Рассылка

Апытаньне



 
№570 ВЕСТКІ Маладзёвая бачынаАб’явыПрэмія ЮхнаўцаКрама
Сэрцам зь Беларусяй

Вольга ІПАТАВА

16 лістапада 2005 году ганароваму сябру Саюза беларускіх пісьменьнікаў, заснавальніку Згуртаваньня Беларусаў Канады Кастусю Акулу споўнілася 80 гадоў. Рэдакцыя газэты “Беларус” шчыра віншуе юбіляра і зычыць яму новых твораў і добрага здароўя.


Лета ў Тароньце звычайна доўжыцца ажно да лістапада, таму сонечныя верасьнёўскія дні, з рудым лісьцем на вуліцы, з шапаценьнем кашлатых платанаў над галавою і лёгкаю ранішняю смугою над ракою Донам выглядаюць зусім летнімі. Мы зь пісьменьніцай Ірынай Варабей ідзём з самога прыпынку гулкага і чыстага трамвайчыка ўглуб па вуліцы Рывэрдэйл да невялікага дамка, дзе жыве Кастусь Акула.

Гаспадар ужо на вуліцы, ён вядзе нас праз дом у садок – там высьпелі пасаджаныя вясною маліны.

Пунсовыя маліны буйныя, салодкія і без чарвякоў, галіны схіляюцца пад іхным цяжарам. Набраўшы поўную місу, сядаем за драўляны столік, які атуляе ад сонца яліна, і на якім варушацца жывыя сонечныя карункі.

І – пайшла гаворка! Пра сучасную беларускую літаратуру, пра вобразнасьць і крытычнасьць, пра лёс народу і ягоны заняпад... Сонца даўно перасунулася з-за яліны, яно цікуе ўжо з-за суседзкай засені, шэра-дымныя вавёркі ганяюцца адна за адною па лужку, вяргіньні ля ганку млява хіляцца долу. Канадыйскае неба чыстае і трохі выцьвіла-сіняе, мы пачынаем чытаць вершы і, не гаворачы пра тое адзін аднаму, напаўніцу адчуваем вечную слодыч жыцьця і вольнай думкі...

Дзякую Лёсу за радасьць гэтага знаёмства, за магчымасьць час ад часу сустракацца з Кастусём Акулам у ягонай хаце, у беларускай царкве Сьв. К. Тураўскага.

Лёс любіць рабіць нечаканыя зігзагі, зьвязвае ў адно падзеі, пра якія іхныя ўдзельнікі часам не здагадваюцца. У нас са сп. Акулам аказаўся адзін агульны даўні знаёмы – нажаль, ён рана пайшоў з жыцьця.

Некалі даўні знаёмец Барыс Крэпак таямніча прывёў у маю менскую кватэру дацэнта з Кастрамы з італійскім прозьвішчам Гвідоні. Цэлы вечар мы слухалі ягоныя аповяды, якія маглі-б стаць сюжэтам для прыгодніцкага фільму: вальнадумец і савецкі дысыдэнт Аляксандар Гвідоні, нашчадак славутага італійскага роду, патрабаваў ад савецкіх уладаў магчымасьці зьяднацца зь сям’ёю.

Гісторыя ягонага каханьня да Галіны Румянцавай, выдатніцы й камсамолкі, якая зь цягам часу “перайшла на пазыцыі мужа” і разам зь ім распрацавала плян уцёкаў з СССР, запомніўся мне ўва ўсіх падрабязнасьцях: і як яна, завуч Палаца піянэраў, па турыстычнай пуцёўцы паехала ў Італію (Аляксандар быў невыяздны), там папрасіла палітычнага прытулку, і як улады пад пагрозаю звальненьня з працы патрабавалі ад яго вяртаньня жонкі і, здагадаўшыся аб змове, сачылі за кожным крокам так, як умеў гэта рабіць савецкі КГБ... Пасьля ўжо я даведалася, што яму пад ціскам міжнароднай супольнасьці нарэшце дазволілі выехаць разам з двума дзеткамі ці то ў ЗША, ці то ў Італію.

