара: з гэтаю мэтаю – вывучаць ляндшафтную архітэктуру – мы й ехалі ў Канаду.

Адна з картынаў АнтонаДзякуем і тым, хто замінаў. Бо па духоўных законах, тыя недабразычліўцы й праблемы, што напачатку падаюцца нам перашкодамі, урэшце аказваюца тымі выступамі ў скалах, на якія ставяць нагу, каб падымацца вышэй.

Такім-жа выступам у скале сталася для Антона і сама хвароба. Можна было цюкнуцца аб яе галавою і паляцець уніз, але Антось выбраў наступіць на яе. Думаю, адным з галоўных фактараў, дзякуючы якому ўдалося перамагчы хваробу так хутка, зьявіўся сам Антосеў характар. Такая ягоная адметная рыса, як – на мой матчын пагляд – упартасьць. Ён заўсёды быў упартым. Колькі я на гэта наракала, потым махнула рукою: зрэшты, гэта ў нас сямейна-спадчыннае, нават нацыянальнае.

Ледзь-ледзь падняўшы галаву ад прыбіўшага да зямлі шоку, Антон ціха, але безапэляцыйна заявіў: “Я свайго ладу жыцьця не зьмяню і спорту ня кіну. Спорт – маё жыцьцё. Я ўсё роўна буду ганяцца – няхай нават гэта будуць мае апошнія рэйсы.” ...Колькі мне казалі: “Не дазваляй яму пераўтамляцца”. Ат, людцы, што-ж я зь ім зраблю...

Прайшоў год.

І вось 21 кастрычніка сёлета адбылося ўручэньне Антону Nigel Williams Award 2005 “За пэрсанальую сілу й мужнасьць”, якой узнагародзіў яго Toronto District School Board. Вось што напісана ў намінацыйным рэфэрэнсе ўзнагароды:

“Захоплены жыцьцём Школы мастацтваў Этобіка, жаданьнем рэалізаваць сябе ў мастацтве, трымаць высокі ўзровень у традыцыйных навуках школьнай праграмы і, уцягнуты ў грамадзкае й спартовае жыцьцё школы, Антон Варабей з посьпехам упраўляўся ва ўсіх трох дзялянках апошнія тры гады. Тымчасам летась, у выпускны год у Школе мастацтваў Этобіка, у Антона дыягназавалі форму рака, якая паставіла пад пагрозу ягонае здароўе, вучобу, спартовае і грамадзкае жыцьцё...

...Антон, тымчасам, не дазволіў сваім частым наведваньням на хіміятэрапію і радыяцыю зашкодзіць ягонай любові да школы, да мастацтва й спорту, выпрацаваўшы надзвычай пазытыўны пагляд на жыцьцё.

Ён выйграў тры мэдалі ў лёгкай атлетыцы ў спаборніцтвах студэнтаў Таронта і атрымаў тытул Лепшага спартоўца Школы, зрабіўшы найбольшы ўнёсак у бэйсбольную, баскетбольную й футбольную каманды. Пры гэтым ён знаходзіў час займацца сваім улюбёным горным роварам і ўвайшоў у дзесятку лепшых роварнікаў у сёлетнім Кубку Антарыё сярод студэнтаў. Ягоны неацэнны ўнёсак у мастацкае таварыства Школы прызнаны сакурсьнікамі й настаўнікамі, якія аддаюць пашану ягоным мастацкім творам. Настаўнікі заўсёды знаходзілі час, каб дапамагчы гэтаму няўрымсьліваму юнаку асягнуць патрэбных адзнакаў у вучобе, і ўрэшце Антон быў прыняты ва Ўнівэрсытэт Гуэлфа на курс ляндшафтнай архітэктуры.

Антосева цьвёрдая воля й моцны дух дазволілі яму праявіць вялікую сілу ў пераадоленьні хваробы і зьвязаным зь ёю эмацыйным разладам.

Без сумневу, Антонава сямейнае жыцьцё, сьціпласьць, настойлівая праца, нязломны дух, непахіснасьць і дасьпеласьць у барацьбе з такою спусташальнаю хваробаю ў такім юным веку ёсьць натхняльным прыкладам для іншых юнакоў, хто сутыкаецца зь цяжкасьцямі.”

Са сьлязамі на вачох... Я ганаруся табою, сын!

Нізкі паклон вам, людзі, хто дапамагаў і маліўся за нас!


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы