| | | | Але былі случчакі(бачынка зь дзёньніка)Ірына ВАРАБЕЙ У кожнай нацыі ёсьць свае легендарныя героі. Кожная нацыя беражэ ў сваёй памяці імены людзей, якія некалі былі жывымі, звычайнымі людзьмі, жылі сярод жывых, але так выбіраў час і абставіны, што прымушаў іх зрабіць свой жыцьцёвы выбар. Людзей, якія вызначыліся сярод сучасьнікаў і суайчыньнікаў надзвычайнымі якасьцямі: адвагаю, вернасьцю, ахвярнасьцю. Тых, сваіх надзвычайных і ахвярных, нацыя памятае ў вяках, пяе ім хвалу, складае легенды, каб ганарыцца імі перад іншымі народамі.
Ці-ж беларусы вызначаюцца сярод народаў свёй рахманасьцю, абыякавасьцю, сваёй “хатай з краю” – а таму і адсутнасьцю мужных, ахвярных людзей?
...Некаму-ж вельмі гэтага хочацца: унушыць усяму сьвету – а больш за ўсё самім беларусам – што ня варты гэты народ сваіх герояў, дый герояў сярод іх няма й быць ня можа...
Але... Былі-ж случакі.
Былі звычайныя сяляне. Тыя, хто, як і іхныя продкі зь веку ў век, аралі зямлю, будавалі хаты, садзілі дрэвы, гадавалі дзяцей. І ў кожнага хата была з краю. Бо кожны хацеў спакойна жыць, працаваць і радавацца сваім дзеткам.
А потым быў Слуцкі Чын.
Тыя самыя сяляне, якім хацалася ў крайняй хаце проста жыць і гадаваць дзяцей, раптам пабралі стрэльбы й пайшлі адхіляць бяду ад сваіх хат, у якіх іхныя дзеці маглі-б спакойна жыць і гадаваць сваіх дзяцей.
Так, мы не захоўваем у памяці іхных імёнаў – імёнаў тых, хто вылучыўся сярод народу сваёй мужнасьцю й ахвярнасьцю, бо іх былі – тысячы. Іх быў – народ.
Яны не былі ўпэўненыя, што перамогуць. Больш за тое: напэўна ведалі, што ня стане сілаў адхіліць навалу. Але сядзець у хаце не змаглі.
Жонкі, сёстры, дочкі пашылі ім у шлях сьцягі й вышылі на іх запаветныя словы: “ТЫМ, ХТО ПАЙШОЎ ПАМІРАЦЬ, КАБ ЖЫЛА БАЦЬКАЎШЧЫНА”.
Ведаючы, што не перамогуць фізічна, яны пайшлі паміраць, каб ніхто ў будучыні ня змог сказаць, што беларусы абыякавыя, нясьмелыя, незгуртаваныя, нерашучыя, неахвярныя...
Досыць!
Некаму-ж вельмі гэтага хочацца.
Каму?
Ці не таму самаму, хто гэтую навалу нам і ўсьцягнуў на карак....
Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
| | Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005 Хостынг — 1and1 Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы |
| | |