Аказалася, ён жыў у Таронта і стаў добрым сябрам Кастуся Акулы. Падараваную ім кнігу “Солнце идёт с Запада” я чытала праз 25 гадоў пасьля ейнага выданьня і наноў перажывала разам з гэтым цудоўным чалавекам ягонае жыцьцё і выпрабаваньні. Гэта быў голас як з майго мінулага, як з тае вечнасьці, куды так зарана пайшоў былы кастрамскі дысыдэнт, і я дасюль спадзяюся, што сп. Акула яшчэ напіша пра свайго сябра ўспаміны, якімі ён шчодра дзяліўся падчас нашых сустрэчаў.

Яму ёсьць што ўзгадаць і пра што яшчэ напісаць.

Іранічна-насьмешлівы і вясёла-гаваркі, рухавы і ўсё яшчэ магутны Кастусь Акула, уроджаны Аляксандар Качан, сёньня самы яркі пісьменьнік беларускага замежжа і выдатны грамадзкі дзеяч Канады.

Але Ўсявышні, даючы пісьменьніку талент увекавечыць у Слове імкліва-няспынную плынь жыцьця, узамен сыпле свайму абраньніку поўныя прыгаршчы выпрабаваньняў.

Страта Радзімы на самым пачатку юнацтва, чужая зямля, якую абжываў у поце і няспыннай працы, у горычы стратаў і пошукаў, творчы імпульс, які магутна прабіўся і запатрабаваў усяе душы і сэрца – усё гэта ў выніку стварыла Пісьменьніка.

Унікальнасьць ягоная найперш у тым, што ўсе творы К. Акулы жывяцца сілаю роднай зямлі – далёкай і вабнай, забранай і панявечанай. Што ўсе вобразы – адтуль, зь мясьцінаў Глыбоччыны, Меншчыны і дарог, па якіх з болем і неўтаймоўнай надзеяй неўзабаве ўсё-ж вярнуцца сыходзіў на Захад, у іншы сьвет і іншую долю, малады сьвядомы беларус.

Ён рана адчуў, што беларус, і што за гэта трэба змагацца.

“У нашай вёсцы было шмат дзяцей. Але з настаўніцай, якую прыслалі аднекуль з-пад Сандонежу, напачатку не пашанцавала. Яе мы называлі “ведзьмай”. Думаю, што яна асабліва не любіла мяне, бо я ўжо з чацьвёртай клясы пытаўся, чаму гэта ва ўсёй гісторыі адныя палякі? Як называлася раней, яшчэ да перайменаваньня яе ў Саславіны (у гонар нейкага расейскага генэрала) нашая Круляўшчызна? І многае іншае, на што яна не хацела і не магла даць адказу. Нам было забаронена, нават між урокамі, гаварыць па-беларуску. Затое пятую клясу я скончыў з выдатнымі адзнакамі па ўсіх прадметах (апроч спорту). Які там спорт, калі я ўжо вазіў гной і дапамамоў бацьку па гаспадарцы?” (З інтэрвію 20.03.03 г.)

І праз шмат гадоў, спаткаўшыся зь земляком, ягоны герой Сымон Спарыш з рамана “Змагарныя дарогі” (у якім выразна бачыцца сам аўтар) сутыкаецца ўсё з тымі-ж пагардлівымі адносінамі да беларускай ідэі:

“ – І разумна рабілі, што да палякаў ішлі. А што вы там нейкую Беларусь выдумалі... – плёў далей Красоўскі, - калі яна была тая Беларусь? Га?

- Як гэта Вы гаворыце, выдумалі? – узлаваўся Сымон. – А хто Вы, не беларус?

- Я ніколі хамам ня быў, - адрэзаў той.

- Ах ты сукін сын! – грымнуў Сымон і ледзь ня кінуўся на паліцая.”

Пакаленьне Кастуся Акулы, народжанае ў 1920-я гады, паспытала ўсе трагічныя мітрэнгі ХХ-га стагодзьдзя, якія крывавым пажарам абрушыліся найбольш на Беларусь.

На радзіме ён пабачыў паланізацыю, пасьля ня менш жорсткую русыфікацыю, а таксама сапраўднае аблічча чырвонай камуністычнай заразы, якая, як пошасьць, апанавала родную зямлю і зьнішчала адвечна-сялянскае, роднае, што было запавешчана ад прадзедаў. З гэтага ўнікальнага вопыту нарадзілася трылёгія “Гараватка” (1965-1981 г. г.), якую можна паставіць у адзін шэраг з такім клясычным творам, як мележаўскія “Людзі на балоце”, з той агаворкаю, што Іван Мележ мусіў пісаць у рэчышчы савецкага рэалізму, у той час як Кастусь Акула ня быў абмежаваны гэтымі жорсткімі рамкамі і змог напоўніцу сказаць тую жорсткую праўду аб ахвярах і гвалце з народу, якую Мележ недагаворваў, і якая была наступствам камуністычнага таталітарызму з аднаго боку і захопніцкай расейскай палітыкі, што, зьнішчаючы мову, зьнішчала народную душу.

Напісаная яркаю, сакавітаю народнаю моваю, трылёгія ўзнаўляе час перад Другою сусьветнаю вайною, затым, пасьля яе – стварэньне калгасаў і цэментаваньня савецкай сыстэмы ў Беларусі й, у прыватнасьці, на Глыбоччыне. Але адначасна паказвае яна і супрціўленьне нялюдзкасьці праз вобразы простых людзей, уздымаючы іх да трагедыйнай велічы Быцьця.

Ужо ў першай кнізе трылёгіі “Дзярлівая птушка” (Таронта, 1965 г.) па-мастацку дакладна перадае пісьменьнік рэаліі жыцьця беларускай вёскі пад польскаю ўладаю: вось падлетак Янук Бахмач шчыра радуецца мізэрнаму заробку, які яму выдаюць як пастуху – жыцьцё ягонае толькі пачынаецца, маладая пругкая сіла бяжыць па жылах і дае адчуваньне радасьці навакольнага. Але непасільная праца згінае бацьку. За кошык малінаў у панскім лесе забіваюць ягоную матку. За тое, што сям’я ня можа неадкладна заплаціць мясцоваму сьвятару два пуды жыта, той адмаўляецца ладзіць царкоўныя паховіны па нябожчыцы. У самы горкі для падлетка час, калі ён, як пакліканы старым дубам-вешчуном, прыйшоў на ўзвышша, што называлася Гараваткаю, яму сустрэўся там дзед Якуб. І нібыта сама Гісторыя гаварыла голасам Якуба. Чаму і як сталася, што беларусу на ягонай зямлі жыць не даюць, і што волю трэба здабываць – гэта хлопец пачуў упершыню, і вочы ягоныя нібы расплюшчыліся.

У другой частцы трылёгіі “Закрываўленае сонца” (1974 г.) Янук Бахмач расьце і набірае сілы. Ён ведае – здабыць волю нельга без асьветы і бяз яснага разуменьня Будучыні, а да яе трэбы быць падрыхтаваным. Захопленая Польшаю Заходняя Беларусь адыйшла да СССР. Новая бязьлітасная сіла прыйшла з Усходу, ад яе дзеяньняў “панавалі немач і роспач. Сьціскаліся злосна зубы, бездапаможна ў малітвах да Бога сьціскаліся далоні. Блудзіў сялянскі зрок па пагвалчаных нівах, і млелі ногі ў чэргах перад дзяржаўнымі крамамі. Чужнік – рукамі “ваінствуюшчых бязбожнікаў” зачыніў сьвятыні, скідаў зь вежаў крыжы. Разбураліся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? – Ніхай хоць чорт прыходзіць, абы пірамена, абы лепі было жыць, - гаварылі ў роспачы людзі.”

У трэцяй частцы трылёгіі, якая назывецца “Беларусы, вас чакае зямля” (1981 г.) пісьменьнік паказвае рэаліі Другой сусьветнай вайны, калі ў Беларусь прыйшлі немцы. Зьвярыны твар фашызму, карныя апэрацыі супраць мірнага насельніцтва пісьменьнік малюе бязьлітасна і дакладна. Але разам з тым ён на поўны голас гаворыць аб патрыётах, аб той частцы беларускай інтэлігенцыі, якая ў гэты жудасны час змагла адкрыць па ўсёй Беларусі нацыянальныя школы, аднавіла набажэнствы ў храмах, дала дзецям праўдзівую гісторыю, якую замоўчвалі стагодзьдзямі.

Гэтая праўда аб вайне, яе, так-бы мовіць, адваротны бок усё яшчэ па-сапраўднаму не дасьледаваныя. Нядаўна афіцыйна адноўленая “лінія Сталіна”, але толькі высілкамі энтузіястаў аднаўляецца, ды і то па драбінках, гераічная, мужная праца беларускіх асьветнікаў-настаўнікаў, сьвятароў, ваяроў часоў вайны. Амаль невядомая праца беларускіх мэдыкаў, якія ў 1943-м годзе стварылі першы ў Беларусі сапраўды нацыянальны мэдыцынскі інстытут.

Кастусь Акула заканчвае раманную трылёгію двума сымболямі: калі героі прымаюць рашэньне, што ім рабіць далей, “сонца чырвонай куляй садзілася за хрыбет лапавіцкага бору”, а яны – Янук і ягоная жонка Дуня – “селі пры стале й схілілі перад іконамі галовы”, разьвітваючыся з радзімай і просячы дапамогі ва Ўсявышняга. Гэтыя сымболі зьведзеныя ў адное не выпадкова, бо “з усходу даляцеў гул артылерыйскай кананады. На зруйнаваную і аголеную зямлю адтуль паўзла шматгаловая хімера.”

“Чырвоная куля” прайшла праз сэрца беларуса, які змушаны быў пакінуць сваю любую зямлю, якая чакала свабоднага сейбіта і будаўніка, а дачакалася новых рэпрэсіяў і новай няволі.

Далейшы лёс аўтара і ягонага героя працягваліся на зямлі Канады. Кастусь Акула, добра разабраўшыся ў сутнасьці камунізму, з усяе моцы змагаўся з “чырвонай пошасьцю”, якая пэўным часам знайшла сабе добрую глебу на ягонай новай радзіме. І нездарма ў кастрычніку 1967-га году, у дзень Савецкага Саюзу на сусьветнай выставе ЭКСПО-67, адбыўся эпізод, пра які пісалі многія газэты. У той час, калі тысячы людзей сачылі за тым, як першы намесьнік Касыгіна Палянскі аглядае ганаровую варту, з боку прэсы раздаўся гучны вокліч “Няхай жыве незалежная Беларусь!”, і зьверху паляцелі сотні брашураў. Гэта зрабіў Кастусь Акула, які ад імя беларусаў Канады пратэставаў супраць залежнасьці й дэнацыяналізацыі роднае краіны.

У гэты час ён ужо быў прызнаным пісьменьнікам, які друкаваўся ў многіх выданьнях, у тым ліку ў “Современнике”, дзе ў палеміцы з расейскімі шавіністамі, часамі вельмі вострай, даводзіў праўду аб слаўнай гісторыі свайго народу і аб адметнасьці ягонай мовы й культуры. Пісаў ён ня толькі на беларускай, расейскай, але і на ангельскай мове, і ягоны раман “Tomorrow is Yesterday” (Заўтра – гэта ўчора) стаў, паводле канадыйскай прэсы, бэстсэллерам 1968-га году. Спадзяюся, неўзабаве ён прыйдзе ў Беларусь на беларускай мове (прынамсі, першыя глаўкі раману перасылае мне па электроннай пошце нястомная Ірына Варабей, пісьменьніца і перакладчыца).

І сягоньня творы Кастуся Акулы, асабліва “Змагарныя дарогі” і трылёгія “Гараватка”, чытаюцца зь цікавасьцю і як-бы на адным дыханьні. Магутная энэргетыка аўтара, ягонае валоданьне жывым, трапным словам, ягоны гумар і трагедыйнасьць, іронія і ўзьнёсласьць, патрыятызм і патас сплятаюцца ў адно жывое, трапяткое пачуцьцё, якое нікога не пакідае абыякавым.

Важнай вяхой у грамадзкім і пісьменьніцкім жыцьці Кастуся Акулы было шматгадовае выданьне часапісу беларускіх вэтэранаў “Зважай!”. Яго і сёньня цікава чытаць і перачытваць: мноства зьвестак па гісторыі беларускай вайсковай справы, своеасаблівы летапіс духоўнага супраціву людзей, якіх лёс закінуў на далёкія берагі амэрыканскага кантынэнту, аналітычныя матар’ялы, водгукі на падзеі беларускага жыцьця за мяжою – усё гэта стварае калярытную карціну.

У верасьнёўскім нумары часапісу за 1988-ы год ёсьць падрабязнае апісаньне значнай культурнай і палітычнай падзеі – адкрыцьця на Ракавіцкіх могілках у Кракаве помніка Алесю Гаруну і фотакартка гэтага прыгожага, з чырвонага граніту, збудаваньня. Ініцыятарам усёй гэтай справы быў К. Акула – зь ягонага артыкулу пра занядбаную магілу песьняра, зьмешчанага ў часапісе яшчэ ў лістападзе 1985-га году, пачалося зьбіраньне сродкаў Камітэтам сувязі беларускіх вэтэранаў на чужыне. Значную суму ахвяраваў менавіта ён, нястомны ініцыятар мноства розных цікавых справаў, што рабіла Згуртаваньне Беларусаў Канады. Дарэчы, самую гэтую арганізацыю К. Акула і стварыў у 1948-м годзе, знайшоўшы і сабраўшы некалькіх аднадумцаў-беларусаў. А заснаваньне і выданьне газэты “Беларускі эмігрант”, гарачыя спрэчкі і барацьба, якая разгарнулася вакол яе ў 1950-я гады!

Усё гэта толькі пункціры ягонай вялізарнай грамадзкай, асьветніцкай, культурніцкай, але перад усім мастацкай дзейнасьці.

Адыходзяць падзеі, якія некалі здаваліся самымі важнымі, імжа часу засьцілае твары і асобаў – але жывое, гарачае пачуцьцё любові, якое ўкладаецца ў мастацкі твор, застаецца жыць у дзесяцігодзьдзях і, залежна ад таленту, у стагодзьдзях ці ў Вечнасьці.

Пісьменьнік уваходзіць у сваё 80-годзьдзе. Лёс абыйшоўся зь ім літасьціва: ён урэшце рэшт увайшоў у кантэкст беларускай літаратуры, заняў у ёй сваё адметнае месца, стаў ганаровым сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Няхай літаратура нашая перажывае зараз ня самыя лепшыя часы, аднак перавыданьне ў 1994-м годзе ягоных “Змагарных дарогаў”, якія сталіся бэстсэлерам, цяперашняе перавыданьне іх да ягонага юбілею паказалі маштаб ягонага пісьменьніцкага таленту. Праўда, ня ў поўным аб’ёме: ёсьць вершы, эсэ, эпіграмы, нарысы, публіцыстыка, ёсьць раман “За волю” і кніга “Ўсякая ўсячына”, дзе зьмешчаная камэдыя “Тараканы ў саладусе”. Усё гэта друкавалася толькі ў Канадзе, а мусіла-б прыйсьці нарэшце і ў Беларусь ня ў выглядзе адзінкавых асобнікаў, а выдацца тут як поўны збор твораў.

...Я перачытала далёка ня ўсё, што друкаваў некалі гэты слынны пісьменьнік. Патрэбна грунтоўная дасьледчыцкая праца і з архівамі, і з часапісамі, і з газэтамі. Няма, па сутнасьці, аналізу дзейнасьці К. Акулы як выдаўца і заснавальніка газэты “Беларускі эмігрант” і часапіса “Зважай!” Па шматлікіх архівах раскіданыя ягоныя лісты да калегаў і дзеячоў Канады й ЗША. Копіяў, зразумела, няма – якая там была тэхніка ў пасьляваенныя гады!

І зноў прыходзіш да высновы – калі-б у нас быў Музэй эміграцыі, дзе зьбіраліся-б архівы дзеячоў культуры й літаратуры замежжа, і куды (гэта ці не галоўнае) ня страшна было-б аддаваць тыя архівы навучаным горкім вопытам забыцьця і гвалту нашым суродзічам! Дзе маглі-б працаваць дасьледчыкі, аднаўляючы ўсё зробленае нашай эміграцыяй.

А пакуль гэтага няма, будзем тут, у Беларусі, ствараць агульную прастору, дзе ёсьць нашая агульная любоў да Беларусі, нашае служэньне ёй, і дзе застануцца ўсе, хто змагаўся і пакутаваў, памятаў і спадзяваўся – у Ейнае імя. Хто аддаваў Ёй усяго сябе.

Як Кастусь Акула.


Нагадваем, што погляды і меркаваньні, выказаныя ў артыкулах, належаць выключна іх аўтарам, і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі.
Выдаецца БАЗА inc. © Biełarus, 1950-2011. Праґрамаваньне і дызайн — © mikhed.ru, 2005
Хостынг — 1and1
Перадрук дазваляецца толькі пры ўмове зазначэньня крыніцы